Крэўская ўнія (1385)

Mar 31, 2023 11:17


Сярод лёсавызначальных падзей, што паўплывалі на гісторыю беларускіх, літоўскіх і украінскіх зямель у часы сярэднявечча, адной з галоўных трэба прызнаць, без сумненняў, Крэўскую ўнію.



Крэўскі замак у ХІХ ст. Малюнак Н. Орды. Крыніца: http://www.pinakoteka.zascianek.pl/Orda/Images/Krewo.jpg

Пагадненне паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім (якое не займала ўсю тэрыторыю сучаснай Польшчы) было падпісана ў родавым замку вялікага князя Ягайлы, Крэве (сёння Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) 14 жніўня 1385 г.

Згодня з Крэўскай уніяй, якая фактычна была перадшлюбным абяцаннем, вялікі князь літоўскі Ягайла урачыста абяцаў прыняць каталіцызм, хрысціць у каталіцызм сваіх нехрышчаных падданых і ўзяць у жонкі спадчынніцу польскага прастола каралеву Ядвігу, што рабіла яго польскім каралём. Пры гэтым Ягайла заставаўся «найвышэйшым князем літоўскім», а фунцыі ягонага намесніка ў ВКЛ выконваў Скіргайла Альгердавіч (які, дарэчы, застаўся праваслаўным, у адрозненні ад Вітаўта і Свідрыгайлы Альгердавіча, прыняўшых каталіцтва).



Напачатку 1386 г. Ягайла хрысціўся ў Кракаве, пасля гэтага пабраўся шлюбам з Ядвігай і стаў польскім каралём пад імем Уладзіслава II. Тады ж прынялі каталіцкае хрышчэнне яго родныя і дваюрадныя браты (у тым ліку і Вітаўт). Праваслаўныя Альгердавічы прысягнулі Ягайлу як сюзерэну. Праз год адбылося масавае хрышчэнне літоўцаў, было заснавана Віленскае біскупства. Пачынаюць будавацца першыя касцёлы, напрыклад, лічыцца, што на месцы язычніцкага капішча ў цэнтры горада быў закладзены касцёл Святога Станіслава (які ўжо ў 1399 г. пацярпеў ад пажара); а на Дольнім замку быў закладзены касцёл Святой Ганны.



Ягайла на каранацыі (з кнігі A.Bumblauskas, Senosios Lietuvos istorija 1009 - 1795, крыніца: https://be.wikipedia.org/)

У 1387 г. Ягайлам быў выдадзены прывілей, які надаваў асобныя правы землеўласнікам каталіцкага веравызнання, якія не распаўсюджваліся на праваслаўную знаць. Паводле гэтага прывілея каталіцкая знаць, якая была пераважна балцкага паходжання, атрымлівала неабмежаваныя правы валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад шэрагу павіннасцей. Акрамя таго, прывілей 1387 г. дазваляў знаці свабодна выдаваць сваіх дачок і сваячак замуж; даваў права ўдовам валодаць маёнткам мужа да паўторнага выхаду замуж, пасля чаго зямля адыходзіла дзецям альбо родным мужа. Практычна землеўласнікам выконваўся толькі адзін абавязак, за які ён атрымліваў землю і займаў месца сярод баяраў-шляхты - ваенная служба, якая дапаўнялася ўтрыманнем і будаўніцтвам дзяржаўных абарончых збудаванняў.

Акрамя таго, як ужо адзначалася ў артыкуле пра Магдэбургскае права, тры гарады ВКЛ адразу атрымалі такое права на самакіраванне: Вільня ў 1387 г., Бярэсце ў 1390 і Гародня ў 1391 г. (няпоўнае). Гэта падвышала колькасць падаткаў з дадзеных гарадоў непасрэдна ў казну вялікага князя. Такім чынам Ягайла заручыўся падтрымкай купецтва дадзеных гарадоў (якое падтрымалівала яго падчас барацьбы з Кейстутам).

Такім чынам, Крэўская унія спрыяла ўключэнню ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай цывілізацыі, прычым гэта адбывалася вельмі хуткімі тэмпамі, Ягайла імкнуўся літаральна за некалькі год зрабіць землі гістарычнай Літвы (поўдзень сённяшняй Літоўскай дзяржавы і Заходнюю Беларусь) падобнай да Каралеўства Польскага.

Барацьба супраць Крэўскай уніі

Крэўская ўнія адбылася таму, што ў ёй былі зацікаўлены ўсе бакі. Ягайла імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу ў ВКЛ і атрымаць саюзніка ў барацьбе з крыжакамі. Балцкія нобілі хацелі мець уплыў на кіраўніка дзяржавы, як польскія шляхчіцы, і валодаць зямлёй на спадчынным праве, а таксама займаць дзяржаўныя пасады (што і атрымалі па прыняцці каталіцтва). У суседніх рускіх землях набіралі моц тэндэнцыі абсалютызма, плюс шчэ было мангола-татарскае іга, таму яднанне з Маскоўскім ці Цвярскім княствам не магло ніяк разглядацца. Польскім панам патрэбны быў саюзнік у барацьбе з крыжакамі і ўкраінскія землі, за якія ішло змаганне з часоў Гедыміна )))

Але праваслаўныя баяры былі не задаволены распаўсюджваннем каталіцтва, падвышэннем ролі літоўскім нобіляў, і фактычным аб'яднаннем з Каралеўствам Польскім. Гэтыя настроі выкарыстаў Вітаўт (якому не вярнулі Трокі, радавы замак, і ўвогуле, яму не падабалася вядучая роля ў дзяржаве Скіргайлы Альгердавіча. Вітаўт падняў няўдалае паўстанне ўзімку 1389/1390 года, у выніку зноў пачаў разам з крыжакамі ваяваць ВКЛ.  У 1391 годзе ён авалодаў Гародняй, у 1392 годзе захапіў Навагрудак, Мерач, зноў падыйшоў да Вільні. На яго бок перайшлі жамойты.

Ягайла зразумеў, што без кампрамісу вайну з Вітаўтам выйграць немагчыма. Пасля таемнага ліста ад Ягайлы Вітаўт спаліў замкі крыжакоў Нойгартэн і Матэнбург, паланіў нямецкіх рыцараў, што там былі, ды ўцёк у свае ўладанні. 5 жніўня 1392 года ў маёнтку Вострава каля Ліды дваюрадныя браты падпісалі дамову, згодна з якой уся ўлада ў Вялікім Княстве Літоўскім пажыццёва перадавался Вітаўту, які ўсё прынёс васальную прысягу на вернасць Ягайле і ягонай жонцы каралеве Ядвізе.

Уплыў Крэўскай уніі на гісторыю Беларусі

Менавіта дзякуючы Крэўскаму акту на землях Беларусі з'явіўся каталіцызм. Прычым ён не проста стаў адной з канфесій, але і дзякуючы прывілею 1387 г. стаў канфесіяй эліт. Таму калі вы едзеце па Беларусі і бачыце касцёл, асабліва гатычны  - памятайце, яны з'явіліся тут з-за таго, што пасля Крэўскай уніі нобілям было выгадна прымаць каталіцтва.

За каталіцызмам прыйшлі польскія святары. Каталіцкія нобілі жаніліся на польскіх шляхцянках. З першымі і з апошнямі ў асяроддзе эліт ВКЛ прыйшла польская мова, якая ўжо ў XVI ст. трывала замацавалася сярод арыстакратыі.

Крэўскі замак, Вітаўт, Магдэбургскае права, Крэўская унія

Previous post Next post
Up