Магдэбургскае права

Aug 17, 2022 13:28





Помнік войту ў Мінску (2014)

Пераарыентацыя Вялікага Княства Літоўскага ў канцы ХІV ст. на заходнееўрапейскую культуру праявілася і ў сферы кіраўніцтва гарадамі. Мяшчане дзяржаўных гарадоў часта цярпелі ад самавольства вялікакняскіх намеснікаў і імкнуліся мець сваю незалежную ўладу. Гаспадары дзяржавы таксама былі зацікаўленыя ў надзяленні гарадоў самастойнымі правамі, каб спрыяць іх гандлёва-рамеснаму развіццю і прывабіць туды новае насельніцтва. Магчымасці для стварэння ўласнага кіравання давала гораду магдэбургскае права, якое ўпершыню ўзнікла ў канцы XIII ст. у нямецкім горадзе Магдэбурзе, адкуль хутка пашырылася па Еўропе.

Што давала Магдэбургскае права гарадам

Найперш яно вызваляла жыхароў ад улады і суда ваяводаў, старастаў і іншых дзяржаўных асобаў. Мяшчане пазбаўляліся ад цяжкіх феадальных павіннасцяў, у тым ліку ад талок і «гвалтаў» (збораў на агульную працу), ад неабходнасці выстаўляць варту - «старожу» на замках. Цяпер гараджане ахоўвалі толькі муры і брамы самога места. Насельніцтва «вольных» гарадоў атрымлівала права гандляваць у дзяржаве без мытных падаткаў, збіраць прыбытак ад гарадскіх мераў вагаў і крамаў, будаваць грамадскія будынкі і нават бровары.

Абавязкі гарадоў з магдэбургскім правам зводзіліся да выплаты ў дзяржаўны скарб фіксаванага падатку, «чыншу карчомнага» і «сярэбрашчызны» (надзвычайнага падатку на ваенныя мэты).

Кіраўніцтва гарадоў з Магдэбургскім правам



Кіраўніцтва ў гарадах з Магдэбургскім правам ажыццяўляў выбарны магістрат, які складаўся з дзвюх «палатаў» - рады (займалася маёмаснымі і цывільнымі справамі мяшчанаў) і лавы  (разглядала крымінальныя злачынствы). Раду ўзначальвалі выбарныя бурмістры, а лаваю кіраваў прысланы вялікім князем або прызначаны ўладальнікам горада войт, часам яго выбіралі гараджане.

Трэба адзначыць, што беларускія гарады не кідалі сваіх адвечных традыцый і не пераймалі механічна заходнееўрапейскія нормы самакіравання. Так, апрача магістрата судовыя справы ў Слуцку, Слоніме ды некаторых іншых гарадах разбіраў яшчэ і традыцыйны копны суд. У Полацку, Воршы, Віцебску, Мсціславе і Крычаве ў магдэбургскія органы ўвайшла вядомая ад вечавых часоў пасада сотніка.

Для паседжанняў магістрата будаваліся адмысловыя будынкі - ратушы, якія разам з гербамі таксама былі своеасаблівымі сімваламі гарадской «вольнасці». У ратушы знаходзіліся канцылярыя, скарб і архіў, захоўваліся граматы з дадзенымі гораду прывілеямі. Магістрат збіраў падаткі, сачыў за правільнасцю мераў і вагаў на рынках, бараніў інтарэсы сваіх гандляроў і рамеснікаў, падтрымліваў у горадзе парадак.

Якія беларускія гарады атрымалі Магдэбургскае права?

Як бачым, жыць у горадзе, які меў прывілей на Магдэбургскае права, было значна лепш, чым у месцы, што належала феадалу ці дзяржаве. Аднак у канцы XIV - першай палове XVII стагоддзя вельмі невялікая колькасць беларускіх гарадоў атрымала ад вялікага князя прывілеі на самакіраванне.

Так, вялікі князь Ягайла выдаў тры падобныя прывілеі: у 1387 годзе для Вільні, у 1390 годзе для Бярэсця і ў 1391 годзе для Гародні (няпоўнае). У гэтых гарадаў было шмат замежных купцоў і рамеснікаў, якія не вельмі хацелі жыць у феадальным прыгнёце. Пры вялікім князе Вітаўце Магдэбургскае права атрымалі толькі Коўна і Трокі, і ажно ў 1441 годзе права на самакіраванне атрымаў нарэшце беларускі Слуцк.

Казімір Ягелончык не займаўся гэтым пытаннем, і да пытання самакіравання беларускіх гарадоў вярнуўся толькі Аляксандр Ягелончык - за 1496-1503 гг. Магдэбургскае права атрымалі Гародня, Высокае, Полацк, Мінск, Браслаў, Ваўкавыск і Камянец. У 1511 годзе права на самакіраванне атрымалі Навагрудак і Рэчыца, у 1531 годзе - Слонім. Да Люблінскай уніі паспеў атрымаць Магдэбургскае права Барысаў (1563 год), а яшчэ 18 гарадоў ВКЛ сталі вольнымі з 1569 па 1600 гады.

Гады надання прывілеяў на самакіраванне некаторым гарадам Беларусі дагэтыль не вядомыя (Бабруйск, Зельва, Давыд-Гарадок, Тураў, Клецк, Копысь і іншыя).

Граматы на Магдэбургскае права дзяржаўным гарадам выдавалі вялікія князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам - уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вялікія князі.



Помнік у гонар 500-годдзя атрымання Магдэбурскага права Навагрудкам (2011)

Магдэбургскае права, такім чынам, рабіла беларускія гарады выспамі адноснай вольнасці і эканамічнай свабоды ў вялікім моры феадальнай сельскагаспадарчай дзяржавы, якой было Вялікае Княства Літоўскае. Гараджане мусілі дбаць аб дабрабыце і багацці горада, каб хапала грошай на ўтрыманне магістрата, рамонт гарадскіх умацаванняў, а таксама думаць аб тым, каго яны абіраюць на пасаду бурмістра, сачыць, ці добра ён распараджаецца бюджэтам горада. Магдэбургскія гарады былі такімі невялікімі протадэмакратычнымі рэспублікамі. Аднак існаванне Магдэбургскага права на Беларусі спынілася пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі: у Магілёўскай губерні яно было скасавана ў лістападзе 1775 года, у Мінскай - у маі 1795 года, у заходняй Беларусі - у снежні 1795 года. На жыхароў беларускіх гарадоў зваліліся шматлікія дзяржаўныя павіннасці, у тым ліку жахлівы рэкруцкі збор, калі хлопцаў на 25 год забіралі ў войска.

Магдэбургскае права

Previous post Next post
Up