Мікола Гусоўскі

Aug 07, 2022 14:41





Памятная дошка на доме №65 па вуліцы М. Гусоўскага ў Мінску

Часы Вялікага Княства Літоўскага далі для жыхароў тэрыторый сучаснай Беларусі магчымасць вучыцца ў замежных універсітэтах, далучацца да заходняй культуры. Але пры гэтым яны ніколі не забываліся пра родны край, суайчыннікаў, родную мову, прыроду і гісторыю. Гэта можна сказаць не толькі пра Францыска Скарыну, але і пра ягонага сучасніка - Міколу Гусоўскага (каля 1480 - каля 1533).

Біяграфічныя звесткі

Вельмі мала захавалася інфармацыі пра паходжанне Міколы Гусоўскага, нават дакладнай даты нараджэння мы не ведаем. Беларускія даследчыкі лічаць, што нарадзіўся ён недзе на тэрыторыі Беларусі ў мясціне, што называлася Уса ці Усава ў сям'і паляўнічага. Але польскія даследчыкі лічаць, што нарадзіўся Мікола ў Гусаве, вёсцы ў лясістай мясцовасці Падкарпацкага ваяводства.



Беларускія даследчыкі гавораць, што юнак паехаў вучыцца ў Заходнюю Еўропу, а польскія - толькі аб тым, што ён прыняў сан святара каля 1518 года (але перад гэтым дзе вучыўся - невядома).



Паштовая марка Беларусі з выявай Міколы Гусоўскага

Гусоўскі рабіў кар'еру пры двары плоцкага біскупа Эразма Цёлка, разам з якім ён трапіў у складзе дэлегацыі да папы Льва Х у 1521 годзе (Цёлак хацещ стаць кардзіналам, а вялікі князь літоўскі Жыгімонт хацеў, каб ён разабраўся з пасагам каралевы Боны і адносінамі з Тэўтонскім Ордэнам і Масквой).  У апостальскай сталіцы Гусоўскі прабыў год, але 9 верасня 1522 года Цёлак памёр ад чумы, і Гусоўскі вярнуўся ў Польшчу, дзе асеў у Кракаве.

Літаратурная творчасць

У падарунак папе Льву Х плоцкі епіскап Эразм прыдумаў прывезці чучала зубра, якое замовіў у віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, а Гусоўскага абавязаў напісаць да яго прыгожую панегірычную паэму пра паляванне на гэтых незвычайных жывёл. Гусоўскі замову выканаў і назваў твор «Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго». Аднак папа памёр, не дачакаўшыся падарунка, і выдаць свой твор Гусоўскі змог толькі ў 1523 годзе ў Кракаве па фундацыі каралевы Боны, якой ён прысвяціў празаічную падзяку ў пачатку кнігі. Далей Гусоўскі напісаў яшчэ две панегірычныя паэмы: у гонар перамогі польскіх войск над туркамі ў 1524 годзе і пра жыццё святога Гіяцынта (1525).

Песня пра зубра

Радкі «Песні пра зубра» упэўнена даказваюць, што Мікола Гусоўскі паходзіў з сям'і вялікакняскага палясоўшчыка і паляўнічага недзе з ляснога краю Беларусі, размешчанага недалёка ад «...Дняпра паўнаводнага строму пераплываў я з канем у пагоні за зверам».

Седзячы ў шумным Рыме, сын палясоўшчыка Мікола Гусоўскі з галавой акунуўся ва ўласныя ўспаміны дзяцінства і маладосці. Таму з такім замілаваннем ён апісаў лясы («нашы лясы - наша скарбонка і свіран»), звяроў і паляванне на абшарах Вялікага Княства Літоўскага.

Гусоўскі піша і пра грамадскія звычаі ВКЛ: напрыклад, пакаранне абвінавачаных у вядзьмарстве. Іх звязвалі і тапілі ў рэчцы, прычым Гусоўскі зазначае, што бачыў такія прысуды не адзін раз.

Адукаванасць Гусоўскага -  ён прама гаворыць у паэме, што пісьменнасці ён вучыўся кірылічным алфавітам, то-бок, на старабеларускай ці царкоўнаславянскай мове і цытуе творы Плінія - дала магчымасць нам даведацца і пра тое, якім бачыўся нашчадкам вялікі князь Вітаўт. Яго не проста памяталі, яго ідэалізавалі.

Ён (Вітаўт - прым.), двуадзіны ў асобе вялікага князя -
Факельшчык войнаў са слабым, а з дужым анёл-міратворац
Ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны,
Перад нашэсцямі ворагаў з поўдня і ўсходу.

...
Быў літасцівы да тых уладарцаў, якіх ён
Ставіў на княства па выбару ўласным і нават
Грознай Ардзе мог прыцыкнуць: знай меру, татарын!
Як знакаміты багаццем і сілай Масковіі землі,
Усё ж і яны прымірэння прасілі з літвінам.

Такімі настроямі прасякнута паэма нездарма - на двары 1521 год, ужо больш за двадцаць год ВКЛ і Карону турбуюць татарскія загоны, пра разбурэнне ад набегаў якіх з вялікай боллю пісаў Гусоўскі:

Мы на пярэднім краі хрысціянства заставай
Орды варожыя грудзі на грудзі прымаем.
Кроўю сплываючы, мы абязлюдзелі ў бітвах,
Курыцы клюнуць няма дзе на целе ад ран незагойных.
Рэкамі кроў наша льецца, і гэтыя рэкі,
Хлынуўшы ўпоперак ордам татара-турэцкім,
Бег іх імклівы сцішаюць з усходу на захад.

Больш за тое, Гусоўскі ўспомніў і пра міжусобныя войны магнатаў, якія прыносяць вялікую шкоду дзяржаве і простым людзям і ў канцы паэмы прасіў абароны ў Панны Марыі для сваёй роднай зямлі і ад турак, і ад татар, і ад ваяўнічых вяльможаў.

Мы не ведаем, ці спадабалася паэма Боне, але татарскія набегі на землі Беларусі ў той перыяд паступова зменьшыліся. Спадзяемся, што Мікола Гусоўскі дажыў да бітвы на Альшаніцы 1527 года і шчыра парадаваўся, даведаўшыся пра перамогу Канстанціна Астрожскага над татарамі.

І сёння са старонак «Песні пра зубра» глядзіць на нас просты беларускі паляўнічы, любоў да Радзімы ў якім не забіла доўгае жыццё ў іншамоўным асяроддзі ў Плоцку. «Песня пра зубра» стала не адвольным расповядам пра незвычайных звяроў (як, магчыма, хацелі замоўцы), але вершаванай гісторыяй пра мінулае, побыт і праблемы Вялікага Княства Літоўскага.

У гонар Міколы Гусоўскага названа вуліца ў Мінску, ў 1996 годзе ягоная фантазійная (мы не ведаем, як ён выглядаў) выява з'явілася на паштовай марцы. «Песня пра зубра» перакладзеная на беларускую мову і неаднаразова выдадзеная, па ёй нават зняты ў 1982 годзе кінастудыяй Беларусфільм анімацыйны фільм на рускай мове. 

Мікола Гусоўскі

Previous post Next post
Up