Мірскі замак: жамчужына готыкі Вялікага Княства Літоўскага. Частка 1.

May 02, 2023 17:58





Сучасны выгляд Мірскага замка з заходняга боку. Крыніца: https://belarus24.by/



Самы вядомы замак Беларусі, аб'ект са Спісу сусветнай  культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, мае цікавую і пакручастую гісторыю. Лічыцца, што Мірскі замак з’яўляецца самым усходнім гатычным збудаваннем, а таксама самым вялікім і адзіным аб’ектам архітэктурнай спадчыны з захаваных нешматлікіх узораў беларускай готыкі, які не адносіцца да культавых пабудоў. Гісторыя стварэння такога велічнага аб'екта абарончай архітэктуры ў невялікім мястэчку на ўскрайку сённяшняй Гродзенскай вобласці здзіўляе навукоўцаў і дагэтуль.

Будаўніцтва Мірскага замка

У пачатку XVI ст. за мiрскiя землi 27 год спрачаліся  шляхцічы Літавор Храбтовіч і  Юры Ільініч. Шматлiкiя суды, нарэшце, скончыліся на карысць Ільініча, які перажыў свайго суперніка. Гэта адбылося не раней за 1522 год, калі, як мяркуюць, і пачалося будаўніцтва магутнага замка. Навошта ён быў Юрыю Ільінічу? Па-першае, для абароны ад татараў і сваіх жа суседзяў-шляхціцаў (дамовыя войны квітнелі ў ВКЛ, суперніка маглі проста забіць у сваім доме, калі апошні быў недасткова ўмацаваны). Па-другое, валоданне замкам давала магчымасць атрымаць тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі. Па-трэцяе, Юры Ільініч да 1522 года стаў багатым і ўплывовым магнатам і хацеў гэта прадэманстраваць навакольным.



Памятная манета "Мірскі замак" серыi "Архитэктурная спадчына Беларусі" (Беларусь, 2018)

У 1527 г. Мірскі замак упершыню згадваецца ў Літоўскай метрыцы. Магутнае абарончае збудаванне было пабудавана ў стылі готыкі. Замак ўяўляў сабой квадрат са стараной каля 75 метраў, таўшчыня сцен замка дасягала 3 м пры вышыні каля 13 м, пад замкам былі спраектаваныя шматлікія падзямеллі. Па вуглах былі пабудаваныя пяціпавярховыя вежы вышынёй 25-27 метраў, якія выходзяць за межы сцен. Пятая вежа была выкананая як шасціпавярховая з уязной брамай. Замак узводзіла насельніцтва Міршчыны і сяляне іншых уладанняў Юрыя Ільініча, у суседніх вёсках і мястэчках на карысць замка працавалі наноў пабудаваныя цагельні.

Да 1530-х гг. будаўнітва Мірскага замка было збольшага завершана (акрамя паўночна-заходняй вежы), да паўднёвай і ўсходняй сцен прыбудавалі аднапавярховы корпус з шырокім склепам, які займаў амаль палову двара. Паводле старой традыцыі пад жыллё феадала адводзілася адна з веж, хутчэй за ўсё, паўночна-усходняя.

Пераход замка да Радзівілаў



Выгляд Мірскага замка ў XVII ст. паводле М. Ткачова. Мастак Я. Кулік. Крыніца: be.wikipedia.org

Унук будаўніка замка, Юры Ільініч, спраўдзіў мару дзеда - у 1553 годзе ён, як уладальнік вялізнага замка, стаў графам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аднак Юры не быў жанаты і не меў дзяцей, там зрабіў сваім спадкаемцам пляменніка Мікалая Радзівіла Сіротку (бацька Мікалая і маці Юрыя былі адзінакроўнымі братам і сястрой). Легенда гаворыць, што ў 1568 годзе Юры прысніў сон, што памрэ праз год, і магнат, прачнуўшыся, распачаў дзейнасць па ўсынаўленню Мікалая Радзівіла і склаў на яго тэстамент. Роўна праз год, у 1569 годзе, Юры Ільініч памёр, і Мірскі замак перайшоў на тры стагоддзі ў валоданне Радзівілаў.

Мікалай Радзівіл Сіротка адобрыў перабудову замка: у 1580-1590-я гг. да паўночных і ўсходніх сцен быў прыбудаваны трохпавярховы палац, а вежы прыстасаваны пад жыллё. Ва ўязной вежы была пабудавана замкавая капліца святога Хрыстафора, а перад гэтай вежай узвялі барбакан (падковападобную сцену). Была дабудавана паўночна-заходняя вежа, а ў абліччы замку і палацу выразна выяўляліся цяпер рэнесансныя рысы: рытмічнасць размяшчэння дзвярэй і акон, аднолькавы лік паверхаў, абшар усходаў. Але яшчэ заставаліся элементы готыкі - старая сістэма мура, нервюрныя скляпенні, складаныя пераходы па вежах і галерэях.

Паколькі старыя сцены перасталі быць непераадольнай перашкодай для артылерыі, то асноўную абарончую функцыю сталі выконваць земляныя валы вышынёй да 9 м з бастыёнамі па кутах, прарэзаныя равамі з вадой. Эфектыўнасць земляных умацаванняў дапаўнялася штучна створанай сістэмай абваднення. Вал атачаў роў, напоўнены вадой дзякуючы заводненаму Замкаваму раўчуку і рэчцы Міранцы. У водным люстэрку прыгожа адбіваліся высокія вежы замка.

Мірскі замак да пачатку ХХ стагоддзя

Замак у Міры быў пашкоджаны ў часы войнаў сярэдзіны XVII ст., але у 1680-х гг. адрамантаваны так, што ўдалося захаваць у яго абліччы рысы готыкі і рэнесансу. Але падчас Паўночнай вайны шведы 27 красавіка 1706 г. узялі замак штурмам і спалілі. Радзівілы пачалі аднаўляць свае мірскія ўладанні пасля сканчэння Паўночнай вайны. Палац аднаўлялі ў стылі барока, у тым ліку мянялі колькасць і месцазнаходжанне аконных праёмаў.  Міхаіл Радзівіл Рыбанька да 1738 года поўнасцю аднавіў палац, дзе цяпер былі дубовыя паркетныя падлогі, пазалочаныя размаляваныя і разьбяныя столі, шпалеры, карціны, дарагая кераміка. Але ўся гэтая раскоша выкарыстоўвалася падчас буйных прыёмаў, сям'я ж Радзівілаў жыла ў звычайны час у драўляным палацыку, што месціўся недалёк ад замка. З 1754 па 1762 годы Мірскі замак грымеў салютамі, грукатаў ад танцаў і баляванняў - тут жыў знакаміты сын Рыбанькі, Караль Радзівіл па мянушцы «Пані Каханку», які стаміў навакольны люд сваімі раскошнымі гасцяваннямі ды забавамі.

Аднак ужо наступны ўладальнік замка - Дамінік Радзівіл - тут не жыў. Больш за тое, у 1792 годзе замак пасля артбстрэлу быў узяты штурмам расійскімі войскамі, і велічны помнік так і не адрамантавалі пасля. Падчас вайны 1812 г. 11 лістапада пад сценамі замка адбылася бітва расійскіх войскам з адыходзячымі французамі. У выніку войска Чычагава спаліла Мірскі замак, падарвала парахавы склад у паўночна-усходняй вежы; палац быў разрабаваны і спалены. Такія адносіны да замка тлумачыліся тым, што ягоны ўладальнік, Дамінік Радзівіл, служыў у войску Напалеона Банапарта і загінуў у бітве пры Ханау ў 1813 годзе.



Мірскі Замак. Малюнак Н. Орды, 1876. Крыніца: by.wikipedia.org

Ягоныя дзеці і іх спадкаемцы доўга судзіліся за вялічэзныя ўладанні Радзівілаў, і ў выніку Мірскі замак адыйшоў да дзяцей рана памерлай дачкі Дамінікі Радзівіла, Стэфаніі Вітгенштейн. Яны жылі за мяжой, уладаннямі кіравалі найміты, і замак паступова прыходзіў у заняпад.

Паводле расійскага закона 1887 г. замежныя грамадзяне не мелі права валодаць землямі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Таму уладальніца Мірскага замка, унучка Дамініка Радзівіла, Марыя Гагенлоэ-Шылінгфюрст, быўшы іншаземкай, пачала продаж сваіх зямельных уладанняў у Беларусі.

Мiрскi замак, готыка, Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка

Previous post Next post
Up