Мірскі замак: жамчужына готыкі Вялікага Княства Літоўскага. Частка 2.

May 04, 2023 17:28


Мірскі замак набыў у 1891 г. наказны казачы атаман Войска Данскога князь Мікалай Івановіч Святаполк-Мірскі за вялізную суму ў 414 тысяч рублёў срэбрам. Магчыма, князя прыцягнула сугучча назвы мястэчка з яго прозвішчам, хаця Святаполк-Мірскія да замка дачынення не мелі. Іх першапачатковым прозвішчам было Мірскія ад мястэчка Мёры (Міоры) у Браслаўскім павеце, а прыдомак Святпаполк з'явіўся пазней. Мікалай Іванавіч не стаў аднашляць стары замак, а для свайго пражывання ён з усходняга боку ад замка пабудаваў новы каменны палац.



Замак у Міры ў 1923 г. Аўтар здымка. Адам Віслоцкі. Крыніца: polona.pl



Ягоны сын, Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі, які пасля ўсіх катаклізмаў 1914-1921 гг. вярнуўся ў Мір, прыняў рашэнне аднаўляць не згарэлы ў 1914 годзе новы палац, а стары замак. Працы па аднаўленню замка працягнуліся з 1922 па 1938 г. У выніку  была поўнасцю адноўлена паўднёва-заходняя вежа, муроўка сцен усходняга корпуса палаца, пяць пралётаў усходняга крыла палаца і дзве вежы: паўднёва-ўсходняя і частка паўночна-заходняй. У замак была падведзена вада і электрычнасць, працавала каналізацыя і тэлефон, аднак апошні ў канцы 1930-х гг. раздражняў старога князя, і прыслуга яго адключала.



Мірскі замак у 1938 годзе. Фота Яна Булгака.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе ў сценах замка была размешчана вытворчая арцель. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў лістападзе 1941 годзе каля сцяны замка былі расстраляныя 1500-1800 яўрэяў, астатніх у 1942 годзе перавялі на тэрыторыю самога замка, у жніўні 1942 года гета ліквідавалі, растраляўшы апошніх яго жыхароў недалёка ад мястэчка.

Пасля вызвалення Міра ў ліпені 1944 года замак пачалі выкарстоўваць пад... жыллё для мясцовых пагарэльцаў. Апошняя сям'я выселілася з замка ў 1962 годзе, але ўжо ў той перыяд адмыслоўцы і архітэктары разумелі значнасць гэтага помніка готыкі для гісторыі беларускай архітэктуры. У 1960-х гг. пачалося вывучэнне помніка з мэтай яго рэстаўрацыі, у 1971 г. годзе была выканана часовая кансервацыя муроў.

У 1983 г. у Мірскім замку пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У 1987 г.замак стаў філіялам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (з 1993 г. - Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), а ў 1989 г. зацверджаны новы праект рэстаўрацыі замка, у якім прадугледжана размяшчэнне музейнай экспазіцыі.  У кастрычніку 1992 г.у паўднёва-заходняй вежы адбылося адкрыццё першай музейнай экспазіцыі.



Мірскі замак, марка Беларусі 1992 года

У 1998 годзе Мірскі замак зрабілі філіялам Нацыянальнага мастацкага музея, і ўвесь гэты час ішла рэканструкцыя і адбудова замкавага комплекса. У 2000 г. Мірскі замак быў уключаны ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. 16 студзеня 2010 г. была адкрыта пастаянная экспазіцыя Паўночнага корпуса з рэканструяванай інтэр'ернай часткай палаца. Наведвальнікі музея могуць азнаёміцца з 39 паўнавартаснымі экспазіцыямі Мірскага замка і царквы-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх, апошніх уладальнікаў замка. З 2011 года Мірскі замак уваходзіць ва ўстанову «Музей «Замкавы комплекс Мір».



Мірскі замак, марка Беларусі, 2010 год

Ці былі Вы ў Міры пасля 2010 года? Што найбольш уразіла?

Мiрскi замак

Previous post
Up