Вялікі князь Вітаўт. Частка 1.

Jun 18, 2022 18:07





Фігура князя Вітаўта на помніку "Тысячагоддзе Брэста"

Напэўна, самым вядомым з кіраўнікоў ВКЛ з’яўляецца вялікі князь Вітаўт Кейстутавіч. Доўгае кіраванне, актыўная знешняя і ўнутраная палітыка, перамога ў бітве пад Грунвальдам, вялікая тэрыторыя княства - усе гэтыя факты прыводзяцца,  калі гавораць пра Вітаўта, якога называюць Вялікім.

Дзяцінства і юнацтва

Першыя звесткі аб Вітаўце ставяцца да канца 1360-х гадоў. Мяркуема, ён нарадзіўся ў 1350 годзе, але дакладных звестак няма. У 1368 і 1372 гадах ён удзельнічаў у паходах свайго дзядзькі Альгерда на Маскву. З 1374 года стаў князем гарадзенскім. Гродна тады належала да часткі ВКЛ, якой кіраваў ягоны бацька Кейстут. З 1377 ён прадпрымаў самастойныя паходы ў землі Тэўтонскага ордэна, які быў небяспечным ворагам ягонага княства.

Вітаўт не ўдзельнічаў у паходзе Кейстута на Вільню ў канцы 1381 года, калі той стаў вялікім князем літоўскім і змясціў Ягайлу. Але ў рашучую бітву ў 1382 годзе прывеў свае войска на дапамогу Кейстуту. Вітаўт угаварыў бацьку пайсці на перамовы з Ягайлам, у выніку якіх яны апынуліся ў засценках Крэўскага замка. Кейстут там сканаў, а Вітаўт збег да зяця, мазавецкага князя. Эпізод з пабегам падобны на легенду: Вітаўта наведвала жонка з прыслужніцай, і Вітаўт, невысокі і бязвусы, выйшаў з замка, пераапрануўшыся ў яе адзежу і плашч. Прыслужніца нібыта тры дні грала роль захварэўшага князя, пакуль падман не раскрылі.

У барацьбе за вотчыну Кейстута



З Мазовіі Вітаўт паехаў да адвечных ворагаў - тэўтонцаў. Ім ён паабяцаў аддаць у якасці лёна ўсю Жамойць (Ягайла перад гэтым заключыў з Прусіяй Дубіскі мір, па якому аддаў ім Жамойць да ракі Дубісы і паабяцаў на працягу 4 год хрысціцца, Вітаўт, як бачым пайшоў далей). У 1383 годзе крыжакі разам з Вітаўтам (ён набраў войска ў Жамойці)  пайшлі паходам на Вільню і Трокі, апошнія Ягайла хутка адваяваў.

Вітаўт прыняў хрост па каталіцкаму абраду пад імём Віганд і атрымаў ад крыжакаў замак Новы Марыенбург. Па новай дамове з крыжакамі ў студзені 1384 года Вітаўт абяцаў ім перадаць Жамойць і Ковеншчыну, стаць васалам, а крыжакі абяцалі дапамагчы яму вярнуць землі, што належалі Кейстуту.

Такі стан рэчаў непакоіў Ягайлу, у дзяржаве якога іншлі несупынныя войны, пагражаючыя яе існаванні. Ён распачаў таемныя перамовы з Вітаўтам - той згадзіўся вярнуцца ў Княства толькі пры ўмове вяртання яму ўсіх зямель Кейстута, уключна з Трокамі, якімі валодаў Скіргайла Альгердавіч. Ягайла амаль згадзіўся, абяцаўшы аддаць Вітаўту Трокі, як толькі Скіргайлаадваюе сабе Полацк у Андрэя Полацкага. Вітаўт раптоўна для крыжакаў падпаліў замкі, якімі валодаў, і вярнуўся да Ягайлы.



Помнік вялікаму князю Вітаўту ў Гродна

У Княстве Вітаўт атрымаў у кіраванне Гродна, Берасце, Падляшша і Валынь пасля смерці ягонага дзядзькі Любарта (для гэтага Вітаўту прыйшлося прыняць праваслаўе і атрымаць імя Аляксандр). Трокі яму так і не вярнулі.

Вітаўт не меў моцных прэтэнзій да Ягайлы, падтрымаў Крэўскую ўнію, зноў у 1386 годзе прыняў каталіцтва пад імём Аляксандр і нават дапамагаў намесніку Ягайлы, Скіргайле Альгердавічу, змагацца з Андрэем Полацкім (Ягайла, стаўшы каралём польскім, пакінуў за сабой тытул вярхоўнага князя літоўскага). Пасля перамогі над апошнім Вітаўт чакаў, што Скіргайла аддасць яму Трокі, атрымаўшы Полацк. Але гэтага не адбылося. Ягайла перадаў Вітаўту ў якасці кампенсацыі гарады на Валыні, але той застаўся незадаволены.

Барацьба за вялікакняскі сталец



Мурал з выявай Вітаўта ў Гродна на вуліцы Пушкіна (фота: realt.onliner.by)

Не ўсе баяры ВКЛ былі задаволены фактычным далучэннем ВКЛ да Польшчы з выніку Крэўскай уніі і распаўсюджваннем каталіцтва. Вітаўт скарыстаў гэтыя настроі і падняў паўстанне ўзімку 1389/1390 года і пасля няўдалага захопу Вільні зноў з родзічамі, панамі і баярамі зноў накіраваўся ў Прусію. Зноў паабяцаўшы крыжакам Жамойць, Вітаўт атрымаў ад іх войска, з дапамогай якога ў 1390 годзе прывёў крыжакоў у Вільні, у 1391 годзе авалодаў Гародняй, у 1392 годзе захапіў Навагрудак, Мерач, зноў падыйшоў да Вільні. На яго бок перайшлі жамойты.

Ягайла зразумеў, што без кампрамісу вайну з Вітаўтам выйграць немагчыма. Паўтарылася сітуацыя 1384 года - пасля таемнага ліста ад Ягайлы Вітаўт спаліў замкі крыжакоў Нойгартэн і Матэнбург, паланіў нямецкіх рыцараў, што там былі, ды ўцёк у свае ўладанні. 5 жніўня 1392 года ў маёнтку Вострава каля Ліды дваюрадныя браты падпісалі дамову, згодна якой уся ўлада ў Вялікім Княстве Літоўскім пажыццёва перадавался Вітаўту, які ўсёж-такі прынёс васальную прысягу на вернасць Ягайле і ягонай жонцы каралеве Ядвізе.  Пачалося 38-гадовае кіраванне ў ВКЛ вялікага князя Вітаўта.

Вітаўт, Ягайла

Previous post Next post
Up