Вялікі князь Вітаўт. Частка 2.

Jun 30, 2022 11:33


Вітаўт Кейстутавіч стаў фактычным уладаром ВКЛ у 1392 годзе (афіцыйна ён набыў тытул вялікага князя літоўскага пасля Віленска-Радамскай уніі ў 1401 годзе). Ён кіраваў вялікай дзяржавай 38 год, за якія Вялікае Княства Літоўскае досыць моцна змянілася, і нельга сказаць, што гэтыя перамены можна ахарактарызаваць адназначна станоўча ці негатыўна. Вызначым жа асноўныя накірункі дзейнасці Вітаўта на такой жаданай яму пасадзе вялікага князя літоўскага.

Ліквідацыя ўдзельных княстваў

Гедзімінавічы, што мелі ўдзелы ў ВКЛ, паводзілі сябе яшчэ з часоў Альгерда як фактычна незалежныя кіраўнікі, якія з ласкі, а не па прымусу, прыходзілі на дапамогу вялікаму князю (калі хацелі). Вітаўту такі парадак у дзяржаве, што нагадваў часы Кіеўскай Русі, не падабаўся, бо нёс небяспеку для яго ўлады (Вітаўт быў з малодшых Гедзімінавічаў, фактычна Альгердавічы мелі больш правоў на сталец ВКЛ, чым ён). Таму ў 1393-1395 гадах ён пры падтрымцы буйных баяр і дробных князёў ліквідаваў Полацкае, Віцебскае, Кіеўскае княствы, уладанні на Валыні і Падоллі. Тых князёў, што пайшлі з ім на замірэнне, ён пасадзіў у невялікіх гарадах (так,  Уладзімір Альгердавіч атрымаў замест Кіева Капыль (а затым і Слуцк), а тых, хто супраціўляўся, Вітаўт перамог і кінуў у вязніцу (Фёдар Карыятавіч Падольскі, Дзмітры Карыбут Ноўгарад-Северскі). Усе гэтыя князі былі праваслаўнымі.



Фёдар Карыятавіч Падольскі, малюнак XVIII ст. Фота: https://be-tarask.m.wikipedia.org



Доўга за незалежнасць змагалася Смаленскае княства, але ў 1405 годзе Вітаўт падыйшоў да горада з вялікім войскам і артылерыяй і канчаткова яго скарыў. Апошні смаленскі князь Юры Святаслававіч перайшоў на службу да маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча.

З ліквідацыяй удзельных княстваў у скарб вялікага князя пайшлі прыбыткі, які да гэтага асядалі ў кішэняў мясцовых уладароў (грашовая, мядовая, бабровая, кунічная даніна, даніна вавёркамі, лісамі, мыта (пошліны), хлебная даніна, мясная і г.д.). Да таго ж вялікакняскі дамен папоўніўся землямі, якія можна было дараваць баярам за ваенную службу.

«Рускае пытанне»: бомба пад дзяржавай

1387 год стаў пераломным для ВКЛ. Па-першае, быў паланёны Андрэй Полацкі і забіты яго сын, што азначала перамогу малодшых Альгердавічаў. Па-другое, 20.07.1387 г. вялікім князем Ягайлам была падпісана грамата з прывілеямі феадалам за пераход у каталіцкую веру: ім гарантавалася вызваленне ад дзяржаўных павіннасцей і права распараджэння маёнткамі. Праваслаўныя феадалы з сённяшніх беларускіх і украінскіх зямель былі рэзка супраць такога, што і скарыстаў у хуткім часе князь Вітаўт , які з апорай на іх неўзабаве распачаў вайну з Ягайлам і стаў фактычным уладаром ВКЛ. Аднак праваслаўным баярам гэта не дапамагло: прайграўшы бітву на Ворскле, Вітаўт быў вымушаны заключыць  з Польшчай Віленска-Радамскую ўнію ў 1401 годзе, паводле якой каталіцкая знаць (пераважна балцкая па паходжанню) узвышалася над праваслаўнай.



Ягайла і Вітаўт, аўтар невядомы.

У 1413 годзе ў ВКЛ быў прыняты Гарадзельскі прывілей, паводле якога праваслаўная знаць не толькі не мела эканамічных правоў, роўных з каталікамі, але і не магла ўступаць з імі ў шлюбы, удзельнічаць у панах-радзе, выбарах вялікага князя і займаць дзяржаўныя пасады.

Аднак, да гонару Вітаўта будзе сказана, пакуль ён быў жывы, гэтыя прывілеі амаль не працавалі. Сам ён хацеў вырашыць рэлігійныя супярэчнасці ў дзяржаве шляхам стварэння ўніяцкай царквы, аднак гэтага зрабіць не ўдалося. У выніку Вітаўт не прымушаў праваслаўных прымаць каталіцтва, але сам быў каталіком і каталіцтва падтрымліваў.

Нявырашанае, але паглыбленае Вітаўтам нераўнапраўе ў правах феадалаў розных хрысціянскіх канфесій прывяло да моцнай унутранай вайны, што выбухнула ў ВКЛ неўзабаве пасля ягонай смерці, стала базай для антыказіміраўскай змовы 1481 года і, урэшце, мяцяжу Міхала Глінскага ў 1508 годзе.

Узвышенне літоўскіх феадалаў

Вялікі князь Вітаўт у сваім змаганні з Альгердавічамі абапіраўся на феадалаў літоўскага паходжання. А каб забяспечыць іх лаяльнасць, дараваў ім землі і маёнткі. Так, ваявода віленскі Манівід за 1396-1409 гады атрымаў ад Вітаўта 500 сялянскіх дымоў (гаспадарак) на тэрыторыі Беларусі (гэта проста вялізная лічба для таго часу). Узвысіліся пры Вітаўце прадстаўнікі родаў Кезгайлаў, Гаштаўтаў (Гаштольдаў), Гальшанскіх, Радзівілаў. З абавязкаў на дзяржаву ў іх засталіся толькі ваенная служба і ўтрыманне ў належным стане дзяржаўных абарончых збудаванняў.

У выніку падараванняў магнатам вельмі хутка скарачаўся вялікакняскі дамен: калі ў XIV ст. пры Альгердзе 80 % сялян краіны былі дзяржаўнымі, то ў 20-я гады XIV ст., пры Вітаўце, толькі 30 %.

Фактычна, буйныя землеўласнікі пераўтварыліся за часы Вітаўта ў моцных незалежных уладароў сваёй зямлі, што склала падмурак далейшай дэцэнтралізацыі кіравання ВКЛ, развіццю ў ім магнацкай алігархіі і прыгняцення іншых сацыяльных груп,  у тым ліку «трэцяга саслоўя».

Дарэчы, пры Вітаўце Магдэбургскае права, якое вызваляла гарады з-пад апекі феадалаў, атрымалі толькі Коўна (1408) і Трокі (1409). З беларускіх гарадоў на той момант мелі Магдэбургскае права толькі Брэст (з 1390 года) і Гародня (з 1391 года няпоўнае), то-бок, яны атрымалі яго яшчэ пры вялікім князе Ягайле. Наступны беларускі горад, Слуцк, атрымаў Магдэбургскае права ажно ў 1441 годзе.

Вітаўт

Previous post Next post
Up