Вялікі князь Вітаўт. Частка 3.

Jul 01, 2022 03:14


Знешняй палітыцы Вітаўт Кейстутавіч, як добры сярэднявечны манарх, надаваў вельмі шмат увагі. Чым большая твая краіна - тым больш значны ты ўладар, - менавіта так думаў Вітаўт.

Мары аб уладзе над усім Усходам



Соф'я Вітаўтаўна. Малюнка Зігмунта Глогера, 1900. Фота: https://ru.wikipedia.org



У паляпшэнне адносін з даўнім супернікам - вялікім княствам Маскоўскім - важкую роль унеслі не перамогі на ваярскім полі, а ... каханне. У 1391 годзе адзіная дачка Вітаўта, 19-гадовая Соф'я, стала жонкай маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча. У выніку Вітаўт атрымаў магчымасць правядзення актыўнай палітыкі на Усходзе без боязі, што яму будуць перашкаджаць зяць і дачка. У выніку ён актыўна ўзяўся за далучэнне Смаленска, ажыццявіў некалькі паходаў у прычарнаморскія стэпы, адкуль вывёў татарскія сем'і палонных і пасяліў іх у ВКЛ.

У 1391 годзе да Вітаўта прыехаў беглы хан Залатой Арды Тахтамыш, які пасварыўся са сваім сюзерэнам, магутным Цімурам Тамерланам. Яны заключылі дамову: Вітаўт дапамагае хану заваяваць увесь улус Джучы, а той у адказ дае яму ярлык на усе рускія землі (асабліва Ноўгарад, Пскоў і Маскву).

Вітаўт пачаў падрыхтоўку да паходу супраць Цімура Кутлуга, стаўленніка Тамерлана і кіраўніка Арды. Выправе папа рымскі прысвоіў статус «крыжовага паходу». Гэта дазволіла далучыцца да войска Вітаўта тэўтонскім рыцарам, малдаванам і палякам. У паходзе прыняла ўдзел уся вышэйшая знаць ВКЛ - каля 50 князёў.

Бітва на рацэ Ворскла



Бітва на Ворскле. Мініяцюра з Ліцевога летапіснага зводу. Фота: https://ru.wikipedia.org

У пачатку жніўня 1399 года войскі Вітаўта і Цімура Кутлуга сустрэліся на рацэ Ворскла, прытоке Дняпра (дакладнае месца невядома, магчыма ў сучаснай Палтаўскай вобласці Украіны). Цімур баяўся грознага князя ліцвінаў і быў гатовы да кампрамісу, аднак Вітаўту быў патрэбны не кампраміс, а перамога. Але за час перамоў да Цімура далучылася войска вопытнага ваяводцы Эдыгея, што значна павялічыла моц праціўнікаў Вітаўта. Апошні меў яшчэ магчымасць ганаровага адыходу, але пыхлівае рыцарства ў ягоным войску не разглядала такой магчымасці.

12 жніўня пачалася бітва, у ходзе якой перамагло татарскае войска: татары абыйшлі сілы Вітаўта з тыла і пачалі забіваць коней пад ваярамі.

У выніку разгрому на Ворскле загінулі асноўныя сілы Вітаўта, у тым ліку каля 20 князёў ВКЛ. Сам Вітаўт, Тахтамыш і нямецкія рыцары ледзьве ўратаваліся з полю боя, збегшы, куды за імі пайшлі татары Эдыгея, пустошачы Кіеўшчыну. Сам горад заплаціў ім вялізны выкуп, каб пазбегнуць рабавання.

Параза пад Ворсклай сапсавала міжнародны імідж Вітаўта як змагара з «нявернымі» і знішчыла ягоныя памкненні стаць уладаром вялізарных абшараў Усходняй Еўропы. Да таго ж, ён вымушаны быў аднавіць саюз з Польшчай , падпісаўшы Віленска-Радамскую ўнію ў 1401 годзе.

Узаемадачыненні з крыжакамі



Крыжакі ў аднаіменным фільме 1960 года, Польшча. Кадр з фільма.

Адносіны вялікага князя Вітаўта з крыжакамі, найперш з Тэўтонскім Ордэнам, вагаліся ў вельмі шырокім дыяпазоне: ад саюзаў да адкрытай вайны. Усе залежала ад інтарэсаў абодвух бакоў у пэўны прамежак часу.

З 1393 па 1396 год Ордэн актыўна ладзіў выправы на Літву, падчас якіх тэўтонцы палілі паселішчы, рабавалі, выводзілі палон з ваколіц Гародні, Ліды, Навагрудка, Драгічына. Так, узімку 1395 года рыцары пайшлі на Навагрудак, але жыхары даведаліся аб гэтым раней і загадзя спалілі горад, а самі схаваліся ў лесе.

Аднак у 1398 годзе Вітаўт падпісаў з Ордэнам Салінскі мір, згодна з якім аддаў Ордэну Жамойць і абавязаўся дапамагчы заваяваць Пскоў. Рыцары абяцалі дапамагчы Вітаўту заваяваць Вялікі Ноўгарад і іншыя усходнія землі, і сапраўды, 500 рыцараў прынялі ўдзел у паходзе Вітаўта на Цімура Кутлуга ў 1399 годзе.

Аднак пасля паразы на Ворскле Вітаўт зноў зблізіўся з Ягайлам, і гэта занепакоіла рыцараў, бо разам ВКЛ і Каралеўства Польскае маглі б стаць магутнай сілай, здольнай супрацьстаяць Ордэну.



Вялікі князь Свідрыгайла. Малюнак з падручніка па гісторыі Беларусі.

У 1401 годзе Вітаўт падтрымаў паўстанне ў Жамойці, у адказ ваенную экспедыцыю ў ВКЛ арганізавалі інфлянцкія рыцары , а на пачатку 1402 г. тэўтонскі маршал некалькі дзён пустошыў ваколіцы Гародні. На баку тэўтонцаў у той час ваяваў малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла Альгердавіч, які прэтэндаваў на сталец ВКЛ і дзеля дасягнення сваёй мэты згадзіўся на васальную залежнасць ад Ордэна. Аднак гэты канфлікт хутка стаміў усе бакі, і ў 1404 годзе у Рацёнжы быў падпісаны мірны дагавор, згодна з якім Ордэну зноў аддалі Жамойць, а Свідрыгайла стаў васалам Вітаўта (ненадоўга )))

Рыцарскі кантынгент дапамагаў Вітаўту ў змаганні з войскамі Васіля Дзмітрыевіча, князя маскоўскага, да якога збёг няўрымслівы Свідрыгайла. У 1406-1408 гг. Вітаўт замірыўся з зяцем без моцных баёў, і той выдаў яму Свідрыгайлу Альгердавіча, якога Вітаўта замкнуў у Крамянецкім замку. Унутраная апазіцыя ў Княстве нарэшце была падаўлена.

Аднак у 1409 годзе ў Жамойці ўспыхнула паўстанне, якое падтрымаў Вітаўт, а яго падтрымаў Ягайла. Апошняму вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген абвясціў вайну.

«Вялікая вайна» 1409-1411 гг. і яе наступствы



Фрэска ў праваслаўнай нядзельнай школе ў Гродна з выявай бітвы пад Грунвальдам. Чалавек з німбам - князь Фёдар Астрожскі.

Кульмінацыйным момантам вайны ВКЛ і Польшчы з Тэўтонскім Ордэнам 1409-1411 гг., якую назвалі «Вялікай», стала Грунвальдская бітва, якая адбылася 15.07.1410 года на полі каля аднайменнай вёскі на тэрыторыі Ордэнскай дзяржавы (сёння - Польшча). Пра яе мы раскажам асобна, а тут адзначым, што яна скончылася перамогай войск Вітаўта і Ягайлы, а армія тэўтонцаў фактычна перастала існаваць. Пасля Грунвальда войскі дваюрадных братоў пайшлі на Мальбарк - сталіцу ордэнскай дзяржавы, узялі яе ў аблогу, але з-за цяжкіх умоў Вітаўт у хуткім часе адвёў войскі, Мальбарк не быў узяты.

Вайна скончылася падпісаннем Торуньскага міра ў 1411 годзе. Ордэн нарэшце адмовіўся ад Жамойці на карысць ВКЛ у час жыцця Вітаўта і Ягайлы, выправы рыцараў на беларускія землі спыніліся. Аднак існаванне ордэнскай дзяржавы яшчэ не было пастаўлена пад пытанне, яны аднавілі сваё войска, і ў 1422 годзе зноў пачалася вайна з ВКЛ, але яна вялася на тэрыторыі Прусіі.

Пасля Мельнікаўскай мірнай дамовы 1422 года Жамойць канчаткова вярнулася ў склад Вялікага Княства Літоўскага, якое з поўным правам стала называцца Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Мяжа ВКЛ і Прусіі, што ўсталявалася ў 1422 годзе, не мянялася стагоддзямі. Пачалася нармалізацыя адносін паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам.

Час найвялікшай магутнасці



Помнік Вітаўту ў Вільнюсе каля гары Гедзміна (2017). Фота: https://planetabelarus.by

Пасля «Вялікай вайны» і паланення Свідрыгайлы настаў час адносна спакойнага царавання вялікага князя Вітаўта.

Ягайла вярнуў яму Падолле, пратэктарат ВКЛ прызнаў князь разанскі, стаўленнікі Вітаўта сядзелі ў Ноўгарадзе, Пскове і нават у Залатой Ардзе. Ханы апошняй у 1420-х гг. былі фактычна васаламі Вітаўта. Пасля смерці ў 1425 годзе мужа Васіля Дзмітрыевіча Маскоўскага Соф'я Вітаўтаўна аддала сябе і 10-гадовага сына Васіля пад апеку бацьку.

У 1426 і 1428 гадах Вітаўт хадзіў паходамі на Пскоў і Ноўгарад, але не для таго, каб іх скарыць, а каб прадэманстраваць сваю магутнасць. Пскавічы і наўгародцы адкупаліся ад ягоных войскаў вялікімі дарамі, а ўнук, вялікі князь маскоўскі, нічога на гэта не казаў.



Вітаўт (зправа) на помніку Тысячагоддзя Расіі ў Ноўгарадзе. Фота: https://ru.m.wikipedia.org

У 1427 годзе Вітаўт наведаў усходнія славянскія княствы: Разань, Пераяслаўль, Адоеўскі, Варатынск, дзе яго вельмі пышна сустракалі і прыносілі багатыя дары.

Вітаўт быў на вяршыні сваёй магутнасці, і саюз з Польшчай яму не быў патрэбны. Таму ён дамовіўся аб каранацыі з імператарам Свяшчэннай рымскай імперыі Жыгімонтам Люксембургскім. Апошні публічна прапанаваў Кейстутавічу карону на з’едзе ў Луцку, дзе сабралася ўся эліта Усходняй Еўропы. Польская дэлегацыя была рэзка супраць і з’ехала, яны не хацелі, каб ВКЛ стала незалежнай дзяржавай, і нават прапанавалі Вітаўту карону Польшчы, каб не губляць унію. Але Вітаўт бачыў сябе толькі каралём Літвы.

Карона да Вітаўта ў Вільню не даехала з-за перашкод з боку польскіх феадалаў. Вітаўт у кастрычніку 1430 года захварэў і 27.10 памёр, так і не стварыўшы Каралеўства Літоўскае.

Пахавалі яго у касцёле Святога Станіслава ў Вільні, перабудова якога ў гатычны сабор адбылася пад кіраўніцтвам Вітаўта ў 1420-х гг.

Слаўная памяць аб Вітаўце пачала складвацца неўзабаве пасля яго смерці. Менавіта Вітаўт выступае ідэалам дзяржаўнага ўладара ў паэме М.Гусоўскага «Песня пра зубра». У сучаснай Літве ўсталявана шмат помнікаў Вітаўту, у гонар яго адчаканены манеты.

У Беларусі ёсць два драўляных помніка Вітаўту, ягоная фігура размешчана на помніку тысячагоддзя Брэста. У гонар князя назвалі тралейбус і віно ))) п'есу і балет. Таксама ў пачатку 1990-х гг. выйшлі фільмы пад агульнай назвай «Пастка для зубра», прысвечаныя ўзаемаадносінам Ягайлы і Вітаўта. 

Вітаўт

Previous post Next post
Up