Андрэй Альгердавіч, князь полацкі

Jun 12, 2022 18:07


Калі весці гаворку пра Гедзімінавічаў чатырнадцатага стагоддзя, то адным з самых смелых, але не меўшых шанцавання ў жыцці князёў, можна назваць Андрэя Альгердавіча, што ў розныя часы быў князем пскоўскім, трубчэўскім, лукомскім і полацкім. Ён быў другім па старшынству сынам Альгерда ад першага шлюбу з Марыяй Віцебскай, і паколькі язычніцкага імя ягонага не захавалася, то вядомы ён застаўся пад праваслаўным  імём - Андрэй.

Старэйшы брат Андрэя, Фёдар, быў князем на Валыні, нікуды адтуль не імкнуўся, з Ягайлам першапачаткова не паразумеўся, і ў 1377 годзе даў прысягу венгерскаму каралю Людовіку Анжуйскаму. Аднак у 1386 годзе, пасля Крэўскай уніі, Фёдар Альгердавіч стаў васалам Ягайлы. Менавіта ад яго вядуць род князі Сангушкі (так звалі аднаго з трох сыноў Фёдара).

Князь пскоўскі і полацкі

Значна больш насычаным было жыццё Андрэя Альгердавіча (якога памылкова называюць Андрэем Гарбатым). Нарадзіўся ён каля 1320 года. У 1341 годзе па просьбе пскавіцян, якіх дапякаў Лівонскі ордэн, і са згоды бацькі стаў пскоўскім князем, праз год з'ехаў адтуль на полацкі сталец, пакінуўшы намесніка Юрыя Вітаўтавіча, аднак у 1348 годзе пасля смерці апошняга пскавічы ўладу Андрэя прызнаваць перасталі.

Андрэй Полацкі старанна выконваў загады бацькі на ўсходніх і паўднёвых межах княства: дапамагаў змагацца за ўладу родзічам другой жонкі Альгерда Ульяны цвярскім княжычам, удзельнічаў у бітве на Сініх водах, у 1368 і 1370 хадзіў разам з бацькам на Маскву, у 1373 годзе разам з дзядзькам Кейстутам ваяваў Пераяслаўскую воласць.




Змаганне з крыжакамі

У 1370-х гг. Андрэй Полацкі актыўна змагаўся з Лівонскім ордэнам: хадзіў ваяваць Дынабургскі замак (зараз горад Даўгавапілс), ваяваў каля Рыгі, у 1376 годзе напаў на замак Разіттэн, а ў сакавіку 1377 года у складзе аб'яднанага войска ВКЛ ваяваў у Курляндыі.

Пры вялікім князе Ягайле

Малодшага стрыечнага брата Ягайлу ў якасці вялікага князя Андрэй Альгердавіч не ухваліў і паехаў у  Маскву да князя Дзімітрыя Іванавіча, які  прыняў яго разам з Уладзімірам Серпухаўскім, жанатым на сястры Андрэя, Алене Альгердаўне. З іх ласкі Андрэй зноў зрабіўся князем пскоўскім.

Пры удзеле Андрэя на бок Масквы перайшоў князь Дзмітрый Альгердавіч, які перадаў свае ўладанні - Бранск, Трубчэўск і Старадуб пад уладу маскоўскага князя. Гэта аслабіла ВКЛ, але не ўзмацніла самога Андрэя, якому прыйшлося служыць Дзмітрыю Іванавічу Маскоўскаму. У 1378 г. у бітве з татарскім полчышчам Бегіча, першай выйгранай у татараў бітве Маскоўскага княства, Андрэй Альгердавіч унёс важкі ўклад у перамогу. «Ударылі па іх з аднаго боку князь Андрэй Полацкі, а з другога боку Даніла Пронскі», - паведамляе летапіс.

8 верасня 1380 г. на Куліковым полі Андрэй Полацкі ўзначаліў полк правай рукі. Аднак Дзмітрый Данскі ў 1382 г. не змог даць належны адпор нашэсцю золатаардынскага хана Тахтамыша, і пакінуў абараняць сваю сталіцу князя Асцея, якога лічаць Андрэевым сынам.

Прыход у 1381 г. да ўлады ў ВКЛ Кейстута дазволіў Андрэю вярнуцца ў Полацк. Палачане выгналі з горада Скіргайлу, намесніка Ягайлы, і пазітыўна ўспрынялі вяртанне старэйшага Альгердавіча.

Зноў на Радзіме

Зноў стаўшы полацкім князем, Андрэй перастаў прэтэндаваць на месца вялікага князя, а засяродзіўся на Полацкай зямлі, называючы сябе «вялікім князем полацкім»і чаканячы сваю манету. Рускім князям ён працягваў дапамагаць у міжусобнай барацьбе: так, у маі - чэрвені 1385 года ягоны сын Міхаіл Андрэевіч загінуў у паходзе Уладзіміра Андрэевіча Серпухаўскага (мужа Алены Альгердаўны) на Разанскае княства.

Пасля арышту Кейстута і Вітаўта і перахода ініцыятывы на бок Ягайлы і ягоных хаўруснікаў, Андрэй зноў бяжыць у Пскоў і, як дваюрадны брат Вітаўт, звяртаецца па дапамогу да крыжакоў, але ў Лівоніі, у 1385 годзе аддаўшы пад іх руку Полацкае княства. Андрэй рашуча выступаў супраць Крэўскай уніі, і калі Ягайла ў 1386 годзе разам з братамі з'язджае каранавацца ў Польшчу, падымае паўстанне.



Замак у Хенцынах (Польшча)

Войскі супраць Андрэя прывялі Вітаўт, што ўжо замірыўся са стрыечным братам, і Скіргайла. Яны перамаглі крыжакаў, што дапамагалі Андрэю, выбілі ягонае войска з Полацка і разграмілі ў бітве на рацэ Віхры ў красавіку 1386 года ягонага саюзніка, смаленскага князя Святаслава Іванавіча. Андрэй адыйшоў да Полацка, аднак пасля зацятай абароны, падчас якой загінуў адзін з сыноў Андрэя, горад быў узяты. Дваюрадныя браты пасадзілі Андрэя ў Хенцынскі замак (паселішча па дарозе з Кракава на Радам). Полацк зноў займеў князем Скіргайлу Альгердавіча.

Апошнія гады

Сумны лёс чакаў састарэлага князя, але зоркі ўсміхнуліся яму: Вітаўт пачаў барацьбу з Ягайлам за сталец ВКЛ, у 1390 годзе ён выгнаў Скіргайлу з Полацка (не шанцавала Скіргайлу ў гэтым горадзе ))). Пасля замірэння з Ягайлам Вітаўт успомніў аб старшым Альгердавічы. У 1394 годзе за яго паручыліся не толькі Вітаўт і Скіргайла, але кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч і кобрынскі князь Фёдар Альгердавіч. Ягайла даў яму волю, і Андрэй паехаў у Пскоў, дзе быў намеснікам яго сын Іван Андрэевіч. Аднак лёсы роднага краю па-ранейшаму турбавалі яго, а можа не хацелася жыць пры сыне без правоў і ўласнага ўдзела. І ўжо вельмі немалады ўнук Гедзіміна (яму было больш за 70 год!) далучыўся да войска Вітаўта, які ў 1399 годзе пайшоў змагацца з Цімурам на тэрыторыю сучаснай Украіны. Там, 12 верасня 1399 г. у бітве на Ворскле, загінуў Андрэй Полацкі.

Ад ягонага сына Фёдара выводзілі свой род князі Палубінскія.

Памяць

У дворыку адміністрацыі прыватнага прадпрыемства «Полацкбудкроўля» ў 2009 г. быў усталяваны помнік апошняму летапіснаму полацкаму князю - Андрэю Альгердавічу з дынастыі Гедымінавічаў. Гэты помнік па сутнасці з'яўляецца садова-паркавай скульптурай, ініцыятарам яго стварэння стаў дырэктар фірмы Аляксандр Лукашоў, а ўвасобіў ідэю ў жыццё скульптар Ігар Голубеў. Андрэй Альгердавіч намаляваны які стаіць на полі бітвы, у поўным баявым уборы (але без шлема), паднятым уверх мячом ён заклікае войскі ісці ў атаку.

У Полацку створаны музей сярэднявечнага рыцарства, дзе адна з калекцый прысвечана Андрэю Альгердавічу

Вітаўт, Андрэй Полацкі, Альгерд, Кейстут

Previous post Next post
Up