Гатычныя касцёлы Беларусі. Частка 1.

Jul 17, 2022 17:20


Мастацкі стыль готыка, што ўзнік у Францыі, да зямель Беларусі дайшоў у часы ўваходжання іх у склад Вялікага Княства Літоўскага. Мясцовы тып готыкі быў блізкі да так званай «цаглянай готыкі» Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, гатычныя збудаванні мелі значныя абарончыя рысы: магутныя тоўстыя сцены, контрфорсы, невялікія вокны.

На тэрыторыі Беларусі ў стылі готыкі будаваліся замкі, праваслаўныя цэрквы і каталіцкія касцёлы. Гатычныя храмы на Беларусі паводле архітэктурнага вырашэння выглядалі як аднанефавыя бязвежавыя ці аднавежавыя пабудовы з адной больш нізкай алтарнай апсідай і адносна тонкімі сценамі, ўмацаванымі контрафорсамі. Гэтыя храмы служылі не толькі па прамому прызначэнню, але паколькі былі ледзьве не адзінымі мураванымі пабудовамі пэўнага рэгіёну ў свой час там праводзіліся соймікі, цехавыя сходкі рамеснікаў, навуковыя дыспуты і тэатральныя прадстаўленні.

Да нашых дзён дайшлі прынамсі сем касцёлаў на тэрыторыі Беларусі, у абліччы якіх скрозь стагоддзі захаваліся рысы готыкі.

Касцёл святога Казіміра ва Уселюбе

Найбольш раннім узорам готыкі ў сваёй аўтэнтычнай аснове сярод мураваных культавых пабудоў Беларусі з'яўляецца касцёл святога Казіміра ў вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Яго нават можна назваць першым гатычным мураваным храмам у ВКЛ, збудаваным не вялікім князем ці кімсьці з яго родных, а набліжаным да Вітаўта феадалам.



Рэканструкцыя выгляда і плана касцёла ва Уселюбе (Т. Габрусь. Саборы помняць усе. 2007, с. 29)



Касцёл быў пабудаваны ў першай палове XV ст. ці то Янам Немірам, канюшым вялікага князя Вітаўта, ці то ягоным сынам Андрэем, што валодаў Уселюбам пасля бацькі, і першапачаткова быў асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля. У 1576 годзе па загадзе Мікалая Радзівіла Чорнага касцёл быў перароблены пад кальвінскі збор, а ў 1642 годзе на хвалі Контрэфармацыі вернуты каталікам па ініцыятыве віленскана біскупа Станіслава Давойны.

Першапачатковы выгляд святыня не захавала, але хутчэй за ўсё гэта быў прамавугольны залавы бязвежавы храм з пяціграннай апсідай, арыентаванай на ўсход, з адной сакрыстыяй з паўночнага боку. Сцены былі выкладзены з вонкавай цэглы ў тэхніцы гатычнай муроўкі і ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’ер перакрывалі зорчатыя скляпенні, якія абапіраліся на слуп у цэнтры малітоўнай залы.



Касцёл ва Ўселюбе ў ХХ стагоддзі (Т. Габрусь. Саборы помняць усе. 2007, с. 30)

Знешні выгляд уселюбскага касцёла моцна змяніўся з-за шматлікіх перабудоў XVI - XX ст. Так, калі святыняй у канцы XVI ст. валодалі кальвіністы, гатычныя скляпенні касцёла былі замененыя драўлянай столлю, разрабраны апорны слуп і счасаны контрфорсы, стаўшыя непатрэбнымі без нагрузкі мураваных скляпенняў. У другой палове XVII ст. храму дадалі барочных рысаў (павялічылі вокны, выраўнялі аб’ёмы алтарнай часткі і асноўнай залі), а ў 1897 годзе да асноўнага аб’ёму храма была прыбудавана магутная трохярусная вежа ў стылі неаготыкі. Касцёл у канцы 1980-х гг. быў вернуты вернікам і асвечаны ў гонар святога Казіміра.

Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Ішкальдзі



Касцёл на здымку Яна Булгака ў 1930 годзе. Фота: https://be-tarask.wikipedia.org

Пабудаваны ў XV стагоддзі ў вёсцы Ішкальдзь сучаснага Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, мураваны бязвежавы касцёл дайшоў да нашага часу амаль без перабудоў, што вельмі незвычайна (большасць культавых пабудоў сярэднявечча і Новага часу ў Беларусі паспелі перабудаваць па некалькі разоў у розных стылях).

Фундатарам касцёла выступіў Мікалай Неміровіч, сам касцёл быў асвечаны прыкладна ў 1470 годзе. У другой палове XVI ст. падчас Рэфармацыі ў ВКЛ храм перадалі кальвіністам, а падчас Контррэфармацыі ў 1641 годзе вярнулі каталікам.



Інтэр’ер касцёла ў Ішкальдзі, выгляд алтара. А. Віслоцкі, 1923 г.

Пасля паўстання 1863-1864 гадоў храм стаў праваслаўнай царквой,  пры пераўладкаванні ў ім часткова сцясалі бакавыя контрафорсы, будынак цалкам атынкавалі звонку (раней тынкаваліся толькі нішы). Падчас уваходжання Ішкальдзі ў склад міжваеннай Польскай дзяржавы храм вярнулі каталікам. У часы БССР храм зачынялі, але цяпер ён вернуты вернікам каталіцкай канфесіі.

У абліччы касцёла добра бачныя рысы готыкі: крыжовыя скляпенні над бакавымі нефамі, перакрытая зорчатым скляпеннем апсіда (на малюнку злева),  тоўстыя сцены ўмацаваны контрфорсамі. Масіўны шчыт-франтон, аздоблены нішамі, закрывае спераду высокі гатычны дах.

Петрапаўлаўскі касцёл у Іўі



Крыніца фотаздымка: Т. Габрусь. Саборы помняць усе. 2007, с. 36

Вялікае падабенства з ішкальдскім касцёлам першапачаткова меў Петрапаўлаўскі касцёл у Іўі (Гродзенская вобласць), пабудаваны ў 1491-1495 гадах па фундацыі ваяводы трокскага, маршалка ВКЛ Пятра Яновіча з роду Мандзігіраў.

Першапачаткова будынак складаўся з асноўнага прамавугольнага аб’ёма (21,6Х19,3 м), падзеленага на тры нефы, і выцягнутай пяціграннай апсіды прэсбітэрыя, якая была ніжэйшай па вышыні за асноўны аб’ём. Па вуглах граняў апсіды былі пастаўленыя масіўныя ступеньчатыя контрфорсы, яны захаваліся да нашых дзён, а вось падобныя контрфорсы, што ўмацоўвалі адносна тонкія сцены пабудовы, пазней счасалі.

У другой палове XVI ст. храм перайшоў да пратэстантаў, якія пачалі яго перабудоўваць у стылі рэнесансу і знішчылі гатычныя скляпенні, перакрыўшы асноўны аб’ём драўлянай столлю. У першай палове XVII ст. храм быў вернуты католікам і перададзены кляштару бернардзінцаў, якія прыбудавалі да паўночнай сцяны прэсбітэрыя мураваны жылы комплекс. У другой палове XVIII ст. храм быў перабудаваны на ўзор віленскага барока: з абодвух бакоў галоўнага фасада з’явіліся стромкія вежы, пасярэдзіны быў надбудаваны барочны франтон. Гатычны выгляд апсіды Петрапаўлаўскага касцёла захаваўся да нашых дзён.

Касцёл святога Мікалая ў Геранёнах



Крыніца фотаздымка: Т. Габрусь. Саборы помняць усе. 2007, с. 82

Яшчэ больш чым Уселюбскі страціў свой першапачатковы гатычны выгляд касцёл святога Мікалая ў Геранёнах (Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць). Ён быў пабудаваны пасля 1529 года пры старажытным замку па фундацыі ўладальніка ваяводы віленскага Альбрэхта Гаштольда.

Цагляны нрамавугольны ў плане будынак з пяціграннай выцягнутай апсідай быў пастаўлены на падмурку з бутавых камянёў, на галоўным і бакавых фасадах былі размешчаныя контрфорсы (не захаваліся ў першапачатковым выглядзе), скляпенні столі былі драўлянымі, і ў цэлым касцёл нагадваў касцёл святых Пятра і Паўла ў Іўі, пабудаваны амаль на трыдцать год раней.

У канцы XVIII - XIX стст. касцёл перабудавалі ў стылі позняга барока з элементамі класіцызма, дабудавалі сакрыстыі і прытвор, у канцы 1920-х гг. храм рэканструявалі як помнік барока.

Мікалаеўскі касцёл у Геранёнах, Троіцкі касцёл у Ішкальдзі, Касцёл святога Казіміра ва Уселюбе, Петрапаўлаўскі касцёл у Іўі, готыка

Previous post Next post
Up