Геранёнскi замак

Mar 30, 2023 11:35


Гаштольды (ці Гаштавты) - гэта старажытны балтыйскі княжацкі род герба "Калюмна". Першыя звесткі аб прадстаўніках гэтага роду змешчаны яшчэ ў 1380-х гадах у крыжацкіх хроніках як "Гаштольдэндорф". Гаворыцца пра Гаштольдаў і ў пачатку праўлення вялікага князя літоўскага Гедыміна. Вялікая вядомасць да роду Гаштавтаў - Гаштольдаў прыходзіць у канцы XIV стагоддзя. Івашка (Ян) спачатку прымацаваўся пры дворы віленскага ваяводы Манівіда, пазней Ян Гаштольд быў сярод бліжэйшых паплечнікаў князя Вітаўта. На самым версе феадальнай піраміды Вялікага Княства Літоўскага Гаштольды апынуліся яшчэ ў XV стагоддзі. Менавіта тады ім былі падараваны цэлы шэраг маёнткаў на Ашмяншчыне. Сваёй радавой рэзідэнцыяй Гаштольды зрабілі Новыя Геранёны. Самым вядомым прадстаўніком роду з'яўляўся Альбрэхт (Войцех) Гаштольд - канцлер ВКЛ, свёкр Барбары Радзівіл, адзін са складальнікаў Статута ВКЛ 1529 г.



Рэшткі Геранёнскага замка ў пачатку ХХ ст. Паштоўка.



Менавіта па яго загаду у Новых Геранёнах на мяжы XV і XVІ стагоддзяў быў пабудаваны мураваны замак, які размяшчаўся на штучнай выспе.



Агульны выгляд Гераннскага замка. Рэканструкцыя паводле матэрыялаў М. Ткачова, мастак Я. Кулік. Крыніца: Энцыклапедыя Вялікае Княства Літоўскае. Т.1. С. 526.

Сам замак, як бачна, быў невялікі: 27Х27 м, меў чатыры цыліндрычныя вежы, пабудаваныя ў тэхніцы паласатай муроўкі з шырокім выкарыстаннем цэглы і каменю. Да паўднёвай сцяны замка прыбудавалі драўляны палац,  ў канцы XVI ст. палац пабудавалі з каменю.

Геранёнскі замак узвялі ў часы, калі значна ўзрасло значэнне артылерыі. Менавіта таму асноўная фунцыя абароны жыхароў замка была ўскладзена не на сцены і вежы, а на вонкавыя ўмацаванні - валы і рвы. Валы зрабілі такія высокія, каб яны надзейна закрывалі асноўную частку замка, і размясцілі іх даволі далёка, за 80 м ад будынкаў. У вуглах валоў зрабілі 7-кантовыя вежы-рандэлі, наверсе якіх можна было размяшчаць гарматы, а ўнутры  захоўваць прыпасы і рыштунак. Трапіць непрыяцелю ў замак было складана - справа ад уязной брамы існаваў бастыёнападобны выступ, які фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя доступы да брамы. Дадатковай перашкодай на шляху непрыяцеля быў Мікалаеўскі касцёл (пабудаваны ў 1529 г.). Абнесены мураванай сцяной, ён прымыкаў да абарончага рова перад брамай. Дарэчы, рвы не запаўнялі вадой спецыяльна, але самі яны, глыбокія і шырокія, былі дастатковай перашкодай для ворагаў.



Меркаваны выгляд замка на малюнку С. Прышчэпы. Крыніца: https://ivie-lib.by/informacionnie-resursi/bazy-dannyh/pomniki-gistoryi-i-kultury-iueushchyny/arhitektura/geranenski-zamak/?ysclid=lfux8zzkhh700007936

Вось у такім замку, як бачна на малюнку злева, і праводзіла гады свайго першага шлюбу Барбара Гаштольд з Радзівілаў.

Аднак у пачатку 1540-х гг. спачатку памёр Альбрэхт Гаштольд, а потым і ягоны сын Станіслаў, муж Барбары. Шлюб быў бяздзетным, таму Геранны вярнуліся да вялікага князя Жыгімонта Старага, а потым да ягонага сына Жыгімонта ІІ Аўгуста. Далейшая гісторыя замка падаецца ў розных крыніцах па-рознаму. Згодна з дадзенымі М. Ткачова, прыведзенымі ім у артыкуле для энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» (Т.1, с. 526-527), да 1588 г. замкам у Геранёнах валодалі розныя асобы, пазней Сапегі, а з 1643 - падскарбій ВКЛ М. Кішка. Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг. замак быў разбураны, але, відаць, неўзабаве яго зноў аднавілі. З 1670 г. Геранёны разам з Ліпнішкамі перайшлі ў дзяржаўнае ўтрыманне. У 1708 годзе у Геранёнскім замку разам з атрадам размяшчаўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі, але ў цэлым падчаса Паўночнай вайны 1700-1721 гг. замак прыйшоў у заняпад. У пачатку ХІХ ст. замак пуставаў, а потым, у сярэдзіне стагоддзя, яго пачалі разбіраць на ўзвядзенне ў суседняй вёсцы Ліпнішкі розных гаспадарчых будынкаў. На паштоўке, зробленай па малюнку Н. Орды і якая прыведзена ў пачатку паста, адлюстраваны стан Геранёнскага замка ў сярэдзіне ХІХ  ст. - засталіся толькі руіны вышынёй да першага паверха.



Сучасны выгляд на рэшткі замка ў Геранёнах. Крыніца: https://poshyk.info/zamok-geraneni/

У 2012-2018 гг. Геранёнскі замак быў уключаны ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі». У межах ажыццяўлення праграмы ў 2015 г. была праведзена кансервацыя рэшткаў рвоў, земляных валоў і рэшткаў сцен замка ў Геранёнах. 

Геранёнскi замак

Previous post Next post
Up