У асяроддзі сучасных язычнікаў існуе стэрэатып, што словы “Бог”, “Гасподзь”, а таксама “гаспадар” у звароце да боства і іншыя падобныя словы і спалучэнні з’яўляюцца хрысціянскімі, ніколі не ўжываліся язычнікамі, адпаведна, не могуць ужывацца і сучаснымі язычнікамі ў сваіх практыках. Але, як часта здараецца, рэчаіснасць не заўсёды можа адпавядаць стэрэатыпам.
У
папярэднім допісе ўжо ішла гаворка пра вярхоўнага бога, Дзіевас, у балцкай міфалогіі. Адзначалася, што Dyeus з’яўляецца адным з найбольш архаічных багоў, ушанаванне якога было вядома яшчэ праіндаеўрапейцам. Гэта быў вярхоўны бог, бог неба. Імя яго этымалагічна звязана з небам. Увогуле, яго імя замацавалася ў хрысціянскай тэрміналогіі (Deus, Dievas), ім называлі хрысціянскага бога.
Гэты вярхоўны бог быў вядомы і славянам, аднак ужо меў іншае імя - Бог. Тым не менш, тыпалагічна і функцыянальна ён адпавядае Дзіевасу. Але чаму славяне адмовіліся ад старажытнага праіндаеўрапейскага імя Dyeus для свайго вярхоўнага боства? Складанае пытанне, якое яшчэ патрабуе свайго адказу.
"Космас", Я.Драздовіч, 1943 г.
Славянскае bogъ роднаснае інда-іранскаму bаhа, bhaga - у першасным значэнні «ўдача», «доля». З гэтым словам этымалагічна звязана “багацце”. То бок бог - гэта той, хто надзяляе доляй, шчасцем, дабрабытам. Як бачна, імя адлюстроўвае ўжо іншыя аспекты ўспрымання боства. Тым не менш у славянскай традыцыі захоўваюцца рэшткі памяці пра Dyeus. У “Слове пра паход Ігаравы” згадваецца загадкавы Див, легенды ведаюць “Дивьих людей” (міфічны народ). Кампанент diw таксама прысутнічае ў славянскім слове "дзень". На мой погляд, у славянскай традыцыі тэонім Бог у дачыненні да індаеўрапейскага Dyeus з'яўляецца ўжо эпітэтам, які замяніў першапачатковае імя. Але даследчыкі выказваюць і іншыя меркаванні.
Ёсць думка, сувязь слова “Бог” з інда-іранскімі тэрмінамі невыпадковая. Менавіта іранская традыцыя праз зараастрызм здзейсніла трансфармацыю тэрміна, якім пазначаліся багі (“дэвы”) і вярхоўны нябесны бог. Дэвамі сталі называць злыя сілы, нячысцікаў, а гэта зусім супрацьлеглы сэнс. Падобная семантычная трансфармацыя з станоўчага на адмоўнае магла адбыцца і ў славянскай традыцыі. Гэта тлумачыць, чаму славянам спатрэбілася новае імя для вярхоўнага бога. Існуе меркаванне, што гэта адбывалася менавіта пад уплывам іранскай традыцыі.
Вярхоўнага бога згадвае візантыйскі аўтар Пракопій Кесарыйскі (6 ст.): “Они считают, что один только бог, творец великий, является владыкой над всем, и ему приносят в жертву быков и совершают другие священные обряды”. Але пры гэтым шанавалі іншых бостваў: “Они почитают и реки, и нимф, и всякие другие божества, приносят жертвы всем им и при помощи этих жертв производят и гадания”. У дамовах Русі з Візантыяй Бог таксама ўзгадваецца ў ліку галоўных бостваў: “…а имѣемъ клятву от Бога, в неже вѣруемъ - в Перуна и въ Волоса, бога скотья…,”, “…а те из них, которые не крещены, да не имеют помощи ни от Бога, ни от Перуна…”. Адпаведна, хрысціяне-іншаземцы пры хрысціянізацыі выкарыстоўвалі для пазначэння свайго бога менавіта тое імя, якім пазначаўся вярхоўны бог мясцовага насельніцтва. У выпадку славян - гэта Бог, у балтаў - Дзіевас.
Калі з паганскім паходжаннем “Бога” больш-менш зразумела, то прапаную пайсці далей і звярнуць увагу на імя-тытул “Гасподзь”. У хрысціянскіх тэкстах, як і ў народным фальклоры (легенды, замовы) “Гасподзь” часта замяняе імя Бог ці ўжываецца разам “Гасподзь Бог”. Гэтае слова таксама мае старажытнае паходжанне.
Што мелі на ўвазе язычнікі, калі называлі Бога гэтым тытулам-эпітэтам? Трэба адзначыць, што этымалагічна з ім звязана слова “гаспадар”. Абодва словы паходзяць ад праслав. *gospodь. Існуе меркаванне, што першапачатковай формай магло быць *gostьpodь. Гэтае слова роднаснае лацінскаму hospes, якое значыць: госць, чужынец, гаспадар.
Кампанент “госць” тут вельмі цікавы. У беларускай традыцыі, госць - гэта чужынец, прадстаўнік іншасвету. Гасцямі называюць памерлых, душы дзядоў. Калядоўшчыкаў і валачобнікаў таксама называюць “гасцямі” (“Госці з далёка краю, з-пад самага Раю”). Яны ўвасабляюць прадстаўнікоў іншасвету, надзяляюць і размяркоўваюць долю ад Бога. Ды і сам Бог сімвалічна прысутнічае ў складзе гасцей-калядоўшчыкаў у вобразе Дзеда, які ўзначальвае гурт. Бог сам з’яўялецца прадстаўніком іншасвету. У многіх легендах распавядаецца пра Бога-вандроўніка, які госцем прыходзіць да людзей. Кампанент “госць” уваходзіць у склад славянскага тэоніма Радагост.
Ёсць важная згадка, якая адносіцца да пачатку хрысціянізацыі славян. Ахмад ібн Руста (пачатак 10 ст.) прыводзіць малітву ў час жніва: “Господи, ты, который снабжал нас пищей до сих пор, снабди и теперь нас ею в изобилии”. Перад гэтым зярняты проса насыпалі ў коўш, які падымалі да неба, пасля чаго прамаўлялі малітву. Праўда, тут трэба мець на ўвазе, што малітва перакладная, наколькі аўтар верна перадаў тэрміналагічныя дэталі?
Гэтую славянскую малітву пачатку 10 ст. варта параўнаць з балцкай малітвай 16 ст., якую запісаў Мацей Стрыкоўскі: “O Wespocie Dewe musu Pergrubios!, то есть: О всемогущий Боже наш Пергрубиус! Ты отгоняешь прочь постылую зиму и изволишь приумножать по всей земле зелень, цветы и травы. Сейчас мы просим тебя, чтобы хлеб, посеянный нами, и тот, который мы собираемся сеять, изволил щедро приумножить, чтобы рос колосистым, а все плевелы изволь сам вытоптать”. Цікава, што перад гэтым падымалі посуд з півам да неба і пасля прамаўлялі.
Пераклад “O Wespocie Dewe musu Pergrubios!” можна зрабіць і так: “О Гасподзь Бог наш Пергрубіўс!” ці “О Гаспадар наш Бог Пергрубіўс!”. Як бачна, паганскі зварот фактычна нічым не адрозніваецца ад хрысціянскага. Гэта не мусіць здзіўляць, бо не ўся тэрміналогія была прыдумана хрысціянамі, шмат што выкарыстоўвалася мясцовага.
Літоўскае слова “Wespocie” (viešpats) мае некалькі значэнняў: 1) гасподзь, 2) гаспадар. Фактычна тое ж самае і ў выпадку славянскага “Гасподзь”. Гэты літоўскі тэрмін блізкі да стара-індыйскага jāspatiṣ - “глава сям’і”.
Такім чынам, паганскае славянскае імя-тытул вярхоўнага боства Гасподзь можа значыць: Бацька Сусвету і багоў, Гаспадар усяго. Імя Гасподзь часам замяняе імя Бог ці ўжываецца разам. Шырокае распаўсюджванне абумовіла яго замацаванне ў хрысціянскай тэрміналогіі разам са словам “Бог”. Адпаведна, зварот “Гасподзь Бог” сапраўды мог быць вядомы ў паганскай традыцыі.
У сувязі з гэтым магу выказаць наступную гіпотэзу. У замовах звароты да Госпада Бога, выразы кшталту “Я з духам, Гаспод з помаччу”, “Госпаду Богу памалюся”, “Зоры-зараніцы Гасподні памачніцы” і т.п. маглі быць часткай яшчэ язычніцкага фармуляра замовы, быць паганскай спадчынай, а не хрысціянскай навацыяй у замовах, як сёння прынята меркаваць. У выпадку, калі ўсё ж гэта была хрысціянская “навінка” ў замовах, то яна не была для людзей нечым зусім новым і незразумелым, а таму лёгка ўвайшла ва ўжытак.
Нават такі, здавалася б чысты хрысціянскі тэрмін “Збаўца”, “Спасіцель”, таксама мае паганскія антычныя карані. Сотэр - гэта эпітэт Зеўса. Сотэр значыць “Спасіцель”. Гэты эпітэт-імя стаў ужывацца ў дачыненні да Хрыста і ўвайшоў у хрысціянскі іменаслоў. У славянскай традыцыі эпітэту “Сотэр” адпавядае эпітэт “Спас”. Аднак незразумела, ці мог ён таксама быць вядомы язычнікам, ці гэта ўжо проста больш позні пераклад адпаведнага грэцкага тэрміна.
Слова “бог” ужывалася не толькі ў дачыненні да вярхоўнага боства, але і для іншых. Па аналогіі з першапачатковым індаеўрапейскім Дэўс і дэвы, у славянскай традыцыі - Бог і багі. Гэтая старажытная міфалагічная схема таксама перайшла ў народнае хрысціянства беларусаў. Богам называлі Бога-Айца, Творцу, а багамі - святах. “Багамі” таксама называюць іконы. Гэта захоўваецца і ў нашы дні.
Кароткае падсумаванне звестак пра вярхоўнага бога
Імя: Балцкая традыцыя (БТ) - Дзіевас (Dievas, Dievs, Deiwis). Славянская традыцыя (СТ) - Бог
Імавернае імя-тытул: БТ - Ненадзей, Акопірнас (і падобныя). СТ - Гасподзь.
Эпітэт: “Над багамі бог”, “Самы першы”, “Першы”, “Бацька-Неба”, "Нябесны"
Функцыі: Вярхоўны бог, Творца Сусвету, бог неба (дзённага светлага неба), суддзя ў замагільным свеце
Атрыбуты і выгляд: дакладна невядома. У фальклоры беларусаў і літоўцаў апісваецца ў выглядзе сівога барадатага старога, які жыве на небе і часам вандруе па зямлі адзін або ў суправаджэнні святых (багоў)
Культавыя месцы: пагоркі