1. Першая хваля масавага тыповага будаўніцтва жылых дамоў пракацілася па СССР пасля вайны на пачатку 1950-х гадоў. Пэўныя спробы тыповага будаўніцтва ажыццяўляліся ў Савецкім Саюзе і да вайны, можна узгадаць тыя ж ДАСы - дамы афіцэрскага састава, аднолькавыя чатырохпавярховікі канца 1930-х можна пабачыць і ў Мінску, і ў Гомелі, і ў Віцебску. Але такое будаўніцтва не мела масавага характару, і жыллё тое прызначалася з большага толькі для ваенных. У 1950-я ж вялікі калектыў архітэктараў з розных саюзных рэспублік стварыў вялікі каталог тыповых праектаў будынкаў грамадскага прызначэння: ад аднапавярховых індывідуальных дамоў, да школ на 660 вучняў, паводле якога забудоўваліся цэлыя кварталы ў гарадах па ўсяму СССР. Напрыклад, у Мінску на слыху назвы жылых раёнаў, такіх як Асмолаўка, пасёлак трактарнага завода, аўтазавадскі пасёлак і інш., якія ўзніклі як раз ў 1950-я. Шмат раёнаў з тыповай забудовай з'явілася ў іншых гарадах Беларусі. Не абышла гэтая практыка і Маладзечна, дарэчы, абласны горад ў 1950-я (Маладзечанская вобласць праіснавала з 1944 па 1960 гады). Пра адзін такі раён Маладзечна, збудаваны ў пачатку 1950-х паміж былым міжваенным гарнізонам Гелянова і новым гарадскім цэнтрам, я вам і хачу расказаць:
2. У генеральным плане развіцця Маладзечна ад 1947-га года адзначаўся вялікі недахоп жылля ў межах горада. У плане прадугледжвалася новае будаўніцтва 2-х і 3-х павярховых жылых і грамадскіх будынкаў у цэнтральным раёне горада, на галоўных вуліцах Рэвалюцыйнай і Камуністычнай і ў гарадку Гелянова. Дарэчы, сам былы польскі ваенны гарадок у Гелянова ў вайну пацярпеў мала і вялікая частка міжваенных будынкаў у ім захавалася (пра іх я неаднаразова пісаў у блогу, напрыклад,
тут і
тут). Гелянова хоць і было ўключана ў склад горада яшчэ ў 1929 годзе, але да канца 1940-х паміж ім і цэнтрам Маладзечна знаходзіліся вялікія абшары незабудаванай тэрыторыі. На нямецкім аэрафотаздымку 1941 года бачныя засеяныя палі на поўнач ад Гелянова, на гэтых "пахатных землях" і паўстаў у пачатку 1950-х новы жылы раён, сканцэтраваны вакол новаўтворанай вуліцы (а па факту бульвара) імя Маркава. Дарэчы, дамы 1950-х гадоў на сучасным гугл-здымку лёгка пазнаць па яскравых чырвоных і сініх дахах - слядах дажынкаўскай рэканструкцыі горада:
3. Вуліца Маркава названая так ў гонар Героя Савецкага Саюза Маркава Фёдара Рыгоравіча, які ў гады вайны кіраваў партызанскім рухам на Маладзечыншчыне, а да вайны быў актыўным дзеячом КПЗБ. Прозвішча Маркаў даволі распаўсюжанае ў нашых краях, муж маёй цёткі (не ведаю, як гэта будзе адным словам), таксама Маркаў, а яго маці пэўны час жыла на вуліцы Маркава і з-за гэтага ў яе часта здараліся невялічкія непаразуменні са служачымі розных дзяржаўных устаноў: "Прозвішча? - Маркава. - Адрас? - Маркава. - Адрас ваш? - Ну, Маркава, дом такі-та, кватэра такая-та. - А-а-а."
4. Вуліца і бюст на старым фотаздымку. Можна параўнаць як выраслі дрэвы за дзесяцігодзі:
5. Вуліца Маркава, як я ўжо казаў, гэта бульвар з пешаходнай алеяй у цэнтры паміж двума праезднымі часткамі з аднабаковым рухам. Пачынаецца алея ад аркі парка перамогі, які быў закладзены ў красавіку 1946 года:
6. Арка на старым здымку. Бачна, што паміж калонамі былі раней усталяваны вароты, напэўна, парк зачыняўся на ноч, ці ўваход у парк быў платны (у шапіках па баках ад аркі мажліва размяшчаліся касы). Зараз прайсці праз парк можна без перашкодаў у любы час. У глыбіні парка за аркай можна пабачыць пабелены помнік з фігруай падобнай на Леніна, да нашага часу помнік не захаваўся. Ці ведае
tam_erm што-небудзь пра яго?
7. Сучасны выгляд аркі. Дрэвы ў парку заўважна выраслі, на месцы Леніна паставілі помнік воінам-інтэрнацыяналістам, а за ім у глыбіні парка можна пабачыць шматпакутны помнік "Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі", які за апошнія пяць гадоў тры разы змяніў месца дыслакацыі і раскалоўся на две часткі:
8. Другі канец пешаходнай алеі на вул.Маркава ўпіраецца ў лялечны тэатр "Батлейка":
9. Архітэктурна гэта тыповы ДК 1950-х гадоў, якіх толькі ў Беларусі некалькі дзясяткаў (я пра гэта пісаў у пасце
тут):
10. "Батлейка" у гэтым будынку з'явілася ў 1990 годзе, а да гэтага тут размяшчаўся дом культуры будаўнікоў. Уласна кажучы, уся забудова вуліцы Маркава і наваколляў узводзілася для працаўнікоў мясцовага будтрэста. ДК на старым здымку, на пярэднім плане аўтобус маркі ЗИС/ЗИЛ-155 (1949-1957):
11. Час перайсці ўласна да жылой забудовы раёна. На пачатку вуліцы Маркава (з боку парка) і уздоўж вуліцы Машэрава (ідзе перпендыкулярна бульвару) тыповыя дамы размешчаны сіметрычна і ўтвараюць пэўны ансамбль малапавярховай архітэктуры. Але чым далей ісці па Маркава да лялечнага тэатра, тым менш там дамоў 1950-х і больш украпленняў пазнейшай архітэктуры. Бачна, што будаўнікам па нейкіх прычынах не удалося да канца рэалізаваць архітэктурны ансамбль уздоўж усяго бульвара.
12. Насупраць паркавай аркі па цотнаму баку вуліцу пачынае вуглавы Г-падобны 16-цікватэрны дом
серыі 1-211 тыпавы праект №1-211-3, архітэктар В.Л.Яснапольская. Дарэчы, вызначыць праект і серыю дамоў мне дапамог каталог тыповых праектаў, змешчаны ў суполцы
su_maloetazhki, за што вялікі дзякуй яе стваральнікам:
13. Праект адметны эркернымі выступамі і лоджыяй на рагу. Усяго ў раёне Гелянова пабудавана тры такія дамы, пра астатнія гаворка пойдзе ніжэй. На сцяне ж гэтага дома яшчэ размяшчаецца мемарыяльная дошка ў гонар Ф.Р.Маркава:
14. Эркер з арыгінальным шкленнем. Драўляных вокнаў з 1950-х на фасадах дамоў у Гелянова амаль не захавалася, павальная мода на шклопакеты зрабіла сваю чорную справу:
15. Від з двара:
16. Сіметрычна адносна дома №2 на няцотным баку стаіць больш просты знешне дый яшчэ бязлітасна адтэрмашублены Г-падобны дом №1 па Машэрава.
Серыя 1-222 праект №1-222-126, архітэктар Д.І.Бурдзін:
17. Далей па Машэрава зноў сіметрычна размешчаны два дамы
серыі 1-202 праекта №1-202-1, архітэктар Д.М.Меерсон. Дом №3:
18. Дом №4:
19. Увогуле, гэты і некаторыя іншыя савецкія тыповыя праекты 1950-х мне нагадваюць тыповыя праекты дамоў, што мелі распаўсюд у міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай ў 1920-я гады (параўнаце дом архітэктара Меерсона пачатку 1950-х з
домам архітэктара Боемскага пачатку 1920-х, які пабудаваны у Вілейцы). Паралелі яшчэ больш мацнеюць, калі прыгадаць, што польскія архітэктары таксама любілі ствараць ансамблі малапярховай архітэктуры з тыповых праектаў: урадавыя калоніі ў
Брэсце, у
Нясвіжы, у
Слоніме і інш. Выходзіць, што савецкія архітэктары ўзялі на ўзбраенне практыку польскіх калегаў 30-цігадовай даўніны.
На фота ганак дома №4 па вул.Машэрава, драўляны разны падстрэшак нібыта перакачаваў у праект з сялянскага дома:
20. Наступны дом №6 пабудаваны паводле больш простага
праекта №1-201-2 серыі 1-201, архітэктар С.А.Масліх:
21. Аналагічны дом №5 па няцотным баку:
22. Затым уздоўж вул. Маркава ідуць адразу па два вялікіх 18-кватэрных дома
серыі 1-255 з кожнага боку. Дом №8:
23. Дом №9. Так, гэта адзін з тых дамоў, пад'езды якога сталі героямі фоткі з майго
папярэняга паста "Дзень адчыненых дзвярэй".
24. Вось той двор з іншага ракурса. Я насамрэч не ведаю, чаму ўсе пад'ездныя дзверы былі адчыненыя і ці часта тут такое здараецца:
25. У двары дома №9 абнаружыўся атмасферны восеньскі корч - ВАЗ-2103 (1972-1984):
26. Марсіянскія тэхналогіі заладжвання прабоін з дапамогай плёнкі і скотча добра паказваюць сябе і на Зямлі:)
27. Дарэчы, чым яшчэ цікавыя такія раёны забудовы 1950-х гадоў, як у Гелянова, дык гэта тым, што за прыгожымі вулічнымі фасадамі тыповых дамоў у глыбіні двароў хаваюцца часта жудасныя збудаванні з крывых дошак і бітай цэглы, якія выкарыстоўваюцца жыхарамі як кладоўкі. Сарайчык за карчом яшчэ не самы горшы прыклад гаспадарчай пабудовы:
28. У суседнім двары знаходзіцца такая сараіна:
29. А бывае і яшчэ горш:)
30. Але вярнуся на вул.Маркава. У сярэдзіне бульвар перасякае вуліца Ясінскага, дарэчы, гэта напэўна адзіная ў Беларусі вуліца, названая ў гонар аднаго з кіраўнікоў паўстання Тадэўша Касцюшкі генерала і паэта Якуба Ясінскага. На перакрыжаванні на цотным баку стаіць тыповы вуглавы дом
серыі 1-255:
31. Насупраць яго былая кантора будтрэста, а цяпер маладзечанскі філіял Энэрганагляда і некалькіх іншых дзяржаўных устаноў. Будынак быў жэстачайшэ адкапіталены да дажынак:
32. За перакрыжаваннем Ясінскага і Маркава ў бок "Батлейкі" забудовы 1950-х гадоў амаль няма. Па няцотным баку сярод пазнейшых дамоў стаіць 18-цікватэрнік аналагічны дамам №7,8,9,10:
33. Сціплыя ляпныя "ізлішэства" праекта:
34. Вярнуся зноў да парка і вуліцы Машэрава, уздоўж якой сканцэнтраана астатняя частка забудовы 1950-х.
35. Від на дом з экрерамі з боку вуліцы Машэрава. На фота бачны бетоны куб вентыляцыі бомбасховішча:
36. Дамы уздоўж Машэрава стаяць у два шэрагі у шахматным парадку: аднія бліжэй да вуліцы, іншыя далей. Вось просты будынак другога шэрагу- дом №11а па Машэрава:
37. Дом №11 стаіць бліжэй да вуліцы.
38. Від з двара. Праект тыповы і часта дзе сустракаецца, але серыю я вызначыць не змог. Але зноў жа дом гэты, мне нагадаў тыповыя польскія двухпавярховікі,
якія можна пабачыць у Стоўбцах і Баранавічах:
39. У двары дома стаіць сіняя "буханка" - УАЗ-452 (1965-нашыя дні):
40. Цікава, што задняя дверца у машыне заварана, а замест яе зафігачана вакно ад РАФіка (RAF-2203 Latvija):
41. Яшчэ адна варыяцыя дома з эркерамі
серыі 1-211 праект №1-211-1:
42. З двара будынак выглядае вельмі проста:
43. За домам знаходзіцца акуратны сарайчык і грады:
44. Утульная лаўка ў двары, каб правесці вечарок з суседзямі:)
45. Будынак на мяжы з былым міжваенным гарнізонам гэта зноў жа вядомы вуглавы дом з эркерамі серыі 1-211. Від з двара:
46. За ім бачыцца масіўны сілуэт трохпавярховага афіцэрсакага дома 1930-х, пабудаванага для семьяў афіцэраў
86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які размяшчаўся ў Гелянова ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Цікава, што польскі міжваенны будынак выглядае больш сучасным і маладзейшым за пасляваенныя савецкія тыповыя двухпавярховікі 1950-х. Некаторыя жыхары Маладзечна нават думаюць, што афіцэрскія дамы Гелянова пабудаваныя ў 1960-я ці пазней, але яны безумоўна памыляюцца, дом на фота старэйшы за дамы на вул. Маркава на два дзесяцігодзі:
47. Мярзотная афарбоўка, якой "узнагародзілі" дом 1930-х гадоў рэспубліканскія дажыкі коліць вочы.
48. Добра, што суседні аналагічны будынак не чапалі:
49. Дом з эркерамі таксама атрымаў падарункі на свяце працаўнікоў сяла і займеў модную тэрмашубу і сінюю металадахоўку:
50. Ад вуглавога дома з эркерамі і афіцэрскага дома пачынаецца ўжо ўзгаданая вышэй вуліца Ясінскага. Яна мае Г-падобную форму таму і перасякае абедве перпендыкулярныя паміж сабой вуліцы Маркава і Машэрава:
51. Пайду ў бок цэнтра горада па вуліцы Машэрава:
52. Участак ад вуліцы Маркава да вуліцы Вольнай карацейшы і тут паміж двума вуглавымі дамамі ўціснулі толькі адзін даўгі двухпавярховы будынак. Будынак падобны на дом
серыі 1-221 праекта №1-221-137:
53. Вуглавы дом серыі 1-211 на рагу вуліц Машэрава і Вольнай, трэці з шэрагу дамоў гэтага тыпу ў Гелянова:
54. Насупраць яго
тыповая школа 222 праекта, архітэктары Н.М. Вавіроўскі і А.П. Веліканаў. Раней у гэтым будынку размяшчалася маладзечанская сярэдняя школа №2, але ў 1970-я яна пераехала ў новы будынак на вул.Чкалава. Затым у будынку па Машэрава знаходзілася вячэрняя школа і дом дзіцячай творчасці. У пачатку 2000-х я хадзіў сюды на заняткі гуртку "Што? Дзе? Калі?":
55. Далей па вул. Вольнай знаходзіцца дом ужо знаёмага
праекта №1-202-1.
56. Трохі далей размяшчаецца першы ў раёне Гелянова дзіцячы садок 1950-х гадоў, які таксама належыў будтрэсту. Праект пэўна ўжо канца 1950-х, зроблены пасля прыняцця загаду аб "ізлішэствах у архітэктуры":
57. Далей вуліца Вольная перасякаецца зноў жа з вуліцай Ясінскага. На маленькім участку Ясінскага ад Вольнай да Машэрава прытулілася два дамы з эркерамі
серыі 1-211 праекта №1-211-1:
58. На гэтым хачу закончыць свой маленькі паход па раёну забудовы 1950-х гадоў у Гелянова. Гэта безумоўна не адзіны такі раён у Маладзечна, калі вам будзе цікава магу напісаць і пра іншыя.
59. Пішыце лісты каменты, падпісвайцеся на канал і стаўце лайкі:)