Ёсць у мяне два сябры. Яны як браты-блізняты. Адно што рознаяйкавыя.
Два Максы, два нябачныя (невідочныя) партызаны беларушчыны. Шчур сноўдае па нетрах пражскіх піўнушак, Жвір нястомна чысціць дубальтоўку перад экранам свайго кампа на схілах Венскага лесу. Шчур ціхенька робіць сваё
"Невідочнае места" і піша-піша-піша, потым паперакладае, паздымае фільмы, пабрынькае трохі на гітары - і зноў піша. Жвір скануе-скануе-скануе, трохі папраграмуе і зноў варожыць на інтэрнэце, а потым усе лезуць да яго на
"Беларускую палічку" пачытаць якіх кніжак, або ў
слоўнік.орг, праверыць, як без памылак напісаць нейкае слова.
Абодва маюць жж, але хутчэй для парадку, для наяўнасці, бо іх жж таксама канспіратыўна-маўклівыя. Абодва сядзяць у скайпе, схаваўшыся, і толькі калі я падпішу свой статус "Жопа, таварышчы", бо неяк напраўду няхораша, - яны тут як тут: што за жопа, маўляў, дзе жопа? І чаму жопа, калі па-беларуску трэба срака?
Такія вось класныя яны, Чук і Гек Шчур і Жвір.