Пінск: у пошуках крэсовай архітэктуры #2

Nov 18, 2013 21:09

Працягваю сваё падарожжа па Пінску ў пошуках "міжваеннай" архітэктуры. Першую частку можаце пабачыць тут.

Нагадваю, што пост гэты знаходзіцца ў стадыі ўдакладнення і выпраўлення, таму не бойцеся каментаваць і выпраўляць мае хібы. Тым больш, што ў прыналежнасці часткі агледжаных будынкаў да "крэсовай" архітэктуры я не ўпэўнены. Такія будынкі будуць пазначаны словамі "удакладніць" альбо лічбамі "1917?" ў выпадку калі на шыльдзе будынка напісана дата пабудовы 1917 год, але я ў гэтым буду не упэўнены.

1. Другую частку пачну з будынка, які мы з Наташай напаткалі зусім нечакана, калі вярталіся з цэнтра на ўскраіну горада да сваякоў. Дом на вул.К.Маркса я пабачыў па дарозе праз вакно аўтобуса і вырашыў безадкладна выйсці і зафотадакументаваць для гісторыі гэты будынак. Вось ён:


2. Мне нічога не ўдалося даведацца пра гады яго пабудовы і пра тое, для каго ён быў узведзены. Адзінае магу сказаць, што гэты будынак вельмі падобны на дамы паводле праектаў польскага міжваеннага архітэктара Тэадора Буршэ (Teodor Bursze). Напрыклад, на гэты яго праект дому на шэсць сем'яў для Луцку:


3. На сённяшні дзень тут размяшчаецца "Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету":


4.


5. Від з двара:


6. Удакладніць. Побач з інспекцыяй, па вуліцы К.Маркса месціцца вялікі завадскі будынак, пра які я таксама нічога не ведаю. Па віду яго можна аднесці як да 1930-х так і 1950-х, але ўсё-ткі думаю, што гэта "пасляваенка":


7. Таксама па дарозе з вакна аўтобуса (выходзіць не было сілаў) паспеў засняць цікавы міжваенны драўляны асабняк у стылі функцыяналізма. Выбачайце за якасць здымка:


8. Але вернемся ў цэнтр Пінска. Тут акрамя шматлікіх жылых і гандлёвых пабудоў перыяду 1920-х, 1930-х гадоў захавалася шмат адміністрацыйных гмахаў. У першую чаргу хочацца прыгадаць, галаўное адзяленне "Банку Польскага", што паўстала ў горадзе ў 1925 годзе паводле праекту арх. Станіслава Шчэсняка (аrch. Stanisław Szcześniak):


9. Пра гэты будынак ужо пісалася на старонках kresy_arch у артыкуле: Аддзяленні Банку Польскага на "крэсах усходніх". Вось яго стары здымак:


10. Звярніце ўвагу, як лоўка савецкія ўлады ўпісалі герб БССР на месца "белага арла":


11. Дарэчы яшчэ адна банкаўская ўстанова - "Палесскі крэдытны банк" - размяшчалася ў гэтым будынку на той жа вул.Заслонава ("за польскім часам" вул.Агінскага), што і "Банк Польскі":


12. Яшчэ адзін вельмі цікавы міжваенны будынак усё па той жа вуліцы Заслонава - гэта паштовае адзяленне 1937 года:


13. Будынак адметны і трохі падобны на міжваенны будынак пошты ў Лідзе, пра які пісаў darriuss ў артыкуле Межвоенная архитектура Лиды. Звярніце ўвагу на арыгінальнае аздабленне будынка - стылёвы флагшток:


14. А таксама на грунтоўныя рашоткі на вокнах першага паверха. Падобныя стаяць і ў лідскім паштамце:


15. Від з двара:


16. Дэталі: функцыяналістскія балкончыкі без прыкмет функцыянальнасці - па-мойму на другім паверсе нават выхада на балкон няма:)


17. Дэталі: тэлеграфная мачта, магчыма захавалася з 1937 года:


18. Удакладніць. З загадкавых гмахаў цэнтра Пінска магу адзначыць гэты адміністрацыйны па выгляду будынак пач.ХХ ст. Падобна да таго неакласіцызму, які прасочваўся ў архітэктуры міжваеннай Польшчы першага дзесяцігодзя:


19.


Цяпер вернемся ў раён вул.Леніна і яе местачковай забудовы. Недалёка ад гасцініцы "Прыпяць" мы знайшлі пару дамоў пач.ХХ стагодзя.

20. Удакладніць. Адзін з іх стаіць у ценю савецкага гатэля:


21. Удакладніць. Другі дом знаходзіцца недалёка ад гэтага на іншым баку вуліцы:


22. Калі прыгадаць міжваеннае аздабленне будынка вакзала ў Брэсце, можна зрабіць вынік, што такія кулі на даху - характэрны элемент дэкора польскай міжваеннай архітэктуры:


23. З іншага боку ад гасцініцы, бліжэй да ракі стаіць такі непрыкметны дамок:


24. Пішуць, што каштоўнасць 1930-х:


25. Калі мы адыйшлі ад "Прыпяці" на ўсход да вул.Савецкай, то напаткалі вось такі цудоўны абразчык міжваеннага функцыяналізма:


26. 1928 год - пераходны час ад стылю нарадовага да функцыяналізму ў архітэктуры Другой Рэчы Паспалітай:


27. На безыменнай плошчы, на якую мы выйшлі па вуліцы Заслонава ад будынку былога "Банка Польскага" знайшлося некалькі цікавых "міжваенных" шматкватэрнікаў. Першы дом №39 па вул.Завальнай:


28. На другі я звярнуў увагу толькі дзякуючы шыльдзе, настолькі моцна быў зменены яго знешні выгляд, здавалася такой дробяззю, як плітка:


29. Тым не менш, гэты па выгляду тыповы савецкі "дом быту" - насамрэч міжваенка 1939 года:


30. Удакладніць. Наступны за гэтым будынак па вуліцы Горкага пазначаны як пабудова кан.ХІХ-пач.ХХ ст. Функцыяналісцкі паўкруглы "эркер" наводзіць на пэўныя думкі:


31. Хаця можа проста дарэвалюцыйны дом у 1930-я (ці ўвогуле ў 2000-я) перабудавалі такім чынам:


32. 1917?. Далей па вуліцы Горкага я пабачыў домік, які мяне парадкам здзівіў. Па выгляду характэрны функцыяналізм канца 1920-х:


33. А на шыльдзе - 1917 год:


34. 1917? На Горкага яшчэ ёсць некалькі дамкоў 1917 года пабудовы. Напрыклад гэтыя амаль блізнюкі, пабудаваныя ў цікавым стылі. Першы:


35. 1917? Другі:


36. 1917? Яшчэ дом на вул.Горкага з пазнакай перыяду пабудовы 1917-1928гг:


37. А вось чысцейшы функцыяналістскі "катэдж", кшталту Брэстскіх, на рагу Горкага і Камсамольскай:


Дадатак, альбо куды я не патрапіў.

Толькі зараз, рыхтуючы гэтыя пасты пра Пінск, я на сайце "Гісторыя Пінска" натыкнуўся на інфармацыю пра Палесскую біялагічную станцыю, што была пабудавана ў Пінску ў 1937 годзе. Пішуць, што гэты цудоўны будынак знаходзіцца паміж тэрыторыяй "Пінскдрэва" і Пінскай ТЭЦ на вул.Пераборнай і таму мала вядомы турыстам і самім пінчанам.

38. Фота станцыі 1937 года з сайта:


39. Стан на 2003 год:


40. Удакладніць. Але і гэта яшчэ не ўсё. На прасторах польскага нацыянальнага лічбавага архіву я натыкнуўся на фота акружнога суда, які нібыта знаходзіўся ў Пінску. Але пад час нашага падарожжа я там такой грунтоўнай міжваеннай архітэктуры не заўважыў, можа гэты вялікі будынак быў знішчаны ў вайну, а можа ў архіве памыліліся з месцам яго размяшчэння. Папраўце мяне, калі я не маю рацыі:

Заходняя Беларусь, прамысловы будынак / przemysłowy budynek, асабняк / dom wolnostojący, навуковая станцыя, апазнанне, жылы дом / dom mieszkaniowy, функцыяналізм, сучасны фотаздымак, адміністрацыйны будынак / budynek admini, банк / bank, драўлянае дойлідства, праект, неакласіцызм, пошта / poczta, bank polski, Пінск, закапанскі стыль / styl narodowy, стары фотаздымак, суд / sąd

Previous post Next post
Up