РАДЗІВІЛІМОНТЫ (ЧЫРВОНАЯ ЗОРКА) (Мінская вобласць)

Oct 31, 2014 20:04

Бачыць апошнія дні існавання гістарычнай спадчыны, гэта як глядзець на чалавека перад скананнем і ведаць, што хутка здарыцца непазбежнае. Такое адчуванне з’яўляецца калі патрапляеш у Радзівілімонты.



Першапачаткова землі вакол Клецка належылі каралеве Боне Сфорца, але ў 1558 годзе іх атрымаў род Радзівілаў. З гэтага часу яны перадаюцца ў спадчыну па мужчынскай лініі.

Прыгожы палац, ад якога нашым дзецям застанецца толькі падмурак, быў пабудаваны ў 1780 годзе на месцы старой барочнай сядзібы XVI стагоддзя і выкарыстоўваўся Радзівіламі як летняя рэзідэнцыя.




фота з radzima.org 2006 год

Будынак быў аднапавярховы, прамавугольны пабудаваны у стылі класіцызма паводле параекта знакамітага архітэктара Карла Спампані. Асаблівасць палаца - ўнутраныя сцены зроблены з цэглы, а вонкавыя з дубовага брусу, з дрэва былі зроблены калоны і дэкор палаца. Палац быў пафарбаваны ў бела і барвовы колеры. Яшчэ асаблівай рысай палаца можна лічыць наяўнасць у ім 18 кафлявых пячэй з малюнкамі Антона Смуглевіча, якія прастаялі ў будынку 200 год і былі разабраны ў 1980-я гады падчас рамонта. Мастак Смуглевіч займаўся таксама і дэкорам сцен палаца.


На першым паверсе рэзідэнцыі месціліся: вялікая заля, зімовы сад дзе выстаўляліся пейзажныя карціны, капліца са сценамі аздобленымі штучным ружовым мармурам. Калі ў правым баку палаца размяшчаліся парадныя пакоі, то левы бок з’яўляўся жыллёва-службовым. Адна лесвіца (бліжэйшая да вялікай залі) вяла да двух летнкіх пакояў на мансардзе, а другая лесвіца (на плане крайняя левая) вяла ў падвальныя скляпенні.




тое што засталося ад зімовага сада Радзівілаў



Зараз мы можам пабачыць толькі вось такі выгляд вялікай залі палаца.



А калісьці тут былі такія велічныя пакоі.

У 1875 годзе Марыя Радзівіл з Кастэлянаў заклала ў Радзівілімонтах парк, аб гэтай падзеі сведчыць камень, які знаходзіцца ў пачатку трохкіламетровай ліпавай алеі. Дарэчы, менавіта пры Марыі адбвыаецца каардынарная перабудова і нясвіжскага парка. Парк вакол летней рэзідэнцыі Радзівілаў быў высаджаны ў выглядзе падковы. Грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі злучалі палац з уязной брамай і гаспадарчымі будынкамі. На раке Цапра быў зроблены каскад з выспаў. На тэрыторыі радзівілаўскага комплекса размяшчаліся - драўляныя флігелі, будынак канцылярыі, свіран, стайня, вяндлярня, хаты для парабкаў і аканома, валовы млын, вадакачку, капліца, бровар, адрына, абора, гумны. Вадзяны млын, сушня і вятрак размяшчаліся па-за комплексам.

Пасля рэвалюцыі 1917 года палац быў аддадзены мясцовай моладзі пад клуб, флігель перарабілі пад свіран, кансервны завод атрымаў будынкі бровара, адрыны, стайні ды гумна. Будынкі канцэлярыі, дом аканома, парабкаў і вартоўня былі перададзены савецкіх сялянам пад жыллё.


фота з radzima.org 2006 год



фота з radzima.org 2006 год



фота з radzima.org 2006 год

У пачатку 1990-х гадоў у палацы згарэў дах, і пасля гэтага пачаўся перыяд знішчэння рэзідэнцыі. Знішчалі яе і дождж, і снег і мясцовае насельніцтва, якое разбірала старыя дубовыя сцены на дровы. Палац неаднаразова выстаўляўся на продаж, але завоблачная сума ў 80 тыс. у.е. за амаль разбураны палац выглядае проста здзекам над спадчынай.

Палац, які лічыўся адным з прыгожых і арыгінальных будынкаў ХІХ стагоддзя ўжо не вабіць да сябе турыстаў і аматараў гісторыі ў ХХІ стагоддзі, бо глядзець тут нажаль ужо няма чаго. Зараз ён павольна памірае і выратаванне яго не магчыма.

Радзівіл, Мінская вобласць, Вандроўкі Беларусь, Вандроўкі, Клецкі раён

Previous post Next post
Up