Наперадзе месяц восені і тры месяца зімы, калі светавы дзень не дазваляе вандраваць далёка і прыходзіцца складаць кароткія маршруты. Таму я раю вас наведаць цудоўную страўсіную ферму, якая знаходзіцца ў 3 кіламетрах ад Слуцка.
Ферма "Птушыны свет" знаходзіцца ў вёсцы Лесішча (Слуцкі раён).
Тут можна пабачыць і пакарміць не толькі страўсаў, але і іншую жыўнасць.
Дарэчы, яшчэ пры набыцці квіткоў гаспадары фермы распавядуць вам пра страўсаў і адкажуць на ўсе вашыя пытанні.
Вы пабачыце, што кралі ў сваіх клетках прарылі тунэлі і ўяўляюць сябе графамі Монтэ-Крыста, якія збягаюць з турмы Іф.
Гусі, цэсаркі, бараны, коні, фазаны вядома прыцягнуць не толькі дзяцей, але і дарослых. Гаспадары таксама разводзяць і парсючкоў.
Пры жаданні можна пакатацца на кані за асобную плату.
На ферме можна пакарміць страўсаў. І гэта будзе амаль самы ўражваючы момант наведвання для вас.
Вы пабачыце яшчэ малых страўсят.
Адчуеце, якія мы малыя ў параўнанні з імі. Страўсы ж дасягаюць вышыні 2 метры і важаць да 200 кг.
І кармленне страўсаў не для пужлівых скажу я вам.
Вераніка так і не адважылася сама іх карміць, таму нашаму таце прыйшлося трымаць яе за руку.
Таксама на ферме можна набыць страўсіныя яйкі, тлушч, мяса і кілбасу.
А калі пажадаеце можна нават і перакусіць.
Ферма прымае і вялікія экскурсіі, але пра іх трэба дамаўляцца загадзя. Вось сайт фермы з кантактамі
http://www.slutskstraus.fermer.by/ Мы атрымалі проста вялікае задавальненне ад наведвання яе.