Першыя ўзгадкі вёскі Мсціж Барысаўскага раёна адносяць нас у 1536 год, калі вёска была ўзгадана ў Літоўскіх метрыках у сувязі з маёмасным падзелам. Напрацягу шматлікіх стагоддзяў маёнткам валодалі Сапегі, Радзівілы, Тышкевічы, Саковічы, Храптовічы, Слізні, Булгакі і Валовічы.
Барысаўскі маршалак Мікалай Слізень атрымалі Мсціж у 1776 годзе ад Іахіма Літавора Храптовіча. Паступова землі пашарыліся і да маёнтка сталі адносіцца 6 фальваркаў і 23 вёскі, а таксама 10 000 гектараў пахатных зямель. Пры Мікалаі і яго сыне Юзафе Слізене (1780-1856) маёнтак дасягнуў свайго росквіту. У пачатку ХІХ стагоддзя быў пабудаваны палац, які ўяўляў сабой выцягнуты ў адну лінію двухпавярховы будынак, наперадзе знаходзіўся ганак з калонамі. Маёнтак быў абнесены высокім каменным плотам з каванай агароджай. Брама, якая захавалася да нашага часу была цэнтральнай ўязной, але ў маёнтку мелася яшчэ тры такіх брамы ў супрацьлеглых баках. Дзве вялі ў парк, трэцяя да гаспадарчых будынкаў. Чатыры брамы, агароджа і палац былі пафарбаваны ў аднолькавы белы колер.
Найбуйнейшага росквіту, як я ўжо казала, маёнтак Мсціж дасягнуў пры ўладарстве тут Юзафа Слізеня. Юзаф сабраў вялікую калекцыю кніг (каля 7 000), манет і медалёў (каля 2 000), мінералаў і прадметаў мастацтва. У маёнтку была закладзена аранжарэя, а ў прысядзібным парку налічвалася 3 500 разнастайных раслін. Асаблівасцю Мсціжскага маёнтка для суседзяў з’яўляўся заапарк з экзатычнымі жывёламі, дзе значнае месца было адведзена птушкам. Тут можна было пабачыць паўлінаў, лебедзяў, буслоў, жураўлёў, канарэек, некалькі відаў папугаяў.
Пасля смерці Юзафа, які бачыў сваё жыццё менавіта ў Мсціжскім маёнтку, яго нашчадкі не працягнулі традыцыю бацькі і маёнтак становіцца абсалютна звычайным месцам. Спачатку пераходзіць да старэйшай дачкі Ізабелы, якая была замужам за барысаўскім маршалкам Ігнаціям Булгакам (…-1848). Ігнацій, пасля смерці жонкі, ажаніўся другі раз на яе малодшай сястрэ - Тэкле Слізень. Праз пэўны час Мсціж перадаецца з пасагам Сафіі Булгак (дачка ад першага шлюбы Ігнація Булгака і Ізабелы Слізень) да Генрыха Валовіча. Але ў маёнтку Сафія не жыла, а здавала арандатарам.
Пасля смерці ўладанні Валовічаў былі падзелены ў роўных далях паміж дзецьмі Сафіі і Генрыха Валовіча. Уладзіслаў, Юзаф, Міхаіл, Марыя і Леанція атрымалі кожны па маёнтку. Мсціж пераходзіць да малодшага сына Міхаіла Валовіча (…-1919), які разглядаў яго толькі як месца для летняга адпачынку, куды выязджаў з Менску. У 1890 годзе ў палацы здарыўся пажар, які знішчыў спадчыну знакамітага Юзафа Слізеня. Тое што засталося ад палаца, было разабрана да падмурку, а новы аднапавярховы сядзібны дом быў пабудаваны ў іншым месцы. Некалі багатая калекцыя Юзафа Слізеня, якая месцілася ў палацы загінула ў пажары, а тое што атрымалася выратаваць Міхаіл Валовіч перавёз у свой менскі дом.
Перад Першай сусветнай вайной, усе будынкі маёнтка яшчэ знаходзіліся ў добрым стане, але ў віры гістарычных падзей, гарматы і людзі знішчылі іх. Апошняя кропка ў страце спадчыны Слізеняў у Мсціжы была пастаўлена ў 1930-я гады, калі мясцовы калгас засыпаў зямлёй падмурак са склепам аднаго з флігеляў і разабраў агароджу маёнтка на будаўнічыя матэрыялы.
Нам ад спадчыны Слізеняў, Булгакаў ды Валовічаў у калісьці прыгожым маёнтку Мсціж засталося толькі адзінокая галоўная брама.
Палац не адзіная гістарычная спадчына, якая ўхваляла Мсціж у нашай гісторыі.
Існуе Мсціжскае Евангелле, помнік старабеларускай пісьмова-кніжнай культуры ХІІІ-ХVII ст. Галоўнай асаблівасцю Евангелля з’яўляецца 350 прыгожа і разнастайна афармленных загалоўных літар. Пераплёт кнігі быў зроблены са скуры і аздоблены пасрэбранымі пласцінамі з выгравіраваным Хрыстом на крыжы і выявамі евангелістаў. І хаця Евангелле было знойдзена ў ХІХ стагоддзі ў Менску сваю назву атрымала ад надпіса зробленага ў ХVI ст. на першай і апошніх старонках кнігі. Запіс распавядаў, што менскі бурмістар Васіль Лах ахвяраваў гэты экземпляр царкве Св.Юрыя ў вёсцы Мсціж. У 1869 годзе кніга была перададзена Віленскай публічнай бібліятэцы, бо ўсё ж такі для тагачасных жыхатоў былой ВКЛ Вільня гэта сталіца дзяржавы, куды звозіліся ўсе гістарычныя рэчы знойдзеныя нашчадкамі ліцвінаў. Зараз Евангелле захоўваецца ў літоўскай Акадэміі Навук, а на Беларусі ў Барысаўскім краязнаўчым музеі знаходзіцца яе муляж.
фота з сайта
http://mstij.blogspot.com/ Мсціжскія мясціны багаты скарбамі. Так у мінулым стагоддзі не адзін раз вакол вёскі знаходзілі скарбы са старажытнарымскімі манетамі і рэчамі. А самая старая манета са знойдзеных датуецца ІІ ст. да н.э.
Пасля набыцця маёнтка ў 1786 годзе Мікалай Слізень пабудаваў у тут драўляную Крыжаўзвіжанскую царкву, якая згарэла падчас руска-французскай вайны і была адноўлена ў 1816 годзе Юзафам Слізенем. Царква дзейнічала да рэвалюцыі і пасля была зачынена і выкарыстоўвалася як сховішча да Другой сусветнай вайны. З прыходам немцаў дзейнасць царквы аднавілася, але не надоўга, у 1943 годзе яна згарэла. Аднаўляць храм пачалі толькі ў сярэдзіне 1990-х гады, а асвячэнне будынка адбылося ў 2001 годзе.
Фота з кнігі “Хрысціянскія храмы Беларусі на фатаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ ст.”
Яшчэ пры уладарстве ў Мсціжы Храптовічаў у 1760 годзе быў пабудаваны касцёл, які ў 1880 годзе быў перароблены ў капліцу і дзейнічаў да 1917 года. Капліца была зруйнавана падчас Другой сусветнай вайны.
З сярэдзіне ХІХ стагоддзя да Другой сусветнай вайны ў Мсціжы знаходзілася на цэнтральнай вуліцы сінагога. У 1941 годзе большасць з габрэйскага насельніцтва было растралялана, а астатняя вывезена ў канцлагер у Зэмбін. У 2007 годзе габрэйскае таварыства ЗША паставіла помнік загінуўшым у вёсцы.
Да гісторыі Другой сусветнай вайны адносіцца і Макавае поле каля вёскі. Тут у 1944 годзе немцы зладзілі вогнены кацёл для партызан, пасля якога на чырвоным некалі макавым полі засталося ляжаць каля 600 партызан.
Мсціжане ганарацца і тым, што каля вёскі адбываліся здымкі кіно. Кадры з краявідамі мясцін можна пабачыць у мастацкіх стужках “Людзі на балоце” і “Ідзі і глядзі”.
________
Для тых, хоча даведацца боле:
Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 1
http://be-x-old.wikipedia.org шукаем Мсціж дзе напісана даволі шмат пра вёску.
http://mstij.blogspot.com сайт гісторыі вёскі Мсціж.
http://selskajabiblioteka.blogspot.com блог Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Каладзеева.