Дзяды на курганах

Oct 29, 2016 22:16

У мінулыя гады традыцыйна збіраліся на Дзяды на курганах у Барысаве, але сёлета ўпершыню наведалі курганныя пахаванні ў лесе ў ваколіцах горада (прыблізна ў 5 км). У літаратуры пра іх згадак не сустракаў, але ахоўная шыльда ёсць, аднак без якой-небудзь інфармацыі. Проста "курганы" ды ўсё. Прыгадаў, што ў адной з вёсак, якая знаходзіцца адносна недалёка, запісаў паданне пра тое, што ў нейкіх курганах Напалеон закапаў золата. Мяркую, што меліся на ўвазе якраз гэтыя насыпы.

Курганы моцна ўразілі! Некалькі вялізных, вакол якіх і сёння бачны ровікі. Яны велічна ўзвышаюцца над іншымі курганамі. Шкада, што здымкі не перадаюць гэтага. Курганаў даволі шмат. Цікава, да якога паселішча яны адносіліся? На першы погляд, яно мусіла быць не маленькім. У той жа час, побач няма ракі.

І тут таксама заўважыў характэрную асаблівасць: курганы размяшчаюцца на пагорках. Ідуць насыпы, пасля нізіна - нічога няма, зноў пад'ём - і бачны курганы. Бліжэй да неба. Дзяды жывуць на нябеснай гары.

У курганах лісіцы нарылі шмат норак. Ёсць і нямала скарбашукальніцкіх ямаў. На дзіва нават тут прыйшлося папрацаваць і назбіраць смецця.

Пашанцавала з надвор'ем, калі аглядалі і прыбіралі курганы. Хоць было ўсё дужа вільготнае, але вогнішча наверсе самага высокага кургана распалілі адразу. Ушанавалі дзядоў. Уразіла незвычайная цішыня. Нават ветру не было зусім. І калі запалілі агонь, то дым ішоў уверх, а пасля ў бакі, нібыта ў туман хаваючы лес. А праз пэўны час, калі прыйшла цемра, абрынулася залева. Якраз у гэты час мы і сыходзілі.



Нара, як уваход у іншасвет...




Вось такі "ўлоў"


Сонца сядае


Ахвярны дым - да неба.






Панарамы







курганы, лес, паганства, народны каляндар, вогнішча, ДЗЯДЫ, Барысаўшчына, традыцыя

Previous post Next post
Up