Як бы мы спраўлялі Дзяды на Марсе? Вось такое пытанне нядаўна пачуў. І паспрабую паразважаць на гэтую тэму. Пытанне зусім не вар’яцкае і не дзівацкае. Я ўпэўнены, што праз пэўны час, у перспектыве яно будзе актуальным. Калі паглядзець, то ўжо сёння ўсё мацней гучыць тэма калоній на Месяцы ці Марсе, і падобныя ідэі рана ці позна рэалізуюцца. Ды і сёння агучанае пытанне актуальнае, бо прысутнасць людзей на арбіце - гэта ўжо штодзённая з’явы нашага часу. Як касманаўт спраўляе (ці спраўляў бы) Дзяды, калі быў бы прыхільнікам этнічнай Традыцыі, спавядаў сучаснае паганства?
На мой погляд, Дзяды на “Марсе” мы можам сабе ўявіць, бо мы добра ведаем, як святкуецца на Зямлі. І гаворка ідзе не пра знешнія атрыбуты, але пра сутнасныя рэчы. Акрамя таго, каланісты на іншай планеце ў пэўным сэнсе будуць сабе паводзіць, як каланісты на іншых кантынентах. Тут будуць працаваць тыя ж механізмы і працэсы, якія адбываліся ў часы індаеўрапейскага рассялення (індаеўрапейскае грамадства сёння з’яўляецца галоўным рухавіком засваення касмічнай прасторы).
Першыя каланісты на іншых планетах будуць узнаўляць мадэлі, якія характэрны для касмаганічных часоў і “Залатога веку” у міфалогіі. На новым месцы сярод першых людзей з’явіцца і першы памерлы, які ў міфалогіі на Зямлі займае важнае месца. Першы памерлы становіцца гаспадаром, боствам замагільнага свету, ці выконвае там нейкія функцыі. Умоўна такі чалавек можа нават успрымацца ў якасці першапродка. У беларускай міфалогіі Бай - першы чалавек на Зямлі і першы памерлы. Праз пэўны час па аналогіі з’явіцца новая міфалогія з новымі імёнамі, але ў сутнасці будзе паўтараць тое, што было на Зямлі. Так узнікне новы гаспадар свету памерлых, новае боства “марсіянскай” міфалогіі.
Таксама першыя пасяленцы сутыкнуцца з сітуацыяй, калі няма “паселішча памерлых”, але яно з цягам часу спатрэбіцца. Тут важнае пытанне, як будзе адбывацца пахаванне, які абрад, дзе будуць захоўвацца памерлыя? Калі па-за межамі прыдатнай для жыцця калонні (што цалкам лагічна), то трэба разумець, што гэта ўжо будзе зона абсалютнай смерці. Гэтая акалічнасць важная, пра што яшчэ будзе гаворка.
Ад формы абраду таксама будуць залежаць некаторыя іншыя абрадавыя дзеянні на “марсіянскіх” Дзядах.
Факт перасялення на іншую планету паўплывае на змены ва ўяўленнях пра Вырай. У міфах важнае месца займае вобраз прарадзімы. Вобраз Зямлі, адкуль паходзіць першая генерацыя каланістаў і, адпаведна, продкі ўсіх жыхароў на іншай планеце, набудзе таксама якасці Выраю. Цалкам верагодна, што ў новай міфалогіі Зямля будзе Выраем, куды пасля смерці ляцяць душы памерлых і адкуль яны прылятаюць на Дзяды. У такім кантэксце культ і вобраз Маці-Зямлі (яна ж адначасова і апякунка памерлых) набудзе новыя дадатковыя сэнсы і атрымае наступнае развіццё.
Калі на Дзяды тут і сёння цэнтральнай з’яўляецца ідэя роду, сям’і, то на “Марсе”, прынамсі ў першыя дзесяцігоддзі-стагоддзе, акцэнт будзе зроблены на той супольнасці каланістаў, што ёсць. На пэўным этапе адносіны ўнутры гэтай супольнасці будуць больш значнымі і мацнейшымі ў параўнанні з родам. Адпаведна, на першым месцы будзе калектыўнае ўшанаванне агульных продкаў, першапродка (штучны міфалагічны вобраз), у той час як ўшанаванне асабістых продкаў кожнага адыдзе ў другі шэраг.
У традыцыйнай культуры выразна прасочваецца тэма мяжы паміж светам жывых і памерлых. Гэтыя светы размежаваныя, але ў пэўныя вызначаныя моманты яны могуць перасякацца і быць адкрытымі адзін для аднаго. Дзяды якраз з’яўляюцца гэтым часам. Пры гэтым, паводзіны і правілы дачынення да “таго свету” дакладна рэгламентуюцца. Іх парушэнне можа выклікаць катастрафічныя наступствы. У іншыя моманты пранікненне з боку свету памерлых у свет жывых разглядаецца ў якасці негатыўнай і непажаданай з’явы, якую неабходна неадкладна ліквідаваць і аднавіць мяжу.
Восень, то бок малая працягласць светлавога часу, неспрыяльныя тэмпературы і ўмовы надвор’я, паміранне прыроды, разглядаецца як пашырэнне хаосу, разгортванне цемры і ўварванне іншасвету ў свет свойскі, свет культуры, які наадварот згортваецца. У такіх умовах паселішча і сядзіба з’яўляюцца апошнім апірышчам “свайго свету”. Дзяды спраўляюць у хаце не толькі таму, што хата - гэта адмысловы храм сям’і і ўсяго роду (месца, дзе калісь жылі ўжо памерлыя сваякі), але і таму, што хата - гэта сімвалічная крэпасць для жывых, якая яшчэ на этапе свайго будаўніцтва прадугледжвала абярэжныя функцыі. У гэтым месцы кантакт з іншасветам будзе найменш небяспечным у гэты час.
Але калі навакольная прастора можа быць патэнцыйна варожай для чалавека на Зямлі, то на іншай планеце наваколле будзе абсалютна смяротным для чалавека. То бок, значэнне мяжы на “Марсе” будзе мець не толькі сімвалічны сэнс, але больш чым рэальны. Адпаведна, паселішча - гэта адзінае месца, дзе могуць ладзіцца Дзяды. Нерэгламентаванае ўварванне іншасвету - безумоўная смерць. У такіх умовах святы (калі адбываецца сімвалічнае стварэнне, аднаўленне, умацаванне мяжы) набываюць яшчэ большую значнасць, чым на Зямлі.
Дзяды на Зямлі ладзяць увосень, калі змены ў прыродзе (перыяд згасання) ўплываюць на свята. Калі Дзяды будуць спраўляць на Марсе? Натуральна, там будзе іншы каляндар, бо іншыя прыродныя цыклы. Непасрэдна на Марсе таксама адбываецца змена сезонаў. Але ці будуць Дзяды таксама ўвосень? На Зямлі мы назіраем выразную залежнасць характарыстык каляндарных памінальных дзён ад сезонаў, бо яны моцна адрозніваюцца і ўплываюць на дзейнасць чалавека. Але ці будуць сезоны на Марсе такімі рознымі для чалавека? Ці можна казаць пра нейкі ўплыў на дзейнасць чалавека, калі круглы год навакольнае асяроддзе з’яўляецца смяротна небяспечным для людзей.
У такіх умовах, магчыма, не будзе каляндарнага памінальнага цыкла, як на Зямлі. Але будзе адзіны вызначаны дзень, прысвечаны продкам. Гэта будзе дата смерці першага чалавека на Марсе? Дата яго нараджэння ў знак адраджэння жыцця? Ці будзе выбраны нейкі сезон. Які? На першую думку, бачыцца час вясны, каб такім чынам падкрэсліць ідэю працягу жыцця і выжывання супольнасці. Ці гэта прывяжуць да цыклаў росту раслін ў “марсіянскіх” цяпліцах? Хаця апошняе будзе хутчэй уплываць на час святкавання “марсіянскіх” Юр’і, Дажынак, Багача…
Абрадавыя дзеянні могуць і не адрознівацца ад таго, што ёсць у нас, толькі са сваёй спецыфікай. Фортку не адчыніш, каб дзядоў запрасіць. Стравы на вячэру будуць залежаць ад той гаспадаркі і ладу жыцця ў паселішчы. Не зусім уяўляецца, ці будзе наведванне могілак і нейкая там праца? Тут шмат чаго залежаць ад абранага пахавальнага абраду.
З улікам важнай ролі Зямлі ў міфалогіі і гісторыі роду, можна паспрабаваць уявіць, што адным з элементаў запрашэння дзядоў будзе зварот у бок месцазнаходжання Зямлі на небе. Гэта, дарэчы, можа быць яшчэ адзін варыянт часу святкавання Дзядоў - момант з’яўлення/знікнення Зямлі на марсіянскім небасхіле. Гэта не складана, бо Зямля бачна з Марса нават няўзброеным вокам. Тут і сам каляндар (сакральны?) мо прывяжуць да квадраў Зямлі ці яе руху адносна каланізаванай планеты. На мой погляд, без прывязкі да вобразаў Зямлі новая міфалогія касмічных жыхароў не будзе існаваць.
Час пакажа. Але пабачым гэта дакладна не мы. Магчыма, што прыйдзе час, калі нашы імёны загучаць пад ружовым небам Марса з вуснаў нашчадкаў, якія будуць глядзець на маленькую далёкую зорку. “Святыя дзяды, прылятайце да нас…”
Усе выявы з сеціва