З новым годам, з новым шчасцем!

Dec 31, 2016 02:06

"З новым годам, з новым шчасцем!" Раней лічыў, што гэта тыповая савецкая віншавальная формула, але, як высвятляецца, не толькі не савецкая, але тутэйшая рытуальная.

У зборніку П.Шэйна "Беларускія народныя песні..." (СПб, 1874 г.) у раздзеле "Дажынкавыя песні" на с.212 надрукавана "рацея", якая была запісана ў Чашніках. Гэта малітва, зварот да Бога ў момант, "як дзеўка хлеб віншует":

"Благослови, Божа, ў каморы, ў оборы и ў поли и ў гумнѣ и дай уродзай зямли, дожжу; суши, грады, чары, насылання, ўси чартоўскіе дзѣла оддаляй, а зробь добра и милосць отъ Бога. Виншую васъ новымъ годымъ, новымъ счасццемъ. Дай, Божа, гэты годъ провесць у корысцы, ў радосци и ў добрымъ здороўѣ".

Па сваёй форме і сутнасці яна нагадвае паганскія малітвы пра ўраджай і дабрабыт. Іх ужо цытаваў раней.

Аднак хацелася б на іншае звярнуць увагу. У тэксце яскрава прысутнічае навагодні матыў. Тэма новага ўраджаю спалучаецца з новым годам. На першы погляд падаецца дзіўным спалучэнне, але калі прыгадаць, што з канца 15 стагоддзя ў праваслаўным асяроддзі новы год зацвярджаецца 1 верасня, то тады няма ніякай супярэчнасці, усё лагічна і зразумела. Гэта якраз перыяд, калі збіралі ўраджай, ладзілі Дажынкі. І, як бачыце, ужо тады было вядомае "цяперашняе" навагодняе віншаванне.

Усіх віншую з Новым годам, з новым Шчасцем!

народны каляндар, этнаграфія, паганства, свята, зіма, традыцыя

Previous post Next post
Up