Крыўцоў пасад у Полацку. Сакральная тапаграфія

Oct 14, 2016 22:24

Калі хто чытаў артыкул спадара Лобача "Да пытання аб сакральнай тапаграфіі старажытнага Полацка", той, напэўна, ведае пра асноўныя сакральныя мясціны крыўскай сталіцы: сутокі рэкаў Палаты і Дзвіны, на якіх узвышаецца Верхні замак з Сафійскім саборам (а раней мо было і свяцілішча), крыніцай, Барысавым камянём, ахвярнікам; Валова азярына, на берагах якой некалі нібыта былі "святыні Перуна і Бабы Ягі", а сама назва паказвае на Воласа/Вялеса.

У сваім артыкуле спадар Уладзімір адзначае: "Характэрна, што і ва Уладзіміры на Клязьме, капішча Вялеса/Воласа існавала па-за межамі ўласна горада, у яго бліжэйшых ваколіцах, дзе пазней быў заснаваны Мікольскі-Воласаў манастыр". І тут можа таксама быць яшчэ адна цікавая паралель з Полацкам, у якім ёсць яшчэ мясціны, што адносяцца да сакральнай тапаграфіі горада.

У XVI ст. на левабярэжжы Дзвіны ўзгадваецца "Крыўцоў пасад". Археалагічныя даследаванні, як адзначае Дзяніс Дук, паказваюць, што частка пасада была заселена ўжо ў Х - ХІІІ стст., а частка - ад XV ст. Даследчык піша, што на тэрыторыі Крыўцова пасада «над ручаём», на захад ад Слабод да Вострава, размяшчаліся Чортаў завулак «на гары», каля яго пралягала вул. Чортавая, апошняя - насупраць царквы Святога Міколы (упершыню згадана пад 1552 г. у «месте». Гэтая царква Святога Міколы была размешчана на гары (надпоймавая тэраса), праз рад забудовы ад р. Дзвіны. Размяшчэнне царквы св. Міколы каля вул. Чартовай выглядае далёка не выпадковым, калі ўлічыць факт суаднясення культа Св. Міколы і Вялеса, які ў народных уяўленнях мае розныя іпастасі, у т. л. «нячыстага», «чорта» ( гл. с. 35).

Дарэчы, калі не памыляюся, то ўпершыню сутыкаюся менавіта з вуліцай у гонар Чорта. Цікава было б яшчэ даведацца пра паходжанне назвы Крыўцовы пасад. Раптам ад крывічоў))

P.S. Пра гэты пасад ведаў з 2009 г., калі быў на той жа канферэнцыі ў Віцебску, але прыгадаў толькі сёння, калі гартаў выніковы зборнік.

святая крыніца, святое месца, паганства, паданні, камяні, гісторыя

Previous post Next post
Up