Часам вобразы традыцыйнай культуры немагчыма размежаваць на паганскія і хрысціянскія. Аднак у пэўных выпадках гэта магчыма зрабіць, прынамсі вызначыць крыніцу паходжання таго ці іншага матыва. Вось, напрыклад, возьмем уяўленні пра Юр'ю. Ці не найбольш распаўсюджаны ў літаратуры тэзіс пра вершніка Юр'ю змееборца, які грунтуецца на адпаведнай баладзе, духоўным вершы. Адсюль робіцца рэканструкцыя на мяжы нібыта "вядомага факта", што Юр'я - гэта ледзь не веснавое ўвасабленне Перуна (бо Юр'я змагаецца з Цмокам-"Вялесам"). Тут і прыгадваюць боства балтыйскіх славян Яравіта, якога лічаць богам вайны. І робіцца выснова, што Ярыла - Юр'я - Перун - гэта вершнік на Пагоне. І можа было б усё гладка і добра, каб не адно але. Забываемся пра вытокі сюжэта "Юр'я і Цмок".
На што варта спачатку звярнуць увагу - на юраўскія каляндарна-абрадавыя спевы. Гэта найбольш архаічная крыніца пра Юр'ю ў нашай традыцыі. Гэтыя тэксты непасрэдна адлюстроўваюць рытуал, за якім хаваецца вобраз "паганскага" Юр'і - веснавое боства, якое ходзіць па зямлі, прыносіць плоднасць і ўрадлівасць, адмыкае зямлю і вільгаць, фактычна апладняе зямлю. У спевах ёсць вобраз Юр'і на кані, але ён саступае сюжэту, дзе Юр'я проста ходзіць. Узяўшы том з серыі БНТ з песнямі вясны, заўважыў, што дзесьці 60-70% тэкстаў не маюць згадак пра Юр'ю і каня. І ў каляндарна-абрадавых спевах няма згадак пра Юр'ю і Цмока. Гэта сюжэт сустракаецца ў тэкстах іншага жанру. І ёсць падставы лічыць, што гэты сюжэт з'яўялецца запазычаным і раней быў невядомым у тутэйшай паганскай міфалогіі, у якой Юр'я быў богам вясны і ўрадлівасці, апякаў жывёл (коней), быў гаспадаром ваўкоў. З Цмокам змагаўся Пярун.
Можа камусьці будзе падавацца дзіўным, але сюжэт пра Юр'ю-змееборца з'яўляецца тут з хрысціянствам. Мы недастаткова надаем увагі ўплыву літаратурный традыцыі сярэднявечча на фармаванне народнай традыцыі. Яшчэ Я.Карскі, калі пісаў пра Юр'ю і Цмока, адзначаў паралелі з сюжэтам з еўрапейскага твору ХІІІ ст. "Залатая легенда" Якава Варагінскага - надзвычай папулярны збор гісторый пра святых. Фактычна няма сумненняў, што беларуская балада склалася на падставе гэтага твору. І не проста склалася, а пераказвае даволі падрабязна дэталі.
Калі чытаем твор Варагінскага, то адразу заўважым асноўныя матывы, якія нам вядомы больш па баладзе:
- горад каля возера, што было "як мора", у якім жыў Цмок
- людзі прыносілі ахвяры Цмоку спачатку штодзень па 2 авечкі, пасля прыносілі ў ахвяру дзяцей і моладзь. Выбар вызначаўся жэрабем
- дайшла чарга быць ахвярай да дачкі цара
- Юр'я быў рыцарам-вершнікам, які прыйшоў на дапамогу. Ён дзідай прыціснуў Цмока да зямлі
- Цароўна павязала Цмока поясам і прывяла таго ў горад, а людзі гэтага спужаліся
- Юр'я абяцаў забіць Цмока, калі цар і ўсе людзі прымуць хрост і будуць верыць у Хрыста (а значыць дагэтуль яны былі паганцамі). Хрост адбыўся, Юр'я забіў Цмока, адсёк галаву.
Вось гэта ужо вобраз Юр'і хрысціянскага, дзе святы з'яўялецца ваяром і пераможцам Цмока. Таму рэканструкцыя на гэтай падставе Ярылы/Юр'і, як увасабленне Перуна, не з'яўляецца карэктнай. Іншае пытанне, якімі крыніцамі карыстаўся Варагінскі ці аўтар падання, якім ён карыстаўся. Даследчыкі адзначаюць тыпалагічнае падабенства з антычным міфам пра Персея і Андрамеду. Андрамеда - дачка цара, якога народ вымусіў аддаць яе ў ахвяру марской пачвары. Персей забіў пачвару, выратаваў Андрамеду і ажаніўся. Хрысціянскі сюжэт, напэўна, заснаваны на паганскім. Аднак і тут мы маем справу з запазычаным сюжэтам, а не карэнным беларускім. Вось такі складаны і заблытаны лёс міфалагічных сюжэтаў.
Калі мы кажам пра традыцыйны вобраз Юр'і, то няма сэнсу яго дзяліць на складнікі. Юр'я ёсць змееборцам. Але калі спрабуем рэканструяваць вобразы паганскіх папярэднікаў Юр'і, то абавязкова трэба ўлічваць, што змееборчы матыў у фальклоры пра Юр'ю з'яўляецца запазычаным і не характарызуе паганскага Юр'ю.
Юр'я. Праца майстра П. Зяляўскага з в. Слабодка Браслаўскага р-на, 1988 г.