Камы, Саракі і Камаедзіца

Mar 22, 2016 21:18

Спадар Берман у другой палове ХІХ ст. пісаў, што, здаецца, на Валожыншчыне на свята "Паўраценне" (Аднойдзенне галавы Іаана Хрысціцеля), 9 сакавіка / 24 лютага, мядзведзь паварочваецца на другі бок у бярлозе, таму і назва свята ў народзе такая. А выходзіць ён з бярлогі на Саракі (22 / 9 сакавіка).

У ваколіцах Бягомля казалі, што мядзведзь выходзіць з бярлогі напярэдадні Благавешчання (24 сакавіка / 6 красавіка). У гонар гэтага вядома святкаванне Камаедзіцы. Існуе меркаванне, што назва свята можа паходзіць ад абрадавай стравы (камы), якую абавязкова гатавалі і елі ў гэты дзень.

Цікава, што захаваліся згадкі пра тое, што на Саракі таксама абавязкова гатавалі камы: "...Перад Саракамі збіраліся і піялі эту песьню, у хаці піялі, суседзі прыходзілі, а хазяін ужэ строіў стол..., і куцця зварана, і камы...Сорак варылі камоў і ўсякіх сартоў: мучаных, з бабоў, гарохавых, з калапнёў і макам абсыпалі, робілі камы такія...Тады гэтыя камы ядзём, гарэлку п'ём, птушак жджом, і назаўтра прылятаюць птушкі..." (Фальклор Міёршчыны: Каляндар. святоч.-абрадавыя традыцыі Міёр. р-на Віцеб. вобл.Мн., 2002. С. 22).

Вось так выяўляецца блізкасць розных святаў, але гэта не дзіўна, бо каляндарны час той самы.

А для ілюстрацыі Мішка з Налібоцкай Пушчы, якраз побач Валожыншчына)

народны каляндар, лес, жывёлы, паганства, свята, традыцыя

Previous post Next post
Up