Паданне пра Вялікдзень

Apr 30, 2016 12:28

Цікавае народна-хрысціянскае паданне пра паходжанне свята і яго назвы "Вялікдзень" было зафіксавана ў рукапісе XVI ст. (1583 г.), які паходзіць з Дзісеншчыны.

У "Сказанье о Великодни" распавядаецца, што калі Хрыстос уваскрос, то а шостай гадзіне ўзышло сонца і стаяла на ўсходзе на адным мейсцы тры дні, пасля стаяла на поўдні тры дні і ўрэшце два дні на захадзе; на восьмы дзень яно зайшло.

Адсюль і паходзіць назва свята, "Вялікі дзень", бо 8 дзён сонца не заходзіла і гэты час ператварыўся ў адзін дзень. Таксама гэта тлумачыць, чаму Вялікдзень святкуецца тыдзень да Праводнай Нядзелі, якая лічыцца восьмым днём Вялікадня (паводле Ластоўскі В. Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі. Коўна, 1926. С. 372).

Цікава тут звярнуць увагу на тое, што сонца ў гэты час рухалася па небасхілу: кожны этап велікодных святкаванняў адпавядае часу сутак (ранак, дзень, вечар). Падобныя сімвалічныя параўнанні выкарыстоўваліся ў дачыненні да іншых святаў. Напрыклад, у дні памінання дзядоў: "Сняданне па радзіцелях", "Абед па радзіцелях", "Вячэра па радзіцелях". Гэтыя дні таксама суадносіліся з пэўным сезонам году (вясна, лета, восень). Гэтая акалічнасць у чарговы раз падкрэслівае касмалагічнасць і цыклічнасць народнага календара.

Велікодная пісанка з выявай сонца з Сапоцкіна Гродненскі р-н

Вялікдзень, народнае хрысціянства, паганства, свята, сімвалы, народны каляндар, традыцыя, паданні

Previous post Next post
Up