Дзьвіна

Mar 13, 2008 22:33


Вусьце Дзьвіны

У Рызе больш за ўсё хацелася ўбачыць не крывыя нямецкія вулкі старога гораду, не бажніцу сьвятога Пятра і нават не знакаміты Домскі сабор… Страшэнна хацелася  паглядзець на вусьце Дзьвіны, дзе мая рака, увабраўшы ў сваю плыню Касьплю, Віцьбу, Улу, Палату, Дрысу і ўсе астатнія крыўскія рэкі, рачулкі і ручаі, дабягае да апошняй рысы і памірае ў моры. Я шмат думаў пра гэткае відовішча ў дарозе на Рыгу і нават спрабаваў ўяўляўляць сабе. Але выходзіла слаба. Дакладней, уяўная карцінка не складалася зусім, бо побач, таксама да Рыгі, годна і нясьпешна несла свае сакавіцкія воды прыгожая і жывая Дзьвіна.

У Рызе, калі выканаць жаданьне  стала  зусім проста, нешта ў душы маёй узбунтавалася супраць паездкі да вусьця. Я ўхапіўся за словы знаёмага літоўца пра ня дужа прыгожы тамтэйшы краявід, пра нязручнасьць транспартных камунікацый у тым напрамку, каб рашуча адмовіцца ад сваёй задумы.

Толькі зараз, у Полацку я зразумеў прыроду свайго раптоўнага сполаху. Пустая цікаўнасьць выпарылася імгенна, калі душу ахаладзіў Страх убачыць, як памірае і ператвараецца Морам у салёнае нішто малая любімая  Дзьвіна. А разам зь ёй і Лучоса, Нача, Дзісёнка, Вушача, Тураўлянка і ўсе астатнія крыўскія рэкі, рачулкі і ручаі - уся жывая вада маёй зямлі.

Магчыма, я паеду да вусьця Дзьвіны, калі адчую, што сьмерць сонца ў яе плыні мне бліжэй, чым яго нараджэньне. Можа быць… А гэтым разам я цешыў сябе і фатаапаратнае вочка Домскім саборам, бажніцай сьвятога Пятра і крывымі нямецкімі вулкамі старой Рыгі.

жыцьцё, сьмерць, Дзьвіна, тутэйшасьць

Previous post Next post
Up