Ня ведаю чаму, але на сутоках рэк ахоплівае мяне нейкае містычнае трымценьне. Здавалася б, нічога асаблівага - проста зьліваюцца дзьве рачныя плыні ў адзінае цэлае. Але вось кранае, штосьці варушыць у глыбінях сьвядомасьці вада леваруч і вада праваруч, калі ты стаіш паміж дзьвюх рэк, нібыта між сьмерцю і жыцьцём - роўна пясярэдзіне. Магчыма, гэдак цьвіляць мае ўяўленьні пракаветны архетып пра жывую і мёртвую ваду. Магчыма, штосьці дадае досьвед этнографа - тутэйшыя моцныя знахары бралі ваду для замоў менавіта на сутоках рэк ці ручаёў. На лапіку зямлі, што парадаксальна ёсьць двойчы берагам, левым і правым адначасова, ад даўніх часоў шанавалі багоў і ладкавалі сьвяцілішчы. Гэтае правіла перанялі і ў хрысьціянскую эпоху - за маёй сьпінай белая мураваная хатка касьцёлу, што атабарыўся тут у ХVII ст. Толькі ўсё адно, перапытваць, сумнявацца, раіцца, выказваць спадзяваньні ці маліцца - лепей пад шарым небам, на зямлі, што ёсьць двойчы берагам, між леваю ракой і правай, між сьмерцю і жыцьцём...