Музыка дарогі

Feb 19, 2017 18:19




Падмануць самога сябе і, нібыта незнарок забыўшыся, пакінуць мабільны тэлефон у кватэры. Праз увесь горад ісьці на бальшак, дзе, нібыта выпадкова, на першы запытальны ўзмах тваёй рукі спыніцца патрэбная машына. І маршруты супадуць да кропкі, узгодненыя кіўком галавы і прыязным, утульным маўчаньнем. У казачным мільгаценьні засьнежаных краявідаў нячутна загучыць музыка. Хай сабе чароўны Эйнаўдзі, бо ягоныя саўндтрэкі - лепшае прадчуваньне вясны ў шатах суворай і неверагодна прыгожай беларускай прыроды.
Дарога пустая, як кінатэатр, дзе кіно паказваюць толькі табе аднаму. Лясы, пералескі, палеткі, вёсачкі, азёры, барочныя клічнікі касьцёлаў і засьнежаныя цыбуліны цэркваў. Музыка не спыняецца, кіно таксама, а табе хочацца, каб і дарога не спынялася - бегла, зьвівалася, уздымалася на пагоркі, спускалася ў даліны... Доўга, доўга, доўга, пакуль не прымружацца салодкім мроівам вочы і не прысьніцца дзедава хата, лазьня на водшыбе з такім абяцальным дымком над страхою. І ў густой, моцнай пары скаламуціцца сьвет, і народзіцца наноў. І ты разам зь ім, шчасьлівы, што ёсьць твая краіна, твая дарога і нячутная музыка нашай агульнай вясны.

вясна, дарога, сказы

Previous post Next post
Up