Неяк ехаў бальшаком Бешанковічы - Лепель і не змог стрывацца, каб не завітаць у колішняе радавое гняздо Цеханавецкіх - Бачэйкава. Ліць сьлёзы (па колішняй прыгожосьці палаца і адным з самых шыкоўных рэгулярных паркаў Віцебшчыны) у шэры дзень, у шэрым аграгарадку не выпадае. Усё, што было - на старых чорна-белых фотках, а цяперака - новы саўковы фармат пад шыльдаю "Мы здароўя вам жадаем!" - мясцовая бальнічка.
Толькі ўсё адно было прыемна пастаяць, папаліць, блукаючы ўспамінамі ў фантастычным ліпені 1996 года. Як раз у гэтай бальнічцы і атабарылася полацкая археалагічна-этнаграфічная экспедыцыя. Археалагічнай часткай кіраваў Генадзь Семянчук з Гародні. Вясёлы і па жыцьці аптымістычны дзядзька змог пераканаць нават студэнтаў, што тупое калыпаньне ў руінах палаца мае вялікі сэнс і навуковае значэньне. Калі студэнт нарэшце губляў прытомнасьць у раскопе, то яго адлівалі вадой і выпраўлялі ў "поле" апытваць бабулек і здымаць пробы з сала і сырадою. Такім чынам да апатычнага і зьняверанага студэнта прыходзіла вера ў жыцьцё і справядлівасьць.
Футбол, сьпевы, танцулі, купаньне да адурэньня ў свавольнай Уле, рамантычныя цені ў старажытным парку... Чаго толькі не было! Больш падрабязна, сакавіта, з усёй гамай пачуцьцяў і перажываньня тое варта прапісаць ужо ў мемуарах. Хай толькі не накрые Альцгэймер! Пакуль, скажу толькі адно: група 95-Гіс, вы былі класныя!