Зімовы шпацыр

Jan 07, 2017 18:06




Па абедзе не змог стрываць, гледзячы на зімовую прыгажосьць за вакном, і выправіўся на шпацыр па Полацку.
Мароз у прызрыстым, сонечным паветры ажно зьвінеў. Рэдкія мінакі, забыўшыся на дэпрэсьняк шэрых, панылых дзён, перасоўваліся па вуліцах вельмі спартова і дынамічна, з шыкоўным румянцам на ўвесь твар. А Дзьвіна, наадварот, спынілася і замерла белай шырокай дарогай, ажно да Балтыкі. Менавіта такой парой і з'яўляліся ў нашых краях вікінгі. Калі прымружыць вочы, можна ўявіць сабе, як з-за выгіну ракі з'яўляюцца на сьнегаходах Рагвалод са сваёй дружынаю...



Позьняе сонца разам са сьнегам і насычаным блакітам неба ствараюць дзівосныя сьвяточныя сьветлацені. Калі нават дворык Брацкай школы выглядае неяк зусім па казачнаму. Хіба што не хапае калядных цацак на прыгожых ялінках.



У старым горадзе не відаць ні чалавека. Ды што там чалавека! Ні ката, ні сабакі, ні птушкі. Ня дзіва. Бо гэткай парой усе тутэйшыя, разам з катамі, сабакамі і птушкамі, сядаюць ля цёплай печкі (батарэі) і ў голас чытаюць "Шляхціца Завальню".



Сафія - па-за канкурэнцыяй. Фатаграфаваў яе ўзімку, ўвесну, летам і восеньню. Заўжды ўзьнёслая, заўжды прыгожая, і, натуральна, адзіная ў сьвеце.



У атмасферы марознага тэрору, калі ўсё жывое нерухомее і хаваецца ў цёплыя норы, звонкае цурчаньне Сьвятой крыніцы на Замкавай гары падаецца сапраўдным цудам. Лёгкая пара, што ўздымаецца ад вады ў неба, нясе багам нашыя малітвы...



Барыс-хлебнік пад вячыстымі дрэвамі, на тле палярнага неба глядзіцца проста эпічна. Нават у люты мароз гэты камень заўсёды цёплы. Калі пакладзеш далонь на ягоную шурпатую паверхню, адчуеш, як пульсуе крывёю вечнасьць.



Цішыня і спакой. Белыя хвасты дыму з комінаў, стамлёнае сонца, што хіліцца на Захад і вяшчуе куды круцейшы мароз... Глядзіш на Запалоцкае прадмесьце, а бачыш сваю вёску. Бабуля Ксеня завіхаецца ля печы, гарачыя бліны на стале... Уздыхаеш. Сыходзіш.



Alma mater. Тут зімовай цішыні доўга не пратрымацца. Дзень-два і езуіты-выкладчыкі сыйдуцца ў няроўнай барацьбе за веды з езуітамі-студэнтамі. Сэсія, братка ты мой, сэсія. А пакуль на паддашку галоўнага корпуса дамавік ледзь чутна выводзіць сароўныя калядныя найгрышы...

зіма, словы, шпацыр, Полацк

Previous post Next post
Up