Jun 24, 2013 21:45
З нагоды свята хачу пракаментаваць адзін стэрэатып. У масавую свядомасць увайшло меркаванне, што Купалле адзначалася менавіта ў дзень летняга сонцастаяння, то бок Купалле і ёсць дзень сонцастаяння. І часта можна пабачыць, як у сеціве апантаныя даказваюць, што толькі так, а ўсё іншае - гэта несапраўднае Купалле. Але гэта не зусім так. Карэктней будзе казаць, што Купалле - свята, якое прымеркаванае да дня сонцастаяння.
Справа ў тым, што гэта мы цяпер можам лёгка вызначыць, калі менавіта самая кароткая ноч, бо маем дакладныя храналагічныя і астранамічныя прыборы. А раней гэта было немагчыма. Напрыклад, у сярэднявеччы гадзіннікі (і тое рэдкасць) мелі толькі адну стрэлку, якая паказвала гадзіны. Хвіліны не лічылі, секунды таксама. А між тым, дакладны час сонцастаяння якраз і вылічваецца па секундах. А з улікам таго, што працягласць дня ў перыяд дзесьці з 18 па 23 чэрвеня адрозніваецца не больш на хвіліну, то зразумела, што ў сярэднявеччы і раней не магло існаваць такога паняцця як "дзень сонцастаяння", бо не было прыбораў, каб яго вылічыць. Гэта быў перыяд, пра што кажа і сама назва "сонцастаянне" - час, калі для неўзброенага вока сонца не змяняе сваёго становішча на небе. А таму дзень святкавання мог быць абраны фактычна ў любы ў гэты перыяд. Даты ў рэгіёнах могуць адрознівацца. Дзень святкавання маглі вызначаць праз стан сонца адносна пэўнага маркера (камяня, пагорка, слупавай канструкцыі і г.д.): напрыклад, сонца ўзыходзіць роўна над пагоркам - значыць сёння святкуем. Натуральна, што кропка назірання ў розных мясцовасцях будзе адрознівацца, а значыць дата магла плаваць у межах перыяду. Таксама не трэба забываць, што мясцовае надвор'е часам зусім не спрыяе назіранню за свяціламі, а таму таксама дакладны дзень сонцастаяння не можа быць вылічаны. Не выключаецца, што свята магло вызначацца і праз становішча іншых свяцілаў.
Фіксацыя свята адбылася ў часы хрысціянізацыі, калі святкаванне прывязалі да дня св. Іаана (24 чэрвеня, святкавалі ў ноч з 23 на 24), што таксама ў прынцыпе ўпісваецца ў перыяд сонцастаяння. А вось сучасная праваслаўная дата - 7 ліпеня ўжо адстае ад перыяду. Менавіта праз хрысціянскую фіксацыю мы цяпер маем традыцыйную дату святкавання. У нашы дні паступова адбываецца новая прывязка канкрэтна да астранамічнага дня. Па сутнасці, абедзве гэтыя фіксацыі не зусім адпавядаюць рэаліям язычніцкай эпохі, хаця і памылковымі іх таксама нельга назваць. Таму сучасныя спрэчкі, калі правільна " па-язычніцку" святкаваць: 21-га, 23-га ці 7-га выглядаюць дурнавата. Як і хрысціяне раней, так і нацыянальныя дзеячы зараз проста імкнуцца стварыць універсальную агульную мадэль, якая б ўсіх збірала разам. Ці варта гэта рабіць, ужо зусім іншае пытанне.
Купалле,
паганства,
свята