1.
Першы пост з серыі пастоў пра каўнаскую "міжваенку", якая зацікавіла мяне падчас нядаўняга падарожжа ў Літву. У міжваенны час Каўнас з'яўляўся сталіцай Літоўскай Рэспублікі (Вільня, нагадаю, была цэнтрам Віленскага ваяводства Другой Рэчы Паспалітай) і як сталіца, актыўна забудоўваўся ў 1920-я, 1930-я. "Міжваенка" у Каўнасе шматлікая і разнастайная. Па стылю архітэктура Літоўскай Рэспублікі адрозніваецца ад той жа польскай "міжваенкі", хоць у іх і маюцца агульныя рысы (як, зрэшты, і з савецкай архітэктурай тых часоў). Як мне падалося (можа і памылкова) літоўскія архітэктары міжваеннай пары абмінулі сваёй увагай так званы "нацыянальны мадэрновы стыль", які квітнеў у 1920-я ў суседняй Польшчы (закапанскія матывы, высокія дахі, барочныя шчыты і т.п.), і адразу звярнуліся да агульнаеўрапейскіх функцыяналізму і арт-дэко, з прымессю нацыянальных асаблівасцяў, безумоўна.
Але пра ўсё па парадку. У гэтым пасце мы пройдземся ад каўнаскага чыгуначнага вакзала па прашпекце Вітаўта (Vytauto prospektas), звернем на алею Свабоды (Laisvės alėja), паблукаем па яе наваколлях і завершым падарожжа на бадай самай міжваеннай вуліцы горада - вуліцы Кейстута (Kęstučio gatvė).
Паехалі!
2. Першую "міжваенку" можна пабачыць адразу па выхадзе з вакзала ў бок цэнтра горада. Шматкватэрны жылы дом 1930-х гадоў на цотным баку прашпекта Вітаўта. Будынак трохі абшарпаны, як, зрэшты, і ўся прывакзальная плошча ў Каўнасе:
3. На няцотным баку будынак таго ж перыяду, праўда ён нешта не надта падобны на жылы:
4. Увогуле, гэтая кампазіцыя з двух дамоў у створы прашпекта Вітаўта нагадала мне амаль аналагічную кампазіцыю з двух міжваенных дамоў ў створы вул.Міцкевіча ў Брэсце (фота з паста
Брэст: у пошуках крэсовай архітэктуры #3 (брэсцкі функцыяналізм: заканчэнне)):
5. Прывакзальная плошча з пешаходнага мосціка, хаця плошчы тут, уласна кажучы, няма, ёсць шырокая вул.Чурленіса (Čiurlionio gatvė), што ідзе ўздоўж чыгункі:
6. Міжваенны домік на Чурлёніса, сфотаны з вакна электрычкі:
7. Але вернемся на прашпект Вітаўта. Дом №30 на ім - яскравы прыклад функцыяналізму:
8. Пабудаваны ў 1930 годзе для дырэктара кампаніі "Drobė" Йозаса Даўгірдаса. У доме меліся шыкоўныя апартаменты, працаваў ліфт, на першым паверсе былі размешчаны крамы. Гэты дом адзін з апошніх праектаў літоўскага архітэктара Уладзіміра Дубянецкага. Вы не думайце, што я такі разумнік, і ўсё ведаю пра гісторыю літоўскай архітэктуры:) Проста падчас падрыхтоўкі да напісання паста я знайшоў цудоўны сайт "Даследчага цэнтра архітэктуры і горадабудавання" пры Каўнаскім тэхналагічным універы -
www.autc.lt, дзе сабрана шмат інфы пра каўнаскую "міжваенку". Вось і фотачка гэтага будынка адтуль:
9. Дом №49 - вайсковы шпіталь. Больш дакладнай інфы пра яго не знайшоў. Па стылі тыповы літоўскі функцыяналізм 1930-х: такія паралельныя лініі на фасадах вы яшчэ шмат разоў у гэтым пасце пабачыце
10. Далей, амаль напрыканцы прашпекта Вітаўта я натыкнуўся на такую вось перліну літоўскага мадэрнізму. Амаль 100% арт-дэко, хоць зараз каля дома дызельпанкаўскае кіно здымай:
11. Масіўны ўваход з калонамі і статуямі:
12. Дэталі:
13. Лоджыі:
14. Канец прашпекта Вітаўта, ўвогуле, амаль увесь міжваенны:
15. Нават гэты жылы дом па стылю, падобны да архітэктуры 1960-х, не выглядае зусім лішнім (ну можа трошкі:)):
16. Пройдземся па "міжваенке". Жылы дом на перакрыжаванні алеі Свабоды і прашпекта Вітаўта - арыгінальна выканана стужкавае асцякленнне лесвічнай клеткі:
17. У далечыні менш выразны міжваенны будынак - я так разумею зараз тут клініка:
18. У пачатку алеі Свабоды стаіць масіўны шэры адміністрацыйны будынак - у да вайны тут размяшчаўся галоўны офіс дзяржбяспекі Літоўскай Рэспублікі, упраўленне губернатара горада Каўнаса і раёна, а таксама раённая рада. У падвале знаходзіліся вялікі аўтамабільны гараж, кацельная і архіў:
19. Будынак узводзіўся ў перыяд 1932-1934 гадоў. Архітэктар Вітаўтас Ландсбергіс-Жамкальніс:
20. У савецкія часы тут размяшчалася КДБ. Праўда ж, вельмі ўдалы па стылю будынак для "міністэрства любові" атрымаўся:) Цяпер тут галоўны офіс літоўскай паліцыі ў Каўнасе:
21. Ідзем далей па знакамітай каўнаскай алеі Свабоды (яе нават рускамоўныя жыхары Літвы ніяк іначай як Лайсвес алеяй не называюць). Тут на перакрыжаванні алеі і вул.Міцкевіча ўзвышаецца бадай самы арыгінальны прыклад нацыянальнай літоўскай архітэктуры - клуб афіцэраў "Ramovė" (літ. званне, тытул), пабудаваны у перыяд 1931-1937 гадоў:
22. Рысы нацыянальнага тут праяўляюцца праз адсылкі да сярэднявечнай культуры Літвы. Будынак сапраўды падобны да замка (функцыяналістычны па форме і сярэнявечны па зместу): абліцоўка цясаным каменнем, шчыты і мацунак для паходняў на сценах, калоны, масіўныя рашоткі на вокнах першага паверху ну і, безумоўна, тры рыцарскія фігуры на даху:
22. Далей па алеі Свабоды (дом. №53) можна пабачыць больш звычны для міжваеннай Літвы функцыяналізм - былы будынак кампаніі "Pažanga":
23. Будынак узведзены у 1933-1934 гады. Архітэктар Феліксас Візбарас:
24. На перакрыжаванні алеі Свабоды і вул.Даўкантаса (Simono Daukanto gatvė) стаіць класічны функцыяналістычны будынак. Падобныя вуглавыя будынкі, як мне здаецца, увогуле, ёсць ува ўсіх больш менш буйных гарадах міжваеннай Еўропы ды СССР (паглядзіце
гэты пост, напрыклад):
25. Штаб-кватэра малочнай кампаніі "Pienocentras" была пабудавана на гэтым месцы ў 1931-1934 гады. Архітэктары Вітаўтас Ландсбергіс-Жамкальніс і Кароліс Рэйсотас. Па старому фота бачна, што арыгінальнае выгнутае шкло на вуглавых вокнах захавалася толькі на другім паверсе:
26. Алея Свабоды дом №71 - Каўнаскі тэатр юнага гледача перабудаваны ў пачатку 1950-х з кінатэатра "Metropolitain" 1928 года:
27. Хоць і выканыя гэтыя барэльефы ў часы соцрэалізма, але, пагадзіцеся, стылістычна яны вельмі блізкія да міжваенных статуй клуба афіцэраў і арт-дэко дома на прашпекце Вітаўта:
![](http://ic.pics.livejournal.com/yozas_gubka/17113240/851337/851337_original.jpg)
![](http://ic.pics.livejournal.com/yozas_gubka/17113240/850988/850988_original.jpg)
![](http://ic.pics.livejournal.com/yozas_gubka/17113240/850719/850719_original.jpg)
28. Зрэшты, класічнага соцрэалізма і сталініаса на Лайсвес алеі хапае. Раз:
29. І два. Парадная "сталінка" з арыгінальнымі (калі я не памыляюся) вывескамі:
30. Перакрыжаванне алеі Свабоды і вул.Льва Сапегі (Leono Sapiegos gatvė) - цяпер тут знаходзіцца будынак каўнаскага муніцыпалітэта, але будваўся ён як ашчадны банк у 1938-1940 гады:
31. Архітэктары Арнас Функас і Броніус Эльсбергас. У савецкія часы будынак займала літоўская партнаменклатура:
32. Справа ад будынка невялікі аб'ём - па віду таксама міжваенны:
33. Каля муніцыпалітэта стаіць вось такі помнік Вітаўту:
34. Побач з помнікам яшчэ адна грунтоўная "сталінка":
35. А за ёй перліна каўнасскай "міжваенкі" - будынак паштамта (1930-1932). Архітэктар Феліксас Візбарас:
36. Будаўнічыя агароджы на Лайсвес алеі упрыгожаны старымі фотаздымкамі горада, сярод якіх трапіўся і міжваенны паштамт:
37. Пагадзіцеся, вельмі выразны і лаканічны будынак. Нічога лішняга:
38. Дэталі: выгнутае шкло вуглавых вокнаў і масіўныя драўляныя рамы:
39. Зойдзем унутр - галоўная аператыўная заля ўпрыгожана па перыметру выявамі паштовых марак міжваеннай Літвы:
40. Аздабленне бліжэй:
41. Насупраць паштамту знаходзіцца прыземленае збудаванне казіно - па выгляду міжваеннае:
42. Хутка за паштамтам алея Свабоды пераходзіць з новага горада ў раён старога горада (пра які пост будзе пазней). На мяжы раёнаў стаіць такі цікавы вуглавы будынак, праўда, выглядае ён як пасляваенны:
43. А вось будынак насупраць яго дакладна міжваенны:
44. Сыйдзем з Лайсвес алеі і накіруемся на вуліцу Кейстута. На жаль, я не прайшоў яе ўсю, але таго, што я пабачыў, хапіла б на асобны пост. Вось напрыклад функцыяналістскі элітны жылы дом з крамамі на першым паверсе:
45. Пабудаваны ў 1932 годзе. Архітэктар усё той жа Феліксас Візбарас (о, ён падабаецца мне ўсё больш і больш). Пэўны час да вайны тут размяшчалася амбасада Польскай Рэспублікі:
46. Вуліца з якой рабіліся гэтыя здымкі вядзе, па-першае, да каўнаскай турмы, а па-другое, да бакавога фасаду Медыцынскага факультэта Універсітэта Вітаўта. Будынак 1931-1933 гадоў, архітэктар Уладзімір Дубянецкі. Над будынкам шэрай сцяной навісае гмах адной каўнаскай "заброшкі", пра якую пазней будзе асобны пост (увогуле "заброшак" і недабудаў у горадзе неяк зашмат):
47. Дом №32 па вул.Кейстута - прыклад рэдкага для міжваеннага Каўнаса неакласічнага стыля:
48. Насупраць яго - незразумелая пабудова пад вывескай "Oregona" - ці крама, ці кінатэатр, ці, ўвогуле, склад? Я не ведаю:
49. За "Арэгонай" у двары стаіць жылы дом з рысамі каўнаскага паштамта, бачна, што удалая форма атрымала далейшае развіццё:
50. Перакрыжаванне вул.Кейстута і вул.Даўкантаса - трохі простага функцыяналізма:
51. Па-мойму не самы ўдалы прыклад эксперыментаў са стылем - розныя формы вокнаў на кожным паверху выглядаюць неахайна, а лесвічная клетка занадта падобна на амбразуру ДАПа:
52. Класічны функцыяналістскі "катэдж", якіх
поўна і ў Брэсце:
53. Ідзем далей у бок прашпекта Вітаўта - просты адміністрацыйны будынак, па віду міжваенны:
54. Перакрыжаванне вуліц Кейстута і Гедыміна - цікавы дамок з рысамі арт-дэко:
55. Брутальны літоўскі функцыяналізм за вуглом - бліжэй я, на жаль, не падыходзіў:
56. Будынак 3-й каўнаскай гімназіі (1934-1935). Архітэктар Грыгор'юш Гуменіўкас прасіў у гарадскіх уладаў дазволу пабудаваць для сябе асабняк на гэтым месцы, улады дазвол далі, але з умовай, каб у асабняку размяшчалася яшчэ і гімназія. Архітэктару прыйшлося пацясніцца:
57. Далей, парачка жылых дамоў, падазраю, што за аўтарствам таго ж самага архітэктара, бо адчуваецца адзіны стыль:
58.
59. Змрочны корпус Каўнаскага тэхналагічнага універсітэта. Зуб даю, што міжваенны:)
60. Менш змрочны корпус таго ж універа на перакрыжаванні вуліц Гедыміна і Данелайціса:
61. Але ўвогуле, увесь гэты літоўскі функцыяналізм даволі змрочная з'ява і ў Каўнасе можна знайсці шмат месцаў з такой вось нуарнай атмасферай:)
Працяг будзе:)