Міжваенная архітэктура Каўнаса #2

Oct 28, 2014 15:03

1. Працягваем. Сёння паглядзім "міжваенку" у раёне касцёла Уваскрасення Хрыста - перліны літоўскага сакральнага функцыяналізма. Для тых, хто прапусціў учорашні пост пра міжваенную архітэктуру Лайсвес алеі і вуліцы Кейстута, вось вам спасылка: Міжваенная архітэктура Каўнаса #1 .



2. Сам касцёл знаходзіцца на ўзвышшы і да яго з алеі Свабоды яшчэ трэба дабрацца (лайдакоў, ципа мяне, на гару вязе фунікулёр). Па дарозе на скрыжаванні вуліц Гедыміна і Данелайціса можна пабачыць такі вось міжваенны жылы дом. Вежачка на рагу будынка выканана ў той жа стылістыцы, што і сам касцёл:


3. За домам - мадэрністскі "катэдж" архітэктара Арнаса Функаса, гады пабудовы 1933-1934:


4. Выходзім на вуліцу Путвінскіо (Putvinskio gatve), тут яшчэ адзін функцыяналістскі домік. На заднем плане бачыцца сэрца Лайсвес алеі - храм святога Архангела Міхаіла:


5. Падыходзім да фунікулёра:


6. Вакол яго некалькі функцыяналістскіх дамкоў:


7. І адна "сталінка" 1950-х:


8. Сам фунікулёр таксама міжваенная пабудова. Яго адчынілі ў 1931 годзе каб звязаць два раёны былой сталіцы - Новы горад (Naujamiestis) і Жалякальніс (Žaliakalnis), які знаходзіцца на ўзвышшы:


9. Кошт паездкі 1 літ (~4000 тыс. б.р.) з чалавека ў адзін бок - у параўнанні з віленскім фунікулёрам на гары Гедыміна за 7 літаў - гэта капейкі:)


10. Верхні тэрмінал фунікулёра знаходзіцца наўпрост каля касцёла Уваскрасення Хрыста:


11. Яго яшчэ зручна фатаграфаваць з агляднай пляцоўкі:


12. Побач жылы дом у стылі літоўскага функцыяналізма, толькі чамусці не атынкаваны (цікава, што ў раёне Жалякальніс я заўважыў некалькі такіх неатынкаваных міжваенных жылых дамоў). Падазраю, што дом прызначаўся для сям'і наглядчыка фунікулёра:


13. Але што я ўсё пра фунікулёр ды фунікулёр? Пара азірнуцца і паказаць вам нарэшче 70-мятровы касцёл ва ўсёй красе:


14. Ідэя пабудаваць у сталіцы незалежнай Літоўскай Рэспублікі агромністы храм, які б сімвалізаваў адзінства нацыі, ўзнікла яшчэ на пачатку 1920-х гадоў. У 1926 годзе быў арганізаваны камітэт па будаўніцтву, у 1928 годзе праведзены конкурс сярод літоўскіх архітэктараў. Работы, якія тады перамаглі, значна адрозніваліся ад таго, што потым было пабудавана. Вось, прыкладам, праца фіналіста конкурса архітэктара Кароліса Рэйсонаса:


15. Палац саветаў? Не, не чуў:) Зрэшты, Рэйсонас да 1933 года творча пераасэнсаваў свой праект і выдаў больш рэалістычны па кошце і больш сучасны па стылю варыянт:


16. У тым жа годзе пачалося будаўніцтва. Метады былі перадавыя, але фінансаванне падкачала, 70-ціметровы будынак так і не закончылі да 1940-га года, калі Літва ў выніку "самага чэснага ў свеце рэферэндума" (таго, што пад рулямі аўтаматаў) увайшла ў склад СССР. У вайну ў "недабудзе" арганізавалі склад, а пасля вайны ў 1952 годзе быў падпісаны загад аб пераробцы будынка ў радыёзавод. Каб не званіца, дык і не скажаш, што гэта былы касцёл:


17. Будынак быў вернуты вернікам у 1988 годзе, але працы па яго аднаўленні завяршыліся толькі ў 2006 годзе. З таго часу на плоскім даху касцёла дзейнічае аглядная пляцоўка, відамі з якой мы і паспяшылі насладзіцца ўсяго за 4 літа з чалавека (гэта калі самім па лесвіцы ісці, на ліфце даражэй). Пляцоўка і званіца (пра віды адтуль будзе асобны пост):


18. Сувяз з богам у фармаце GSM:)


19. Мінімалістычны інтэр'ер:


20. Касцёл Уваскарасення Хрыста - архітэктурная дамінанта Каўнаса. Яго добра бачна амаль з любой кропкі горада, напрыклад з вуліцы Кейстута:


21. У раёне касцёла шмат міжваеннай архітэктуры, у асноўным гэта невялікія жылыя дамы кшталту такога:


22. Люблю я такія згладжаныя вуглы:


23. Насупраць домік з цікавым афармленнем лесвічнай клеткі - гэтыя вертыкальныя шкляныя стужкі, я так разумею, адметная рыса літоўскага функцыяналізму:


24. Побач больш просты шматкватэрнік:


25. Ён жа з вышыні агляднай пляцоўкі:


26. Адтуль добра бачны яшчэ адзін дом, што стаіць у глыбіны двароў і з дарогі яго проста так не здымеш:


27. Таксама побач з касцёлам знаходзіцца яшчэ адно буйное міжваеннае збудаванне - пачатковая школа 1931 года пабудовы:


28. Першапачаткова будынак быў трохі меншы, як бачна на старым здымку. Добра, што новы аб'ём быў дабудаваны ў тым жа стылі, што і першапачатковая частка школы, з вуліцы цяжка нават разабраць, дзе скончваецца арыгінальны будынак і пачынаецца новы:


29. Від на школу з агляднай пляцоўкі:


30. У двары схаваўся яшчэ адзін па віду міжваенны "катэдж":


31. З "касцельнай гары" спусцімся не на фунікулёры, а па пакручыстай вуліцы Žemaičių, спрэс забудаванай "міжваенкай":


32. Хаця, гэта можа і "дарэвалюцыёнка":


33. Дэкор на якой утрымлівае "прароцтва" наконт таго, як праз стагодзе будзе выглядаць архітэктурная дамінанта сталіцы адной суседняй рэспублікі:)


34. Класічны функцыяналістскі "катэдж":


35. Яшчэ адзін неатынкаваны "мадэрнізм":


36. Брутальны шэры дом на спуску:


37. Класічныя рысы літоўскага функцыяналізму - паралельныя лініі на фасадзе, якія нібыта аддзяляюць аконныя блокі ў асобны аб'ём:


38. Суравы функцыяналізм у зарасцях:


39. Больш просты дом у стылі функцыяналізму з мемарыяльнай таблічкай на сцяне:


40. Магчыма, гэта сучасная варыяцыя на тэму міжваеннага функцыяналізма, а можа і арыгінал, не ведаю:


41. Позірк на касцёл з канца вуліцы:


На гэтым пакуль развітваемся. Наперадзе яшчэ адзін пост пра "міжваенку":)

падарожжы, Літоўская Рэспубліка, фота, Каўнас, архітэктура

Previous post Next post
Up