Экскурсія "Па лесвіцах Мазыра"

Nov 15, 2014 19:37

Першы год жывучы ў гэтым горадзе я зусім яго не разумеў. Ну як так можна: паміж пунктам А і пунктам Б метраў 507 максімум, а каб туды дабрацца трэба хвілін 30 піліць на аўтобусе, яшчэ і з перасадкай на Прымаставой. Нават на машыне хвілін 20, а то і больш. Пехатой таксама ня пройдзеш, дзе там. А ўсё гэта праз тыя самыя знакамітыя мазырскія горы і яры. Там на схілах кусты, яміна на яміне, балота на балоце, ды і вугал такі, што і танкам лепш не сунуцца. Зараз жа з майго прыезду прайшло ўжо больш за два гады, я вывучыў горад і магу спакойна абганяць аўтамабілі. І без асобай рызыкі для здароўя. Бо цяпер ведаю ўсю сетку мясцовых лесвіц, якія, па-большасці, хаваюцца ў зусім нечаканых месцах.



Гэты допіс ваяўся рэкордна доўга, пэўна, месяцаў шэсць. Менавіта ў маі гэтага года ўпершыню і абсалютна выпадкова натрапіў на такую прыхаваную старую драўляную лесвіцу. Адразу здагадаўся, што іх у горадзе павінна быць вельмі многа. Стаў пытацца ў знаёмых, шукаць на мапах і проста ў сеціве. Ідэя зладзіць экскурсію па лесвіцах Мазыра зьявілася ўжо недзе на другім па ліку знойдзеным аб'екце. Вось з таго часу шукаю, фоткаю іх "на утюг", малюю планы. На сённяшні дзень маршрут экскурсіі збольшага падрыхтаваны. Яшчо б к зіме зрабіў, ага. Ня ведаю толькі, чаму пішу гэта зараз тут. Пэўна таму, што прывык з вамі ўсім дзяліцца :) На дворы глыбокая восень і хадзіць па некаторых лесвіцах небяспечна. Калі вы канечне любіце, каб усе косці былі ў цэласці. Так што сёння-заўтра то не, а вось вясной усіх запрашаю скараць Мазырскія горы. Па лесвіцах, канечне. Ну, збольшага па-лесвіцах :) А цяпер падрабязней.



Планы даволі схематычныя, але разабраць маршрут можна. Поўная версія экскурсіі павінна б пачынацца са Станцыі (1). Проста таму, што там вельмі крута. Ды і першая лесвіца менавіта там. (Лесвіцы на карце пазначаныя шасціканцовай зоркай. Не пытайцеся чаму, проста так атрымалася:)). Яна не вялікая, затое металічная, што для Мазыра рэдкасць. Плюс там шмат цікавых аб'ектаў, ну я вам расказваў ужо.



Думаю, рэдкі авантурыст хадзіў пехам са станцыі да горада. Многія нават упэўненыя, што гэта немагчыма.



Але ўсякія дарожкі праз балотцы і цікавыя лесвіцы нам у дапамогу. Вось, напрыклад, лесвіца паміж вуліцамі Заслонава і Гастэлы. Чорт, у Мазыры ўсе вуліцы яшчэ дагэтуль з савецкім нэймінгам.



Але поўная версія экскурсіі завялікая для аднаго дня. Таму пачнем з набярэжнай Прыпяці, каля закінутая вуліца Языковіча (2). Пісаў пра яе тут. Але такое трэба ўбачыць на свае вочы.



Далей вуліца Чапаева з рэшткамі Чапаева і помнікам заводу ЖБВ. Ну, ці наадварот, нешта я заблытаўся :)



Адна з двух лесвіц паміж Чапаева і Пралётам. На фота яна не так "унушаіць" як у рэале. Затое ў левым верхнім куце можна зацаніць "рысавыя плантацыі". Там можна даць кругаля і вярнуцца на марўрут.



Лесвіца ад набярэжнай Прыпяці на Пралёт (паміж Савецкай і Апанскага). Прыкладна 300 м, драўляная, вельмі маляўнічая. Адна з пярлін нашай калекцыі.



Пад нумарам тры на плане схаванае месца, дзе можна крыху падсілкавацца. Дэмакратычная "Бутэрбродная" і "мажорскі" "Стары замак". На любы густ. Далей спуск у першы сур'ёзны яр. Там зараз пастаральная вуліца Нагорная. На фота лесвіца паміж Нагорнай і вуліцамі Крупскай і Рыжкова. Збоку дзе-нідзе можна ўбачыць рэшткі старой больш як стогадовай лесвіцы.



Цяпер я падымаюся тут даволі часта і кожны раз у канцы ў галаве круціцца "дзякуй, што жывы" :)





На гэтым плане вельмі насычаны лесвіцамі адрэзак. 3 пад'ёмы і каля кілометра лесвіц - гэта вам не абы што. Затое ёсць дзе аддыхнуць і на што паглядзець. Вунь, напрыклад, Мазырскі замак. На самой справе не. Гэта асабняк на Пушкіна, былая дзіцячая больніца.



Пад пунктам пяць стары жыдоўскі Мазыр. Там яшчэ і дагэтуль могуць паказаць, дзе былі да вайны сінагогі. Спуск на вуліцу Ленінскую, цэнтральную. А так і не скажаш. Тут лесвіца калі і была, то вельмі даўно. І рэшткі яе амаль нераспазнавальныя. Парэнчы ж гэтыя, відаць, паставілі не так даўна, бо бяз іх ня дужа і паскачаш па гэтай мясцовасці.



На Ленінскай шмат экскурсійных аб'ектаў: лічы ўсе рэшткі старога горада. Далей самая папсовая лесвіца - з Ленінскай да стадыёна "Спартак" - але без яе ніяк. Дзе вы яшчэ ў Беларусі знойдзеце такі модны паўкіламетровы пад'ём. Фота нават не з сярэдзіны, гэта самы пачатак шляху.



Хто не адчувае ў сабе столькі сілы, можа скарыстацца адным з двух абыходных серпантынаў. Нават Ната ўвосень была тут першы раз у жыцці.



Стадыён "Спартак" (6), самы старажытных у горадзе. Па баках аркі ўмураваныя 2 касы. Тут дух 50-х гадоў не разыйдзецца пэўна ніколі. Да вайны ж на гэтым месцы быў прыгожы гарадскі сад.



Вось так павінна выглядаць каментатарская будка для Васі Уткіна і проста для ўсіх нехарошых каментатараў. Сталіна на іх няма, кароча.



А яшчэ за стадыёнам ёсць закінуты помнік памерлым змагарам супраць контррэвалюцыі ў 1918 - 1920 гг. Ну як помнік? Так, пастамент адзін застаўся. І мемарыяльныя таблічкі на зямлі. Сюды не вядзе ніводная дарога, можна прайсці толькі па сабачых сцежках. Раней жа на схілах не было дрэў, скульптурная кампазіцыя была відаць з любой кропкі горада.



Яшчэ год 25 таму тут было больш людна. І надпісы ўсякія вясёлыя пра банды Пятлюры і Струка, пра галаварэзаў Булак-Балаховіча і Савінкова.



І горы там клёвыя.



Старая лесвіца з "17 верасня"  на Ленінскую. Нажаль ніяк не змог упісаць яе ў маршрут. Можа яшчэ да вясны пакумекаю і ўпхну :)



Далей па маршруце шыкоўны спуск ад дзесятай школы (Фрунзэ) на Калінік (Старая назва суч. вул. Калініна).



Сам Калінік (8) вельмі клёвы. І летам...



І ўвосень. А ўсе фота зробленыя на прас, ну вы памятаеце.



Пад'ём з Калініка на Інтэрку. Старая драўляная лесвіца, але з падсветкай. Так што можна і апцямнець, не страшна.



Спуск з Інтэркі да падножжа легендарнай гары Шайтан (7).



Від з лесвіцы на супрацьлеглы бок Калініка, недзе там школа нумар 10.



А гэта гара Шайтан. Па фота не скажаш, але падымацца на яе вельмі "стромна", тым больш мы гэта рабілі ўвосень ужо. Тут прам адчуваецца нейкая магія. А яшчэ проста на гары жывуць вавёркі, у Мазыры іх бачыў толькі там.



Праз невялікі мосцік з гары можна перайсці ў завулак і хутка выпаўзці на Інтэрку. Тут недзе кілометр да найвышэйшай кропкі Гомельскай вобласці (9). Там абавязкова трэба зачыкініцца :)



Далей маршрут старажытнай сцежкай ідзе праз спартыўна-аздараўленчы комплекс "Мазыр" і былую вёску Булаўкі аж да гарадзішча ва ўрочышчы Кімбараўка (суч. вул. Гогаля). Самы маляўнічы адрэзак усяго маршрута, дарэчы.



І Гарадзішча (10) прыўкраснае. Дзе яшчэ ў горадзе можна ўбачыць пчаліныя домікі на дрэвах. На гэтым фота не запечатліно, але там ёсць і старыя калоды на дрэвах. Таксама грэх не зачыкініцца.



Спуск ад Гарадзішча ў Кімбараўку, завулак Фабрычны. Пэўна ў гонар старой запалкавай фабрыкі "Маланка", што размяшчалася ў мурах аджатага ў цыстэрыянцаў кляштара.



Від з Новага маста на мора-акіян Прыпяць. Кімбараўка злева.



Ну і заключны адрэзак экскурсіі пятляе праз вуліцы Гогаля, Талстога, Купалы і Коласа.



Тут яшчэ некалькі лесвіц і многа цікавых і пазнавальных відаў. Вось на фота напрыклад тое, што чакае Мазыр, калі раптам усе людзі знікнуць. Увесь горад спаўзе ў яры. Гэтыя гаспадарчыя пабудовы без дагляду ўжо спаўзаюць. Усё дно, дарэчы, завалена цэглай ужо праглынутых будынкаў.



Мазыр увогуле заложнік свайго геаграфічнага палажэння. Яшчэ сто гадоў таму на мясцовых "гарах" на тэрыторыі горада амаль не было дрэваў. Схілы ж дык і ўвогуле былі голыя. Кожны лівень па-троху размываў горад.



Толькі ў 60-х - 70-х дадумаліся ўмацаваць схілы каранямі дрэў. Атрымалася не так маляўніча, затое горад яшчэ троху пастаіць :) Гэта я пра старэйшую яго частку, канечне. Большасць людзей жа жыве ў новых мікрараёнах, на раўніне :)

Скончыцца экскурсія апошняй невялічкай лесвіцай - прыступкамі бара "Кімбараўка". Пасля такой дарогі грэх троху не разгавецца медавухай. Вы ж памятаеце? Хто ня піў медавухі - той ня быў у Мазыры :)



Малюнак з маёй " Магічнай мапы Мазыра".

Ну вось, неяк так. Больш за 15 (поўная версія) кіламетраў шляху, больш за два кілометры толькі адных лесвіц, горы, яры, ірвы, лясы, балоты, вавёркі, дзікія каты, бамжы, шмат прыроды і мінімум горада, боль у каленях і накачаныя ікры, шмат уражанняў і +80 да здароўя. Кароча, усё як вы любіце. Прыязджайце, паходзім.

пацан зазыр - гэта Мазыр, го_гуляць

Previous post Next post
Up