Jan 22, 2008 08:45
СЯМЁН ДОМАШ
Калі ў 2006 годзе Сямён Мікалаевіч Домаш пачаў працаваць генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “ Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне”, многія аднесліся да гэтага вельмі негатыўна. Маўляў, “зламалі”. Мне жа больш падабаецца пазіцыя другога ўдзельніка падзей 2001 Уладзіміра Ганчарыка - чалавеку трэба неяк жыць.
Сямён Мікалаевіч Домаш нарадзіўся 2 студзеня 1950 года ў вёсцы Тумашы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. На момант “злому” яму было толькі 56 год. Узрост не пенсійны, таму на словы пра “здраду дэмакратычным прынцыпам” я заўсёды прыгадваю гэты факт і прапаную суразмоўцу ўявіць сябе на яго месцы. І пакуль яшчэ не бачыў нікога, хто б у адказ працягваў настойваць на палітычных стэрэатыпах.
У 1969 годзе Домаш скончыў Бабруйскі аўтатрактарны тэхнікум і пачаў працаваць на астравецкай аўтабазе №4.Спачатку год механікам, затым амаль чатыры гады інжынерам і тры дырэктарам. У 1977 годзе пераязджае ў Гродна --дырэктарам аўтакамбінату №1, потым загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзелу Гродзенскага гаркому КПБ, другім сакратаром Кастрычніцкага райкаму.
Акрамя тэхнікума Домаш скончыў яшчэ Вышэйшую партыйную школу (1981г.) і Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (1989г.).
Як было заведзена ў тыя гады, партыйная старонка ў кар’ерным росце мянялася на “савецкую” і наадварот. У 1987 годзе Сямёна Домаша абралі (альбо прызначылі) старшынёй Лідскага гарвыканкама. Знакамітая піва ён “піў” тры гады, а потым зноў вярнуўся ў Гродна, дзе з чэрвеня 1990 года па кастрычнік 1993 узначальваў выканкам і гарадскі Савет народных дэпутатаў.
Гэта ўжо былі гады кардынальных сацыяльных і палітычных перамен. Змена эпох, якая патрабавала перамен і ў чалавеку. Ці глыбінных, ці знешніх, гэта значыць - прыстасавання. Большасць наменклатуры абачліва, абрала апошні варыянт. Домаш, хаця і не адразу - першы. Але не змог яго вытрымаць да канца. Бо час зноў павярнуў назад. У гэтым заключалася яго ўнутраная драма. Ды ці толькі яго аднаго. Да таго ж гэта драма на момант адказнага выбару далейшага шляху (пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах) - у адкрытую апазіцыю, ці у цень грамадскага жыцця - сышлася па часе з інфарктам.
21 кастрычніка 1993 года ён замяніў загінуўшага Зміцера Арціменю на пасадзе старшыні Гродзенскага аблвыканкама і аўтаматычна стаў кіраваць народнымі выбраннікамі вобласці, бо тады гэтыя пасады яшчэ не былі падзелены. Пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, дакладней 12 снежня 1994 года згодна з загадам Прэзідэнта №257 на месца Домаша старшынёй Гродзенскага абласнога выканкама быў прызначаны будучы Герой Беларусі Аляксандр Дубко. Каларытны чалавек, які сышоў з жыцця абсалютна нечакана.
С.М.Домаш яшчэ два гады ачольваў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў. Ён быў шчырым прыхільнікам пашырэння паўнамоцтваў мясцовых органаў улады, узмацнення іх ролі ў тэрытарыяльным развіцці і функцыянаванні галінаў народнай гаспадаркі і таму вельмі хутка стаў адным з самых вядомых рэгіянальшчыкаў. Менавіта Домаш ініцыяваў стварэнне Асацыяцыі пародненых еўрапейскіх гарадоў і еўрарэгіёна “Неман”. Адным з першых кіраўнікоў перайшоў на беларускую мову. Гэтага хапіла, каб і ўвесь апарат зрабіў тое самае, без усялякага прымусу.
Сямён Мікалаевіч Домаш быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12 і 13 скліканняў. Апошні і стаў найбольш адметнай старонкай палітычнай біяграфіі Домаша. У маі 1996 года яго абралі сябрам прэзідыуму ВС, дзе ён курыраваў работу пастаяннай камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву і мясцоваму самакіраванню, ажыццяўляючы сувязь паміж мясцовымі органамі самакіравання і беларускай дыяспарай.
Падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Домаш адкрыта выступаў супраць палітыкі Лукашэнкі, быў сярод 70 дэпутатаў, якія ініцывалі імпічмент і напісалі адпаведны ліст у Канстытуцыйны суд. Домаш стаў адзіным рэгіянальным лідэрам, які публічна перайшоў у апазіцыю да прэзідэнта. Пасля паразы праціўнікаў узмацнення і пашырэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, Сямён Мікалаевіч вярнуўся ў Гродна.
З 1997 года па 2002 узначаліў Гродзенскі абласны Каардынацыйны камітэт дэмакратычных сіл “Гродзенская ініцыятыва”, у які увайшлі 34 грамадскія, палітычныя і прафсаюзныя арганізацыі Гарадзеншчыны. Па яго ініцыятыве ў маі 2000 года створана Каардынацыйная Рада “Рэгіянальная Беларусь”.
Далей былі прэзідэнцкія выбары 2001 года. З ініцыятывай прапанаваць свайго кандыдата выступілі рэгіянальныя лідэры грамадскіх абласных аб’яднанняў - каардынатары так званых рэсурсовых цэнтраў. Найперш - Віктар Карніенка і Аляксандар Мілінкевіч. У пэўным сэнсе насуперак памкненням Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл, вядучую ролю у якіх адыгрывалі партыі. Насуперак, але і на апераджэнне, бо Рада ніяк не магла вызначыцца са сваім адзіным кандыдатам. Федэрацыя прафсаюзаў вылучыла свайго кандыдата - Уладзіміра Ганчарыка. Пайшлі і іншыя. Так і утварылася тая самая знакаміта пяцёрка, якая потым, пасля доўгай чарады паседжання рознага фармату, адкрытых спрэчак і закулісных гульняў, вымушана была сам на сам, за закрытымі дзвярыма, вызначацца з адзіным. Сышліся на Ганчарыку.
Выбарчы штаб Сямёна Домаша ўзначаліў Аляксандар Мілінкевіч. 18 чэрвеня 2001 года ЦВК Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўную групу Домаша ў складзе 3.695 чалавек. Узначаліў яе малады і амбіцыйны юрыст, член АГП Яўген Лабановіч, які ўжо паспеў папрацаваць на Віктара Ганчара на так званых віртуальных выбарах.
14 жніўня 2001 года ЦВК прызнала сапраўднымі 160.077 подпісаў у падтрымку кандыдатуры Домаша. Аднак ужо 22 жніўня раніцай ён сабраў прэс-канферэнцыю, дзе на вачах у журналістаў падпісаў заяву ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэферэндумаў з просьбай вызваліць яго ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы ў сувязі з тым, што была дасягнутая дамоўленасць аб падтрымцы адзінага кандыдата, якім стаў Уладзімір Ганчарык.
Мне пашанцавала быць на той прэс-канферэнцыі. Добра памятую, што асаблівай радасці ў вачах сяброў штабу Сямёна Мікалаевіча не было. І, як цяпер ужо ведама, і быць не магло, бо ішоў ён на тое паседжанне з паседжання штаба з наказам канчатковага рашэння самастойна не прымаць. У крайнім выпадку папрасіць кароткі, на паўгадзіны-гадзіну, тайм-аўт каб вярнуцца ў штаб параіцца Прыхільнікаў рашэння не здымацца ні ў якім разе і рухацца да канца асобнай калонай у камандзе Домаша было ці не болей, чым прыхільнікаў пайсці на саступкі.
Многія, і не толькі з былой каманды Домаша, але і аналітыкі, да гэтага часу лічаць, што трэба было ісці да канца. Дынаміка рэйтынга, энергічная каманда, аптымальнае спалучэнне іміджа рэфарматара з наменклатуры, гаспадарніка і рэгіянальнага палітыка, які ведае праблемы не толькі сталіцы - працавала на Домаша.
З адлегласці сённяшняга дня бачыцца відавочным, што перамагчы яму б не далі. Але шанец стаць і застацца нацыянальным лідэрам, а значыць бяспрэчным адзіным кандыдатам на наступныя выбары ў яго быў не малы. Ва ўсялякім разе дынаміку і вастрыню той выбарчай кампаніі ўдзел Домаша, удзел двух дэмакратычных кандыдатаў, ды яшчэ б ва ўзаемадзеянні, гэта б надало - лічаць многія. І падмацоўваюць сваё меркаванне спасылкай на прыклад Аляксандра Казуліна пазнейшай пары.
Ва ўсялякім разе зразумела, чаму і потым не было сапраўды супольнай працы прыхільнікаў Домаша на Ганчарыка. Але нават і пасля гэтага кардынальнага кроку згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі лабараторыі “Новак” асабісты рэйтынг былога гарадзенскага губернатара працягваў расці. І гэта невыпадкова - у апазіцыі з’явіўся новы твар.
Памятаю таксама як піярыліся добрыя адносіны Домаша з Васілём Быкавым, да якога Сямён Мікалаевіч нават ездзіў у Фінляндыю, як падкрэслівалася яго сяброўства з сем’ямі Карпенкі і Кудзінава.
Калі я працаваў над гэтым нарысам, вырашыў пазваніць Валодзе Кудзінаву, які ў дадзены момант займаецца бізнесам ў Крыме. Некалькі гадоў таму ён запрашаў мяне ў адзін з даволі вядомых на ўвесь былы СССР санаторый. У 2001 годзе Уладзімір Кудзінаў быў намеснікам кіраўніка выбарчага штабу Домаша. Ён расказаў, што падтрымлівае з Домашам добрыя адносіны, але пасля тых выбараў яны больш не размаўлялі і не бачыліся...
Тут, як кажуць, ніякія каментары не патрэбны.
Некаторыя лічаць, што адмаўленне ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы будзе адной з прычын інфаркту. Не станем гэта дакладна сцвярджаць, але тое, што ў 2001 годзе С.М.Домаш страціў магчымасць стаць вельмі сур’ёзным палітычным апанентам Лукашэнкі - відавочна. На жаль, гэтую магчымасць ён страціў. Як і мы ўсе.
Тое, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Домаш сышоў з вялікай палітыкі, на мой погляд, абумоўлена не толькі небяспечнай хваробай. І сышоў не адразу. Ён яшчэ паспрабаваў стварыць грамадскі рух на базе аб’яднання існуючых. І спыніў спробы на этапе абмеркавання з рэгіянальнымі лідэрамі самой ідэі. Пасля нарады, ці не апошняй у сваёй палітычнай кар’еры, якую арганізаваў у адным з кафэ ў Гродне. Адмовіўся ён і ад прапановы стаць лідэрам адной з партый. Проста зразумеў, што сапраўдная барацьба і знаходжанне ў апазіцыйнай палітычнай тусоўцы - розныя рэчы.
Можа таму прэтэнзіі Домаша на лідэрства сталічная апазіцыя і сустрэла хаця і без асаблівага імпэту, аднак і без асаблівай варожасці. Большасць зразумела, што гэта той выпадак, калі лепш сябраваць, чым ваяваць. Яго папулярнасць сярод электарату была на карысць дэмакратычным сілам. У ліку першай сотні Домаш падпісаў Хартыю’97. Яго абралі у створаны апазіцыяй Нацыянальны выканаўчы камітэт, які быў так званым ценявым урадам.
Ён сыходзіў з палітычнай сцэны паступова, без гучных слоў і заяў. Але запомніўся. Свой унёсак у падрыхтоўку глебы да дэмакратычных пераменаў, якія непазбежна адбудуцца, рана ці позна, так ці інакш, бо гэта і ёсць неадольны гістарычны імператыў, Сямён Домаш зрабіў. І будучыя гісторыкі не абмінуць сваёй увагай гэты этап у жыццядзейнасці краіны, і яго месца і ролю ў ім.
Сыход Домаша з палітыкі ў асабістае жыццё вымагае напісаць і аб такіх рэчах, аб якіх я звычайна не пішу. Думаю, многім будзе цікава даведацца, што Домаш з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па боксу. Яго жонка Зоя Фёдараўна працавала спецыялістам па кадрах Ленінскага аддзялення “Беларусбанку” у Гродна. Старэйшага сына завуць Зміцер. Ён -- былы вайсковец, майстра спорту па плаванню, працаваў у сумесным беларуска-расейскім прадпрыемстве. Малодшы сын Аляксандр таксама займаўся спортам (плаваннем) і нават выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Скончыў факультэт правазнаўства Гродзенскага універсітэту, працаваў у банкаўскай галіне.
Канешне, тое, што Сямён Домаш зноў кіруе не вельмі моцным дзяржаўным прадпрыемствам, далёка не для яго варыянт. І справа тут не толькі ў маралі. Справа ў тым, што ў яго не было іншага выйсця, як пагадзіцца на гэтую прапанову.
Згодна з тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы гарбарнай дзейнасцю лічыцца тая, што мае дачыненне да вырабаў са шкур і гандлю імі. Мякка кажучы, гэта не тая сфера, якую вывучаюць у аўтатрактарных тэхнікумах і “наргасе”. Калі аб гэтым не думаць, то можна не заўважыць відавочнае імкненне прынізіць былога апанента.