(no subject)

Jan 27, 2008 17:42



МІХАІЛ МАРЫНІЧ

Каго баяцца, таго і выдаляюць з палітычнай сцэны. Рознымі метадамі. Не буду пералічваць пайменна. Прозвішчы тых, хто за кратамі пабываў, як і тых, хто ўтрымліваецца там сёння -- добра вядомыя. Памятаю як з болем і трывогай падумаў яшчэ тады, што ўлада не даруе Марынічу яго выклік. Ён быў першым, хто не проста ціха “выйшаў з калоны”, але і пайшоў насуперак. І мог стаць прыкладам для іншых.

Міхаіл Апанасавіч Марыніч нарадзіўся  13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. На Новы год па старому стылю. Прага да ведаў, што выявілася яшчэ у школьныя гады,  у многім прадвызначыла яго далейшы жыццёвы лёс. Па прыступках кар’еры ён рухаўся як спец, а не камсамольска-партыйны функцыянер.

Пра такіх як ён ёсць жартлівая показка: “мучанік навукі”. Пасля сярэдняй школы скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, інстытут замежных моваў (тады яшчэ яны не былі універсітэтамі) і Мінскую Вышэйшую партыйную школу (была і такая). 1996 год у яго жыцці быў адзначаны не толькі сумна вядомым рэферэндумам але і абаронай  кандыдатскай дысертацыі па праблемах эканомікі. Проста лагічная кропка на адным з кірункаў дзейнасці. Не болей. Для кар’еры гэта абарона нічога не значыла. Яна да гэтага часу ужо адбылася. Адбылася асоба. І далейшыя крутыя павароты лёсу Марыніча, як і многіх іншых, вызначаліся ўжо не столькі і не толькі навуковымі ступенямі, а сацыяльнымі і палітычнымі зрухамі. Заканчвалася адна эпоха, пачыналася іншая.

У той эпосе за спіной Марыніча заставаліся 16 гадоў працы ў будаўніцтве: майстрам, інжынерам, прарабам участку Цэнтртранстехмантажу; галоўным інжынерам, начальнікам Белбудмантажу. Каля трох гадоў працаваў у Афганістане, дзе таксама будаваў.

З 1979 года Марыніч працуе ў савецкіх органах улады. Спачатку намеснікам, а потым і старшынёй Маскоўскага райвыканкама беларускай сталіцы. У 1984 годзе яго прызначаюць намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, які курыруе будаўніцтва метрапалітэна, аб’ектаў цеплазабяспечання і энергетыкі.

Перабудову прыняў. І на яе струменях падняўся (быў прызначаны) на пасаду, якая ў межах савецкіх каардынатаў была тэхнічнай, выканаўчай, а ў новай сістэме пераўтварылася ў важную палітычную -- мэра Мінска. І на яе ж струменях з гэтай пасады быў адрынуты менш як праз два гады, у 1991. Міхаіла Апанасавіча забалатавалі дэпутаты гарсавету. Ён быў з наменклатуры, а ўсё, што мела адносіны да КПСС-КПБ у той час, як кажуць маладыя, “гнабілася”. Праз 13 год Марыніч апынецца за кратамі і я ўпэўнены, што некаторыя саромілі сябе за тое рашэнне. Але на той час подых дэмакратыі кружыў галовы і эмоцыі часцяком перамагалі халодны разлік.

У гэты ж час Марыніча абіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 склікання, дзе ён быў членам Планавай і бюджэтнай камісіі і Камісіі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі вёскі і горада.

Меў рэпутацыю памяркоўнага прыхільніка дэмакратычных пераўтварэнняў. Паказальна, што карыстаўся павагай як наменклатурнай часткі парламента, так і апазіцыйнай.

Пазней стане ясным лёсавызначальны сэнс аднаго эпізоду, які на той момант здаваўся хаця і вельмі важным, але не ключавым для  гістарычнай будучыні Беларусі. Рэч ідзе аб стварэнні знакамітай “антыкарупцыйнай” камісіі. Справа ў тым, што Марыніча, як спакойнага, разумнага і разважлівага чалавека, ўключылі ў склад камісіі. Многія бачылі на яе чале менавіта яго, але Міхаіл Апанасавіч ад гэтай пасады адмовіўся на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Па сутнасці саступіў будучаму прэзідэнту першы прыступак яго палітычнай кар’еры. І той быў даволі доўга яму ўдзячным.

Але міністэрскае крэсла Марыніч атрымаў не адразу. Новы этап яго палітычнай кар’ры пачынаецца з прызначэння ў 1994 г. амбасадарам у Чэхіі і Славакіі і Венгрыі па сумяшчальніцтву. На гэтай жа пасадзе, толькі амбасадара у Латвіі, праз сем гадоў яго афіцыйная палітычная кар’ера і абарвецца. Вось так замкнецца кола, але прадоўжыцца яго шлях, праз  вяршыні і дасягненні, спадзяванні і расчараванні, узлёты і падзенні. пакуты і радасці.

У Празе Марыніч не прапрацаваў і года.  7 кастрычніка 1994 года Указам прэзідэнта №92 яго прызначылі міністрам знешніх эканамічных сувязяў. Новае міністэрства, якое з Марыніча пачалося і на ім жа скончылася: праз пяць год МЗЭС перадалі ў склад міністэрства замежных спраў. Некаторыя па сённяшні дзень крытыкуюць гэта рашэнне, таму на даным моманце мы ўвогуле не будзем акцэнтаваць вашу увагу. Адзначу толькі, што яно было вельмі лагічным для існуючай улады. Беларускія амбасадары ва ўсім свеце займаюцца непасрэдна гандлёвай дзейнасцю і не выпадкова, што на апошнім традыцыйным семінары для айчынных дыпламатаў А. Г. Лукашэнка назваў іх першымі гандлёвымі прадстаўнікамі нашай краіны.

Звычайна, калі ліквідуецца пэўная  структура, шмат каго з былых кіраўнікоў, што дасягнулі адпаведнага ўзросту, адпраўляюць на пенсію. З Марынічам гэтага не адбылося, хаця яму і пераваліла на шосты дзесятак. 20 студзеня 1999 года ён атрымаў прызначэнне амбасадарам Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.

Менавіта на гэтай пасадзе ў 2001 года, ён нечакана для ўсіх, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы, прымае рашэнне вылучацца кандыдатам на прэзідэнты. Было зразумелым, што за Міхаілам Апанасавічам нехта “стаіць”. Часцей іншых называлі Міхаіла Мясніковіча, з якім Марыніч заўсёды быў у сяброўскіх адносінах. Не станем сцвярджаць, што так гэта і ёсць, аднак тое, што улады насцярожыліся -  факт. Марынічу не далі сабраць неабходныя подпісы і кандыдатам у прэзідэнты ён не стаў.

Нагадаю, што ў выбарчым штабе Міхаіла Марыніча працавалі былы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч, які потым эмігрыраваў у ЗША, дэпутат Вярхоўнага Савету  12 і 13 скліканняў Леанід Сечка, рэктар міжнароднага гуманітарнага інстытута Алпеяў і іншыя, прозвішчы якіх трымаліся ў сакрэце, бо яны былі дзеючымі кіраўнікамі. Аднак гэта быў “сакрэт палішынэлю”: я быў упэўнены яшчэ тады, што ўсіх іх улада добра ведала. Сам па сабе Марыніч наўрад ці ўяўляў рэальную пагрозу, а вось яны былі вельмі небяспечнымі.

Ці не таму амаль адразу ж пасля прэзідэнцкіх выбараў Мясніковіч перастаў быць кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі? Можа гэта і звычайнае супадзенне, але вельмі цікавае...

Як і арышт самога Міхаіла Апанасавіча. На той час ён ужо сышоў у адстаўку і кіраваў міжнароднай грамадскай арганізацыяй “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва” За некалькі дзён да арышту  сустракаўся з Аляксандрам Казуліным, якога на той час ужо знялі з пасады і абвінавацілі амаль ні ў крадзяжах золата на прадпрыемствах БДУ. Версія ад якой пазней адмовілася следства. Аб чым яны размаўлялі невядома, але у той час многія гаварылі, што выхад Марыніча на прэзідэнцкія выбары падтрымлівалі пэўныя колы ў Маскве.

...Марыніч вярнуўся з Масквы, куды ездзіў за палітычнай падтрымкай. Яго машыну прыпыніў міліцэйскі патруль і знайшоў ў кейсе 90 тысяч долараў. У нядаўнім інтэрв’ю радыё “Свабода” Міхаіл Апанасавіч патлумачыў той эпізод: “Гэта мае асабістыя сродкі і сродкі маёй сям’і. Тыя 90 тысяч я перавозіў у сваёй машыне дамоў. А ўлады дзейнічалі па спланаванаму сцэнару. Незадоўга да таго аграбілі маю кватэру… Такім чынам мы засталіся без сродкаў, і я вымушаны быў паехаць за грашыма, каб было на што жыць… Я не быў гатовы да таго, што мяне нахабна спыніць міліцыя і КДБ, пачнуць без падстаў абшукваць і ў дадатак забяруць мае сродкі. Калі чалавек не зрабіў нічога супрацьзаконнага, у яго і ў думках няма рыхтавацца да сустрэчы з праваахоўнымі органамі”.

Раніцай “высветлілася”, што частка купюр фальшывыя. За гэта Марыніча і затрымалі. Правялі на дачы вобыск і знайшлі невядомы пісталет, на якім нават не была адбіткаў яго пальцаў, патроны і нейкія ксеракопіі дакументаў часоў працы ў МЗС. Было гэта ў красавіку 2004 года, а ў снежні Марыніча прысудзілі да пяці гадоў  узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Потым тэрмін зняволення знізілі да трох гадоў. “Прышыць” зброю, фальшывыя долары (якія потым  зніклі, разам з сапраўднымі) і выкрадзеныя дакументы не атрымалася. Прызналі вінаватым і асудзілі за тое,што ён быццам бы скраў кампутары з арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якую сам жа і ўзначальваў. З-за праблем з офісам кампутары захоўваліся ў гаражы сына, але суд гэта ў невінаватасці Марыніча не пераканала. Як і тое, што уладальнік кампутараў - амбасада ЗША-прэтэнзій не толькі не мела, але і заклікала беларускія ўлады спыніць справу і вызваліць Міхаіла Марыніча.

Усе тры дні працэсу над Марынічам малая зала Мінскага раённага суда была перапоўнена: дэмакратычныя актывісты, журналісты, прадстаўнікі дыпламатычных місій, праваабаронцы, заўсёды прысутнічалі сыны Ігар і Павел, іх маці Людміла Марыніч -- першая жонка Міхаіла Апанасавіча. Гэтак жа як і другая яго жонка, з якой яны знаходзіліся ў грамадзянскім шлюбе  -- Таццяна Баранава.

Узаконіць, зарэгістраваць гэты шлюб ім давялося ўжо ў Аршанскай калоніі №8, 12 сакавіка 2006 года. Таццяне Баранавай было 33 гады. У лютым 2007 яна нарадзіла сына. Яшчэ адзін Міхаіл Марыніч.

У турме ў Марыніча адбыўся інсульт, але беларускаю Феміду гэта не ўразіла. Датэрмінова яго вызвалілі толькі ў красавіку 2006 года, праз два гады пасля арышту. Умоўна-датэрміновае вызваленне магчыма толькі пасля адбыцця ў зняволенні  2/3 тэрміну пакарання. У турму забралі здаровым, а выпусцілі інвалідам. Аднак па Марынічу гэтага не скажаш. Ён адолеў хваробу і яе наступствы. Як і раней -- інтэлігентны, ветлівы, энергічны, увесь ў справах. Пра такіх некалі казаў Віктар Ганчар: “Ганаруся, што вы мой сучаснік”.

Усе пытаюцца: “Чым Марыніч займаецца цяпер?” Адказваю разам з ім - палітыкай. І ў адрозненне ад некаторых іншых, нават маладзейшых, змагаецца ўсур’ёз, а не для інфармацыйнага піяру.

Previous post Next post
Up