Jan 19, 2008 19:45
УЛАДЗІМІР ГАНЧАРЫК
Не згодны з тымі, хто лічыць, што ў паразы 2001 года вінаваты толькі Ганчарык і што лёс змагання з дыктатурай вырашала наменклатура, якая адхіснулася ад дэмакратычных перамен дзеля самазахавання.. Па-першае, не толькі яна. Па-другое, у беларускіх умовах без пэўнай, тайнай ці адкрытай падтрымкі наменклатуры, ніякая перамога апанентаў рэжыму немагчыма ўвогуле. У 2006 годзе, як мы добра памятаем, апазіцыя вяла кампанію абсалютна самастойна, па сутнасці без ўсялякіх кантактаў з наменклатурай. Вынікі - вядомыя. Упэўнены, што дамагчыся поспеху можна толькі разам.
Традыцыйна біяграфію Уладзіміра Іванавіча Ганчарыка пачну з даты нараджэння. Тым больш, што гэты момант вельмі цікавы. Дакладна вядома, што нарадзіўся ён ў канцы красавіка 1940 года ў вёсцы Аўгустова, што ў пяці кіламетрах ад Лагойску. А вось якога дня? Дакументы афармлялі пасля вайны і бацькі Валодзі не помнілі ў які дзень з’явілася дзіця. Разглядаліся розныя варыянты, быў нават “1 мая”, але ў рэшце рэшту спыніліся на 29 красавіка, хаця дакладна, калі прагучаў яго першы крык, Ганчарык не ведае па гэты дзень.
З дзіцячых успамінаў спынюся на адным эпізодзе, настолькі прыкметным, што запомніўся на ўсё жыццё, а мо і паўплываў на яго. Ва ўсялякім выпадку аб ім Уладзімір Іванавіч расказваў мне з асаблівым імпэтам. Пад час вайны вельмі вялікім дэфіцытам былі звычайныя іголкі. Сям’я Ганчарыкаў тады жыла ў зямлянцы. Недзе маці дастала іголку, а маленькаму хлопчыку, які потым стане прафсаюзным босам, захацелася ўвесці ў яе нітку. Іголка высклізнула з дзіцячых пальчыкаў. Адшукаць не ўдалося. Дасталася Ўладзіку даволі моцна.
Пачатковая школа была ў роднай вёсцы, а сярэдняя толькі ў Лагойску. Сёння цяжка ўявіць, але каб атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі Ганчарык праходзіў пехам штодзённа ў два бакі дзесяць кіламетраў. Скончыў яе з “сярэбраным” медалём, што азначае на ўсе пяцёркі і адной чацвёркай. За сачыненне. Па тэме нейкім чынам звязанай з камуністычнай партыяй. І чорт яго тузануў (словы самога Ўладзіміра Іванавіча) напісаць “камуністычная” з вялікай літары. Мабыць, гэта адбылося ад вялікай павагі, але памылка ёсць памылка.
Пасля школы паступіў на аддзяленне эканомікі і сельскай гаспадаркі інстытута народнай гаспадаркі. На апошнім курсе ажаніўся. З жонкай Ліляй яму прыйшлося мяняць месца жыхарства дзевяць разоў, што было абумоўлена партыйнай кар’ерай.
У 1961 годзе скончыў інстытут з чырвоным дыпломам і пачаў працаваць эканамістам, а потым намеснікам галоўнага бухгалтара саўгаса “10 лет БССР” у Любанскім раёне Мінскай вобласці.
У 1965 годзе яму, маладому спецыялісту прапанавалі перайсці на камсамольскую работу. І пайшоў па прыступках: першы сакратар Любанскага райкому ЛКСМБ, інструктар Мінскага абкаму КПБ, другі сакратар Дзяржынскага райкому КПБ, першы сакратар Чэрвеньскага райкому, намеснік загадчыка аддзелу ЦК КПБ, другі сакратар Магілёўскага абкаму КПБ. Варыянт, як кажуць, тыповы для тых часоў. Спынюся на двух момантах.
У 1975 годзе У.І.Ганчарык паступіў у аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, якую скончыў праз год з абаронай кандыдацкай дысертацыі. На размеркаванні яго спыталіся пра аператыўнаю работу. Мільганула думка пра КДБ, але высветлілася, што гутарка ідзе аб пасадзе першага сакратара Чэрвеньскага райкама КПБ, на якой і адпрацаваў рэкордны тэрмін - больш за шэсць гадоў.
Калі Ганчарыка накіравалі другім сакратаром Магілёўскага абкаму КПБ, першым там быў знакаміты Васіль Севасцянавіч Лявонаў. У Магілёве яны добра і пазнаёміліся. Жылі ў адным доме, часта вечарамі разам гулялі, аб усім раіліся.
Мабыць, трэба крыху спыніцца і на “дэпутатстве”. “Крыху” таму, што гэтая старонка ў палітычнай біяграфіі Ўладзіміра Іванавіча не была асабліва адметнай. Ён быў дэпутатам
апошняга Вярхоўнага Савету БССР, куды па усіх акругах абіралі на безальтэрнатыўнай аснове адзінага кандыдата ад “ непарушнага блока партыі і народа”. Кандыдатаў жа ў дэпутаты зацвяржалі ў ЦК КПБ. Другі сакратар абкама па вызначэнню мусіў быць у гэтым спісе. Па наменклатурнай жа схеме, хаця і больш складанай, ён прайшоў і ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. А вось за дэпутацкае месца Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га склікання прыйшлося пазмагацца. Але ніколі і нідзе ў дэпутацкім корпусе Ганчарык не прэтэндаваў на першыя ролі.
У 1986 годзе Уладзімір Ганчарык стаў старшынёй рэспубліканскага савету прафсаюзаў, а пазней - старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Як вядома, прафсаюзная работа ў савецкія часы заўжды асацыявалася з нейкай палітычнай ссылкай, таму прапанова Слюнькова ўзначаліць прафсаюзы была успрынятая Ганчарыкам без асаблівага задавальнення. Якая ссылка, калі яму толькі 44 гады! Асобныя кіраўнікі кампартыі добра разумелі, што патрэбны нейкія рэформы, імкнуліся і нават спрабавалі іх распачаць, але гэта не выратавала КПСС. Ганчарык -- адзін з прыкладаў няўдалых спроб рэфармавання. Аднак справа была не толькі ў ім. Немагчыма рэфармаваць тое, што памірае. Магчыма толькі прадоўжыць агонію.
Хаця ёсць і іншае меркаванне ў асяродку ініцыятараў стварэння новых незалежных прафсаюзаў: Ганчарыку трэба было дзейнічаць больш рашуча і паскорыць смерць прынятай ім савецкай мадэлі прафсаюзаў - ФПБ, і на яе тле стварыць сапраўды незалежнае ад ўладаў аб’яднанне прафсаюзаў, хай сабе і коштам страты двух трэцяй фармальных членаў былой федэрацыі. Але тая трэць, што засталася была б сапраўды моцнай і ўплывовай сілай, сапраўдным абаронцам інтарэсаў працоўных. І тады агульны ход падзей мог быць зусім іншым.
Новая ўлада, што сфарміравалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года не стала вітаць новыя тэндэнцыі ў прафсаюзным руху. Наадварот, імкнулася не толькі захаваць былыя стэрэатыпы, але і ўзяць усё што адбываецца пад свой кантроль. Дэманстрацыя і стотысячны мітынг 1991 год быў яшчэ свежым на памяці, нагадваючы, якімі могуць быць пратэсты рабочых. І таму любыя зрухі ў адпаведным накірунку рашуча перасякаліся. Нагадаю толькі адзін выпадак - страйк работнікаў метрапалітэну ў 1995 годзе. Усе спробы знайсці якую-небудзь праўду тады былі жорстка спынены, лідэры страцілі рабочае месца. Ўладзе былі патрэбныя паслухмяныя аб’яднанні рабочых і сялян. Таму, калі пад час першага так званага Ўсебеларускага сходу, у прэзідыўме Ганчарык аказаўся адзіным, хто прагаласаваў супраць “усенароднай” падтрымкі, яму гэтага не даравалі.
У 1999 годзе Ганчарык адмовіўся прымаць удзел у “віртуальных” прэзідэнцкіх выбарах Ганчара, аднак у 2001 годзе стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на самых, што ні ёсць, рэальных прэзідэнцкіх выбарах. Дарэчы, сугучнасць прозвішч “Ганчарык” і “Ганчар” звяло ў зман даволі многіх. Людзі не разумелі, як можна адначасова быць зніклым і хацець заняць першую ў краіне пасаду. Памылка прымітыўная, але чамусьці чуткі на гэты конт узнікалі пастаянна, быццам іх хто-небудзь спецыяльна каталізаваў...
Я не буду падрабязна спыняцца на выбарах 2001 года. Скажу толькі, што заявы, якія прагучалі 7 жніўня 2001 года, калі ўсе бакі ўрэшце пагадзіліся на адзінага кандыдата, аб Ганчарыку як магчымым беларускім Каштуніцы, у некаторых вызвалі іранічныя ўсмешкі. Перш за ўсё ў тых, хто сам хацеў быць адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Нагадаю, што на гэтую ролю больш іншых прэтэндавалі Сямён Домаш, Сяргей Калякін, Павел Казлоўскі і Міхаіл Чыгір. Перамовы, якія ішлі паміж гэтымі палітыкамі, былі абцяжараны не столькі прынцыповымі пытаннямі, колькі шматлікімі мелкімі і асабістымі . І невыпадкова, што многія не разглядалі нікога з кандыдатаў сур’ёзна. Напрыклад, у той жа Расіі, дзе пэўныя палітычныя колы пасля пэўнай паўзы вырашылі зрабіць стаўку на дзеючага прэзідэнта Беларусі.
Разам з Ганчарыкам атрымлівалася “пяцёрка”, аднак усе разумелі, што далей павінен ісці толькі адзін. Нават была прызначана дата вылучэння апазіцыяй адзінага кандыдата - 17 ліпеня. Аднак дамовіцца ў абвешчаны тэрмін не атрымалася. “Адзіным” Ганчарык стаў значна пазней. Але па вялікаму рахунку -- намінальна, таму што рэальна тыя, хто падтрымліваў Домаша, працаваць на Ганчарыка не сталі. Усе пяць калон павінны былі аб’яднацца ў адну, і не павінна было існаваць так званай “пятай калоны”. Таму я цалкам падтрымліваю крок Аляксандра Казуліна да самастойнасці на наступных выбарах. “Вопыт” 2001 года яскрава сведчыць, што немагчыма аб’яднаць тых, хто не жадае аб’яднацца.
Аб тым як працаваў штаб У.І.Ганчарыка можна распавядаць даволі доўга, але я спыню вашу ўвагу толькі на адным прыкладзе. Памятую, што газета “Дзень”, якую я тады ўзначальваў, рабіла спецвыпуск аб адзіным кандыдаце. Зразумела, што “Беларускі Дом друку”, паслугамі якога мы карысталіся, выконваць наш заказ адмовіўся. Тады я дамовіўся з тыпаграфіяй “Мэджык”. Не гледзячы, на тое, што яны былі пад даволі жорсткім кантролям, агульную мову знайсці атрымалася. Але тут узнікла зусім нечаканая перашкода - няма добрай фатаграфіі самога адзінага кандыдата. Атрымаць яе удалося толькі праз дзень. Надрукавалі. Дамовіліся, што тыраж будуць забіраць самі прадстаўнікі штабу, і я пра яго амаль забыўся. За тры дні да выбараў тэлефануюць з “Мэджыка” з просьбай тэрмінова забраць газету, бо з-за цеснаты ад новай прадукцыі былі вымушаны вынесці яе на вуліцу, а там пачынаецца дождж. Яшчэ раз падкрэслю, што было гэта за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў.
Пасля выбараў 2001 года Ганчарык зышоў з ФПБ і з’ехаў у Маскву, дзе пэўны час працаваў у Выканкаме Усеагульнай Канфедэрацыі прафсаюзаў. Потым дапамагаў бізнесменам. Зараз - пенсіянер. І толькі час ад часу падключаецца да той ці іншай палітычнай імпрэзы.