Dec 27, 2009 20:00
Ці ня кожны сьвядома-беларускі бард, паэт, песнапісЕц і г.д. нібыта проста абавязаны асьвяціць пэўны шэраг тутэйшых гераічных мемаў тэмаў: ВКЛ, Вільня, Вітаўт, Пагоня… Прынамсі на некалькіх фэстах даводзілася чуць падобныя пафасныя соплі. Хаця колькі ж можна? "И неееет нам покоя, гори, но живиии…" "Не, нафіг-нафіг" - думаў мну, катаючыся на коніку (на коніку ж акурат цягне на гераічнасьць). Але прывідзіўся мне замест бел-чырвона-белых скакуноў наступны рэтрафутурызьм у гацішных танах:
Мы іх гнацьмем да самай мяжы.
І хаця мы адсунулі межы далёка,
Уцячы няма як - усюды нашы віжы,
Нашых вежаў радары - адно усёвідушчае вока.
Бліскавіца пярунавай рунай асьвеціць нам шлях,
І вагнём захрыпяць курадымныя чорныя коні.
Апускаю забрала. І зброя сьвярбіць ў руках.
Растаю, прападаю ў салодкім азарце пагоні.
Мы іх гнацьмем да самай мяжы -
Той адзіны выпадак калі ў сьпіну біць не ганебна.
"Хто прыйшоў сюды здохнуць, тым дапамажы" -
Вось дзядоўскі закон, ухвалёны й зацьверджаны небам.
Ды геройства тут мала, суцішце фанфараў выцьцё.
Наша лютая літасьць - у кароткай расправе, ня болей.
Гэта гонка на сьмерць і гульня на жыцьцё.
Ды сьляды ў нікуды сярод мёрзлага бруду пагоні.
Мы іх гнацьмем да самай мяжы
Покуль зьзяе Ярылавы Крыж раздарожжамі трас на пятліцах,
Покуль родзяцца ў краі мужы,
Покуль кліча з-за хмараў меч карны ў срэбнай дзясьніцы.
Хай дыміцца ўзараны асфальт,
Зерне гільзаў кладзецца ў дарогі разьбітае ўлоньне -
Маем веру і праўду, свой шлях і свой кшталт,
І ня маем правоў на сумневы
Ў гарачым палоне Пагоні.
Прыйдзе час - і мы здымем шаломы далоў,
І дажджы нашых верных „Дрыґантаў” адмыюць ад сажы да бляску.
Затрубяць жаўрукі і мы вернемся да агмянёў.
Засьпявае душа белым пер’ем на крылах гусарскіх.
І тады ўжо, ня дзеля сьцягоў ды пустых узнагарод,
Мы праедзем пад Вострае Брамай ў зіхоткай параднае форме.
Гэтак будзе, наступнай вясной ці праз некалькі год…
А пакуль што - па сёдлах, панове! Ідзе праца ў чорным.
А пакуль што - глядзі як з крыві і дарожнай гразі,
Манатоннымі гімнамі ветру ля голеных скроняў
Паўстае на дыбы чорны вершнік з узьнятым UZI
У сьвятарным запале бясконцай Пагоні.
У запале бясконцай Пагоні.
Ліпень-Сьнежань, 2009
ЗЫ „Дрыґант”, „Тарпан”, „Тур” - мадэлі матацыклаў, выпуск якіх будзе наладжаны ММВЗ каля 2031-га году ;)
e