Вернасьць?

Dec 21, 2009 19:49

На кафельнай падолзе ў калідоры офіснага будынку сьпіць жанчына. Сьмярдзіць перагарам. Голыя каленкі, спадніца, швэдар. Зрэдчасу стогне, мармыча. Быдла, поскудзь, гарадзкі бруд. Зайшла пагрэцца напэўна. Ты такіх ненавідзіш, праўда?

- Ну што, я выклікаю мянтоў.
- Чакай. Гэта наша. - ўздыхае мужык з суседняй канторы - Інжэнэрам у нас.
- Мдзяя…
- Ты не разумееш. Яна 22-х гадовага сына пахавала пазалетась. А праз год - мужа. І вось бач ты… Хай паляжыць, добра?

Я не магу яе вінаваціць. Калі ня можаш забыць, застаецца толькі забыцца. І зрэшты ў чым моц і праўда: памятаць ці выкінуць з галавы, схаваўшыся ў быт і працу? Гэта яе вернасьць, яе ахвяра. Я ня ў праве яе вінаваціць, шкадаваць ці нешта раіць. А ты?

PS Ва ўсякім разе, ў сьвятле сьмерці толькі яшчэ больш надуманымі і няўмольна пустымі выглядаюць праблемы жывых і пасьпяховых.

сьмерць

Previous post Next post
Up