Videor ergo sum: дэманы віртуальнай прасторы
Філалагічны погляд на інтэрнэт-зорак і лідэраў
Пачатак:
частка 1,
частка 2 Захварэць на Фаўста
Уважлівы і падрыхтаваны чытач, які разумее, што значыць іронія, самаіронія, сітуацыйная метафара і г. д., можа папракнуць мяне ў адсутнасці пачуцця гумару, падмене паняццяў, вырыванні цытат з кантэксту і г. д. Тут трэба абмяркоўваць кожны выпадак паасобку. Але калі маеш справу з асобай, якая можа выдаваць маніякальна-містычныя сэнтэнцыі (...от меня через Щедровицкого можно проследить в ретроспективе непрерывную цепь ученичества к Сократу, Фалесу и дальше...), клясціся ў любові да Беларусі, “думаць Беларусь”, а ў практыцы “живого философствования” фармуляваць сумніўна-прыземленыя, часам хамскія пасажы ў дачыненні да “актуальнага беларускага нацыянальнага коду”, то тут толькі прыходзіцца паціскаць плячыма.
Прыклад: інтэрнэт-лекцыя пра кіраванне культурай. УМ называе гэта па-вучонаму, нешта накшталт “адміністраванне трансляцыі культурнай інфармацыі” і фармулюе свой зыходны пастулат: культура - гэта ўсё, што транслюецца. Потым інтэрактыўна апускаецца на ўзровень “матэрыяльнай імплікацыі” і звяртаецца да слухачоў: “Вы когда-нибудь колупались в носу?”. Усе, як авечкі, сарамліва прызнаюцца: “Да...”. Лектар робіць рэзюмэ: “Вот это и есть белорусская культура...” Ну няхай бы лектар, нават так мадэрна трактуючы паняцце культуры, напрыклад, паказаў здымак, дзе старшыня Усясветнага банку стаіць у мячэці з дзіравымі шкарпэткамі або Пуцін калупаецца ў носе (такі здымак у сеціве ёсць), і зрабіў нейкую больш генералізаваную выснову. Дык не ж... У носе калупаюцца толькі беларусы. Адна ўцеха, што “рэальных” слухачоў на гэтай лекцыі было чалавек дзесяць, а інтэрнэт-наведванняў -тры.
Ці як пра тых жа філосафаў (Гл. эманацыя 4...). Можна было б жартам і ўсур’ёз сказаць: “У антычнасці філосафы да нас ужо амаль усё “вымыслілі”. Жывых сапраўдных філосафаў зараз мала. Нам на долю застаецца ў асноўным толькі інтэрпрэтацыя... Гэта - “спадчынная хвароба” і нашай філасофіі. (Калі не памыляюся, некалькі гадоў таму прыблізна так гаварыў Юрген Габермас у інтэрв’ю з нагоды свайго 80-годдзя, гаворачы пра сучасную філасофію). Але ж у сваім эсэ пра “утконоса” Ул. Мацкевіч “папейшы” за Габэрмаса: лепш быць банкартам ад Шчадравіцкага (гэта УМ пра сябе), чым беларускім філосафам-інтэрпрэтатарам...
Тут варта звярнуць увагу на адзін важны нюанс. Сярэдні чалавек успрымае і закладае сабе ў “стэрэатыпную памяць” асобныя факты бессістэмна, па-за сувяззю з шырокім кантэкстам. Яму западаюць у падсвядомасць асобныя словы, фразы, “гісторыі”. І сама, тэрміналагічна кажучы, прэсупазіцыя, “рассеяная” ў падсвядомасці творцы, вызначае агульны ўплыў лектара (аўтара) на слухача (чытача). Сп. Уладзімір Мацкевіч, як, напрыклад, і Анатоль Тарас, маючы ад прыроды пэўны талент (але і дэманічныя комплексы), для якіх беларускае - проста аб’ект абстрактнага даследавання або кампіляцый, заходзяць у недабудаваны беларускі храм не як садоўнікі з цёплымі рукамі і сэрцам, а як авантурныя дэманы-чужынцы з бензапілой: “Вось я ўсе вашы нягеглыя старасвецкія антонаўкі выражу, а на іх месца на вашых дзялках квадратна-гнездавым спосабам пасаджу мадэрныя, як ва ўсім свеце, шасцідольныя прышчэпы...” І вось з вуснаў і тэкстаў новых адукатараў раз-пораз вытыркаюць (зусім паводле Фройда) абразлівыя слоўцы-паролі, што вынішчаюць карані гістарычнага аптымізму з галоваў і сэрцаў маладых беларусаў, якія складаюць большасць аўдыторыі. Захопленая тарасаўскай крытыкай расейскага імперыялізму або магічнымі пераможнымі схемамі Ул. Мацкевіча, моладзь не заўважае, як ёй на галаву пачынаюць ліць цэлыя вёдры антыбеларускіх памыяў.
Тут зноў прысутнічае шоў-эфект videor ergo sum з усімі дэманічнымі наступствамі, якія на першы погляд вядуць да поспеху: розгалас, скандал, бонусы. Але душа чалавека, якім авалодалі халодныя дэманы самаўзвышэння, не знойдзе спакою да канца дзён ягоных.
Вярніцеся яшчэ раз да цытатаў, дзе УМ гаворыць пра повязь з Сакратам або параўноўвае сябе з апосталамі Пятром і Майсеем. У якім стане гэта напісалася? Божа, памажы апантанаму...
Простыя рэчы і простыя пытанні
Цяжка перайсці ад мадэрновых сімулякраў да прадметнага свету. Але ж нармальны чалавек, не Шапенгаўэр з любімым сабакам, запытаецца: “Як можна аб’яўляць сябе лідэрам грамадзянскай супольнасці, гаварыць пра любоў (“няма любові - застанецца цынізм”), пакліканне “думаць Беларусь” і гаварыць пра сваю паству, што ў яе пластылін у галаве? Няго УМ (як метадолаг у шыроким сэнсе!) не разумее, што такой хваравіта высокай самаацэнкай і месіянскім снабізмам ён аддаляе сябе ад людзей? З якімі такімі новымі высакалобымі янычарамі ён збіраецца ўсталяваць элітарную аўтакратычную дэмакратыю?
Зразумелае жаданне “быть видимым”. Гэта адпавядае PR-тэхналогіям, якія прадукуюць гульцоў палітычнага поля. (Вучні Мацкевіча, здаецца, называюць іх “актарамі”, -- з націскам на першым складзе). Але ж трэба мець пачуццё меры. Выходзіць, што УМ запачаткаваў увесь дэмакратычны рух на Беларусі, хіба акрамя БНФ, бо пазнавата прыехаў у Беларусь. У падобнай манеры некалі Лукашэнка Краснаярскаму тэлебачанню расказваў, што рэдагаваў праграму Яўлінскага “500 дзён” і даваў парады Рыжкову з Гарбачовым. І яшчэ аб’яўляў, што ягоны духоўны настаўнік - маскоўскі мітрапаліт Аляксій.
Дарэчы, пра Настаўнікаў. Уся Беларусь ужо ведае, што ў лідэра грамадзянскай супольнасці РБ навуковы і духоўны настаўнік - Георгій Пятровіч Шчадравіцкі (скарочана - ГеПе). Акрамя УМ толькі дзве публічныя асобы Беларусі - Лукашэнка і Абрамава - urbi et orbi спавесцілі імёны сваіх духоўных настаўнікаў. У Лукашэнкі - Мітрапаліт Маскоўскі, у Абрамавай - расейскі “тяжеловес” Аркадзій Вольскі. Як псіхолаг, УМ павінен быў бы разумець, у якіх выпадках публічныя людзі часцяком асланяюцца аўтарытэтамі.
Г. П. Шчадравіцкі, безумоўна, -- адна з самых яркіх асобаў савецкай гуманістыкі. У маім “дыскурсе” нават слова “геній” будзе замала, бо Мацкевіч, спужаўшыся, што ўжо занадта шмат каго звёў з п’едэсталу, лісліва-кампліментарна называе геніямі нават Сяргея Дубаўца і Валянціна Акудовіча (гл. адказы УМ на сайце РС). Сяргей Дубавец - той дык зусім нармальны хлопец. Думае нармальна. Толькі, праўда, яшчэ “мысліць мысленьне” не навучыўся. Праўда, напісаў кнігу з назвай “Як?”. Акудовіч, той больш пра “Нішто” піша. І, адпаведна, стаіць бліжэй да Генія.
Пра “вучняў” Шчадравіцкага, як пра сыноў лейтэнанта Шмідта, можна расказваць анекдоты. У ОДИ-семінарах ГеПе і “дыстанцыйных” праектах прымалі ўдзел тысячы чалавек. ГеПе сам правёў больш за 90 семінараў, у якіх бралі ўдзел і дысідэнты, і сакратары райкамаў, і дырэктары заводаў, і яшчэ Бог ведае хто. Астатнія арганізацыйна-дзейнасныя гульні праводзілі таленавітыя вучні. Сярод “мультыплікатараў” было шмат самазванцаў і пустазвонаў. Вучнямі ГеПе сталі называць сябе нават тыя, хто даставаў рукапісныя копіі ягоных лекцый. Нямала сярод іх было дурняў, самалюбцаў, кан’юнктуршчыкаў і проста непрыстойных людзей. Пра такіх сам ГеПе гаварыў: “Чего Вы хотите от учеников? Со времен Христа они и есть главные предатели. Они больше озабочены тем, чтобы согласовать свои работы с текстами Учителя, чем тем, чтобы понять наследие учителя в целом ...” (Цыт. паводле Зинченко: Понятие практики и практичности по Г. П. Щедровицкому. Тезисы выступления).
Як кажуць даследчыкі творчасці ГеПе, адной з прычын стварэння 2-тамовага зборніка персаналій ММК (“ММК в лицах”, 1950-1990 гг.), дзе сабраныя каля 250 тэкстаў успамінаў і меркаванняў пра ГеПе і ММК, акрамя чыста навуковай і грамадскай, было імкненне адкараскацца ад прыліпалаў ды авантурыстаў, якія рабілі сабе імя вакол фігуры ГеПе, больш расказваючы пра ягоных трох жонак, каханак ды пра замшавыя пінжакі і кашулі ў клетачку, якія ён так любіў насіць.
Імені нашага Уладзіміра Уладзіміравіча Мацкевіча, на жаль, сярод гэтых 250 няма. Набярыце ў сеціве “Персоналии ММК” або “ММК в лицах”. (Самі па сабе гэтыя тэксты вельмі цікавыя. Праўда, патрабуюць пэўнай падрыхтоўкі і цікаўнасці). Ва ўсіх магчымых “Хто ёсць хто?” ды аўтабіяграфічных даведках пра сябе, якія УМ не лянуецца мультыплікаваць усюды дзе можна, ён паведамляе пра свой удзел у працы ММК. Гэта змясціла і Радыё Свабода на сваім сайце перад online-канферэнцыяй.
Відавочна, прычынай таму - “дыстантнае” захапленне Настаўнікам. УМ так і піша ў сваёй эманацыі-споведзі “Сага об учителях”: “В это десятилетие дистантного учения у ГП я встретил еще и второго Учителя ...” Якія працы Ул. Мацкевіча, напісаныя пад кіраўніцтвам (уплывам) Г.П. Шчадравіцкага, чытаюць сёння людзі? Мала хто што можа пра сябе сказаць!
Канешне, дыпломы доктара ці прафесара няшмат гавораць пра кваліфікацыю ўладальніка. Нават у нашай грознай беларускай атэстацыйнай сістэме можна сустрэць акадэмікаў і дактароў з лагатыпам МАІТ (той, што пры ІК АН РБ). Праўда, ейныя PhD і прафесарскія тытулы нідзе не прызнаюцца. Бачыў я доктарскія і прафесарскія пазнакі гэтай акадэміі на візітках міністраў ураду Кебіча, выдаўца Анатоля Тараса і нават у некаторых нашых дэмакратычных дзеячаў. Гэта -- так званыя “запісныя” акадэміі і акадэмікі, якія ёсць ва ўсім свеце. У тых жа ЗША можна за 100-200 даляраў стаць “акадэмікам”, “адукатарам году”, “чалавекам году” паводле якога-небудзь аналітычнага цэнтра пры ўніверсітэце Х. Гэта ўсё з оперы Videor ergo sum.
Што ў Беларусі ведалі пра ММК і ОДИ да 1994 года?
Тут я іранічна за пункт адліку бяру 1994 год -- год з’яўлення на Беларусі УМ. У 1994 годзе памёр Шчадравіцкі, у гэтым жа годзе на нашы тэрэны прыйшоў ягоны “alter ego”. На ўзроўні “думання” -- безумоўна, сёе-тое пра Шчадравіцкага ведалі. Некаторыя нават сцвярджалі, што разумеюць максімы: “адно думанне - тупік быцця; сапраўднае мысленне і дзейнасць - “бязлюдныя”; сапраўднае мысленне - гэта “мысленне мыслення” і г. д. Асноўная цяжкасць была - манблан грэка-лацінскага наваязу з катэгорыяў філасофіі, логікі, структурнай лінгвістыкі, інфарматыкі, псіхалогіі.
У адліжныя 60-я гады, калі менскія студэнты штурмавалі Дом афіцэраў, ламаючы дзверы, каб папасці на забароненую 13-ю сімфонію Шастаковіча, чыталі па-руску ў копіях ці па-польску з кнігарні “Дружба” Энцэнсбэргера, Маркузэ, Сартра, тыя ж маскоўскія “Хронікі бягучых падзей”, выступы Гольдшыкера (старшыня Саюза пісьменнікаў ЧС) у Morning Star і г. д., копіі лекцый ГеПе і ягоных вучняў з коміксамі, квадрацікамі ды стрэлачкамі былі мала зразумелыя для менскай фронды і тусовак.
З вуснаў у вусны перадаваліся самыя невераемныя гісторыі пра ГеПе і ягоных вучняў. Гаварылі, што пад выглядам ММК і ОДИ-семінараў Шчадравіцкі арганізаваў як бы адкрытую сіянісцка-масонскую ложу, называлі яго нэаплатонікам, нэамакіявелістам і шэрым кардыналам, які, тайна супрацоўнічаючы з лепшымі сіламі КДБ, без рэвалюцый і парламентаў плануе паступова заняць сваімі вучнямі пасады абласных кіраўнікоў за Уралам, а потым прад’явіць ультыматум Маскве.
Я не належаў ні да якой тусоўкі. Быў сам па сабе. Разы два ці тры я схадзіў на “лятучыя лекцыі” Сцёпіна ў політэхнічны інстытут і БДУ. Там жа ўпершыню пачуў імя Лебедзева, які прысутнічаў на лекцыі. Ён пазней з’ехаў у Маскву, у МВТУ імя Баўмана. Зараз жыве ў Штатах. Гэта было, здаецца, ужо на пачатку 70-х. Памятаю з тых лекцый твары Ларысы Чарнышовай, Алега Бембеля [15], Уладзіміра Конана ...
Гаворачы пра Шчадравіцкага, Сцёпін расказваў нешта пра “методологическое оснащение деятельности”, “уровни машинной детерминации”, “управление транляцией информации скрытых уровней”, “эффект материальной импликации” и “туннельный эффект” в сфере образования і да т. п. Можа, я нешта блытаю. Тут магчымыя ўсялякія аберацыі. Пра падобныя штукі гаварыў і прафесар Піятроўскі на сваіх гасцявых лекцыях у ін’язе. Ён таксама ўзгадваў імя Шчадравіцкага. З тых лекцый людзі выходзілі з думкамі пра непазбежныя перамены, якія павінны вось-вось наступіць. Але на душы заставалася нейкая трывога: гаворка не ішла пра шырокую дэмакратычную салідарнасць, будучы парламентарызм ці нешта такое. Раз-пораз чуліся словы “элита”, “планирование будущего”, “интеллектуальный переворот”, “высокая миссия”, “корпоративная салидарность”... Я, канешне, гавару пра сваё адчуванне.
Той, каму ў канцы 60-х -- пачатку 70-х гадоў было гадоў трыццаць (УМ тады, мусіць, яшчэ хадзіў у школу), памятае, як у той час ідэі ГеПе цыркулявалі у папулярным менскім асяродку. Пакуль была зробленая спроба стварыць нешта больш-менш структураванае (“Школа маладых вучоных” па ініцыятыве Сцёпіна, які прывёз Шчадравіцкага ў Менск; здаецца, гэта ўжо быў 1980 год), чытачы Ленінкі і БАН’і памятаюць “лятучыя лекцыі” Кіма Хадзеева [16] , Уладзіміра Конана, Вадзіма Кошкіна, Валера Слабажаніна, Лёні Бейнаровіча [17] ў курылках ды на лесвічных пралётах пра ММК і дысідэнтаў. Гаварылі і пра Шчадравіцкага, і Васіля Бялова (тады з’явіўся раман “Кануны”), пра “Каласы пад сярпом тваім” Ул. Караткевіча. Той жа Кошкін, якога шмат хто ведаў па бюро перакладаў Гандлёвай палаты, у 1968 годзе вывеў на ганак Петразаводскага ўніверсітэта сваіх студэнтаў на мітынг пратэсту супраць уводу войскаў Варшаўскага блоку ў Чэхаславакію. Ён быў загадчыкам кафедры замежных моваў, скандынавіст, выпускнік ЛДУ. Маючы “воўчы білет”, перабіваўся выпадковымі заробкамі, распрадаваў свой кнігазбор. І проста раздаваў “варожую” літаратуру. Ад яго мне дастаўся “Аднамерны чалавек” Маркузэ на французскай мове.
Пра людзей, якія ведалі ГП
З чалавекам, які прымаў удзел у ОДИ-семінарах, кіраваных самім ГеПе, я ўпершыню пазнаёміўся ў 1970 г. у Чалябінску на ўсесаюзнай канферэнцыі “Асаблівасці экспартнай рэкламы”. Тады яшчэ не ўжывалі тэрмін “Кроскультурны мэнэджмэнт”. Гэтым чалавекам быў Юра Сарокін, навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства АН СССР. Мы з ім пасябравалі. Ён гаварыў пра ОДИ-гульні як пра наркотык. Юра, дарэчы, быў выдатны прэферансіст. Я разумеў усё, што ён расказваў пра тыя семінары. На менскіх лекцыях было чамусьці складаней.
СССР быў вялікай краінай, але свет быў цесны. Адна мая даўняя знаёмая (з 1963 году) пасля вывучэння бібліятэкарскай справы ў Ленінградзе працавала сацыёлагам ў АН СССР у Новасібірску, потым у ЦНИОМ у Заслаўскай, а пасля смерці дырэктаркі - у так званым Левада-цэнтры. Яна была закаханая ў ГеПе, пісала дысертацыю пад яго кіраўніцтвам. Уладкаваўшыся (на грамадскіх пачатках) у выдавецкую групу ММК, ездзіла на ОДИ у розныя гарады. Зараз яна жыве ў Ізраілі. Мы перапісваемся. Нядаўна (8 снежня) ейны муж прыслаў з Ізраіля тэкст Грыгар’янца “Чатыры маскі Андрэя Сіняўскага” (241 кб) з некаторымі каментарамі пра разнамаснасць тагачаснага дысідэнцкага руху і адносіны з КДБ.
Асоба ГеПе, паводле маіх знаёмых, - вельмі супярэчлівая і прагматычная.
Здаецца, у 2009 ці ў 2010 годзе яны параілі мне пачытаць успаміны Валерыя Лебедзева “
Игротехника от Щедровицкого до Ходорковского”, дзе сам актыўны ўдзельнік ММК і ОДИ з захапленнем, але і з пэўным скептыцызмам узгадвае: “Организационно-деятельностные игры Щедровицкий, как я уверен, задумал как раз под дальнейшее развитие и реализацию “интеллектуального переворота” в СССР. Пропустить через игры сотни тысяч людей и создать массовый класс своих сторонников. Это будут директора предприятий, начальники цехов, райкомы-горкомы-обкомы, судьи, преподаватели высшей школы, министерские чиновники всех рангов…. Кажется, не было категории населения, которых не охватило бы “игровое движение” самого конца 1970-х - и всех 1980-х годов. Хотя нет, были такие категории - это армия. А также КГБ и МВД. Там, насколько мне известно, ОДИ не проводили. А какой же захват власти без силовиков? Но, возможно, эти системы считались Георгием Петровичем чем-то вроде исполнительных органов. Будет приказ из политических верхов, - те выполнят - и все... Члены “новой Восточной ложи” должны были проникать во все властные структуры. Вступать в партию. Становиться незаменимыми полезными секретарями при “губернаторе”, советниками, заместителями, идти в выборные органы. Но никогда не забывать, кто они и какова их высокая миссия...."
Нават выхад ГП на плошчу ў 1968 годзе як падпісанта “Ліста 170” -- гэта своеасаблівы перформанс на шляху да перабудовы свету “пад сябе”. У інтэрнэце зараз ужо можна прачытаць узгадкі таго ж Рапапорта пра матывы гэтага учынку Настаўніка, які быў не ўсімі прыняты і зразумелы. Шмат хто з сяброў і вучняў гэтым “падстаўляўся” і мусіў потым за гэта мець справу з уладамі. Рапапорт піша: “Я запытаў у ГП, навошта ён усё ж такі падпісаў ліст ...Ён адказаў, што зрабіў гэта з чыста прагматычных меркаванняў, што хутка ў структурах улады ўсё зменіцца і што ён не хоча траціць часу ... і таму адразу, так бы мовіць, вырашыў запісацца ў лагер дысідэнтаў ...”. Далей Рапапорт кажа ад сябе: ”ГП повел эту игру до конца и из примкнувших стал чуть ли не лидером...”
Як “апрадмеціць” метадалогію і “трыяду”? nbsp;
Навошта я пішу пра гэтыя ўспаміны ды знаёмствы? Каб тыя, хто сёння шмат чуе ад УМ пра метадалогію ГП, якая нібыта развіваецца тут далей у нас, крытычна паглядзелі, напрыклад, на тую ж “матэрыялізаваную” метадалогію ў накідах перспектываў у Канцэпцыі “Нацыянальнай платформы” як “алгарытму” змены стану рэчаў у нас тут і цяпер. Яна ж выглядае як колішні партыйны план развіцця народнай гаспадаркі на пяцігодку. Нічога жывога. Адны сіметрычныя фармулёўкі, якія можна зразумець толькі з трэцяга прачытаньня. Калі ў аўтара пытаюцца, якім зместам ён збіраецца напоўніць сярэдні член трыяды “Дэсаветызацыя - Беларусізацыя - Еўрапеізацыя”, ён гневаецца ці пасміхаецца з наіўных прыземленых пытанняў і пачынае разважаць пра “перманентны дыялог у фрэйме дыверсных мэтавых груп”, якія праз кансэнсус “імплікуюць новы змест у нацыянальны дыскурс”. Гэта, маўляў, і сфармуе “шматузроўневую ўстойлівую грамадзянскую супольнасць”.
Але ж перш чым сесці за стол для дыялогу, трэба ведаць, што ты хочаш. У Праграме таго “першага” БНФ “Адраджэнне”, сябрам аргкамітэту якога мне давялося быць, усё было напісана проста і вычарпальна. Гэтую праграму проста трэба выконваць. На пачатку 90-х пачатак быў ужо зроблены. І неблагі! А што ж паводле сістэмамыследзейснаснай метадалогіі? Спачатку дэмакратыя, а толькі потым беларушчына? Так бы мовіць, post hoc...
Па-другое... Можа, важней, чым першае: паводзіны “Настаўніка”. Калі Ул, Мацкевіч, палемізуючы з Анатолем Лябедзькам, расказвае, як ён, Мацкевіч, “рваў міліцэйскія ланцугі” на праспекце, то што гэта - перформанс (“каб быць бачным”, як у выпадку суперніцтва з Багданкевічам) ці ўжо асэнсаваны крок у дзейснае дысідэнства з далёкімі планамі на будучыню стаць лідэрам грамадзянскай супольнасці? Узгадайце адказ Шчадравіцкага Рапапорту. Куды збіраецца “пранікаць” Уладзімір Мацкевіч?
Гэтыя мае развагі не пустыя. На пачатку нататкаў я ўжо ставіў пытанне: як сумясціць высокалобыя метадалагічныя разважанні з практыкай рэальных дзеянняў у грамадзянскай супольнасці? Чым тут “ціснуць” на ўладныя структуры? “Мысленне мыслення” на пасядзёнках “Лятучага універсітэта” разам з В. Акудовічам, які разважае пра гайдэгераўскае Нішто, якое не папярэднічала Быццю, відавочна, не прывядзе нас да апошняга трэцяга складніка трыяды - еўрапеізацыі. Тым больш, што сам УМ кажа, што калі "Акудович почитывает Дериду за завтраком, он еще не живет в Европе".
Адзін мой знаёмы, што хварэе на канспіралогію і чуе, як кашляюць блохі, кажа, што метадалагічна завілыя дакументы тыпу “Нацыянальнай платформы” у стылі ММК нагадваюць аперацыю “Трэст” чэкісцкай контрразведкі супраць Савінкава.
На заключэнне раскажу даволі вядомы анекдот-показку пра Жака Дэрыду. Кажуць, што пасля таго, як дэрыдоўская нэаграфема Differance [18] была ўнесена ў французскі нарматыўны слоўнік як філасофскі тэрмін, ён з гэтай нагоды запрасіў да сябе на вячэру сваю блізкую сяброўку. На вячэры прысутнічала і ягоная маці, што мела на той час ад веку больш за 80 гадоў і мела не надта добры слых. Сяброўка нешта гаварыла, а потым прапанавала тост за навуковыя поспехі Жака і за Differance з літарай “а”. Маці ўважліва прыслухоўвалася, а потым сярдзіта запытала: “Жакі, ты што, дагэтуль не навучыўся пісаць слушна слова difference і пішаш яго з літарай “а”? Гэты анекдот у постмадэрнісцкім дыскурсе добра прачытваецца наадварот: Жак павінен быў бы перайсці ў знакавую сістэму глухаватай маці, каб быць пачутым і растлумачыць “прадуктыўнасць” сваёй нэаграфемы ...
Сп. Ул. Мацкевіч кажа, што яго адзінай прывілеяй ёсць называць рэчы сваімі імёнамі або даваць ім новыя. Як нас вучыць сямейны досвед Жака Дэрыды, тут галоўнае не перастарацца і не страціць сувязь з рэальнасцю, бо Неасвечаны - што глухаваты. А незразумелы код увогуле ўспрымаецца як акустычны шум.
Аднойчы я прысутнічаў на вечаровым пасяджэнні “Лятучага ўніверсітэта” ў “Галерэі Ў” і, папярэдне паглядзеўшы праграму заняткаў на 2013 год, выказаў меркаванне, што варта было б элітарныя даклады трохі спрасціць і прывязаць да рэальнасці, каб прысутныя разумелі сэнс таго, што яны пачуюць. Можна ж сумясціць высокую навуковасць і прывязанасць да надзённасці, як гэта зрабіла ў сваім рэфэраце пра пераклады Бібліі Ірына Дубянецкая. Гэтым я выклікаў на “Ворвіку” хвалю не надта ветлівых папрокаў на адрас майго прымітыўнага “сумрачного германского гения».
Раблю яшчэ адну прапанову. Пачніце наступнае пасяджэнне з размінкі, падаўшы слухачам каманду: “Пераключыце наступны тэзіс з ММК-коду на “прадметны”:
“Методологический дискурс строится поверх ситуации, исчезает из практики рефлексивная инверсия и персонификация, и материализация проблематизации в коммуникативных ситуациях” (З тэзісаў Ул. Мацкевіча да 4-га метадалагічнага кангрэсу. Цытуецца паводле “Утконоса”).
Хто справіцца з заданнем -- таму прыз.
Сонца нам дапаможа ...
Які артэфакт пакіне пасля сябе “мінская школа” Г. П. Шчадравіцкага? Сімулякры маюць уласцівасць знікаць, як толькі пра іх перастаюць гаварыць. Ад іх застаецца мінулае Нішто. Такое ж нішто застанецца і ад універсальнай метадалогіі , паводле аўтараў якой можна паспяхова аналізаваць італьянскі жывапіс 19-га стагоддзя і развіццё касмічнай навукі ў Паўночнай Карэі.
Ubi sunt, qui ante nos in mundo fuere? (Гэта з “Гаўдэамусу”.) Дзе зараз тыя разумнікі-дэмакраты-інтэрнацыяналісты ды “друзья русского народа”, якія ў 80-х тусаваліся ў “Школе маладых вучоных”, “Современнику” ды ў Доме палітасветы, які з лёгкай рукі Алеся Адамовіча тады не зусім гістарычна карэктна называлі “Вандэйскім замкам”? Иных уж нет... А чым жывуць тыя, што не пайшлі ў бізнэс і якіх адсунулі ад карыта нэакамуністычнай улады больш спрытныя маладыя шакалы? Нічога яны не нарадзілі, бо ня мелі каранёў. На іх тэарэтычным азаддзі, скампіляваным з расейскіх перабудовачных мадэляў, нічога не вырасла.
Сёння маладыя беларусы чытаюць Уладзіміра Конана, Мікалая Крукоўскага, Аляксея Рагулю, ходзяць у музей, стваральнай душой якога быў Юры Хадыка. Жыве беларушчына на сайтах і суполках
http://dzietki.org/,
http://by-mova.livejournal.com/,
http://nastaunik.info/,
http://www.adukacyja.info/,
http://arche.by/, у Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Таварыстве беларускай школы, у ліцэі імя Якуба Коласа, у карцінах Алеся Марачкіна, у песьнях Лявона Вольскага, у вершах Генадзя Бураўкіна, у ахвярнай працы такіх падзвіжнікаў, як Зміцер Санько, Валеры Мазынскі, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Віктар Скарабагатаў, Ларыса Сімаковіч, Павел Севярынец, Фёдар Піскуноў, у сем’ях, дзе на ваша тэлефанаванне адкажуць “Дзень добры!” і шмат дзе яшчэ. На гэтай сунічнай паляне свеціць сонца. Тут няма аракулаў, гуру, халоднага чужынскага снабізму. Тут не гуляюць у Беларусь. Яна тут жыве. Яна не шукае шчасця-долі ў віртуальнай прасторы. Як той казаў, hic Rhodus, hic salta! Тут Родас, тут і скачы.
----------------
[15] Аспірант Ул. Конана, аўтар кнігі “Родная мова і мастацка-эстэтычны прагрэс” (выдадзена ў Англіі ў 1985), выключаны з КПСС. Паэтычы псеўданім “Зніч”. Зараз - манах.
[16] Мінскі дысыдэнт, пэўна, найцікавейшая асоба Беларусі ў гуманістычнай сферы як вусны адукатар: філосаф, тэатразнаўца, гісторык, літаратуразнаўца, тэолаг і г. д. Настаўнік моладзі. Ягоная кватэра ў Мінску (Кісялёва 17, кв. 24) стала “лятучай акадэміяй”. У 1948 г. асуджаны на 10 гадоў за адкрыты выступ на студэнцкім сходзе, які павінен быў асудзіць “дактароў-ворагаў народа”. Назваў Сталіна злачынцам, які павінен быць пакараны. Вызвалены ў 1956 г. Працаваў вартаўніком. Зарабляў на жыццё, пішучы дысертацыі.
[17] Абодва - навуковыя супрацоўнікі Інстытута філасофіі.
[18] Дэрыда лічыў, што дзякуючы новаму напісанню слова (“а” замест “е”), якое не ўспрымаецца на слых, можна выказаць спалучаны кшталт (канфігурацыю) паняткаў, не абавязкова вытворных ад зыходнай асновы. “Дыфэранс” з літарай “а” паводле Д. не з’яўляецца адрозненнем лагічным і супярэчлівым у гегелеўскім сэнсе. У амерыканскай постаналітычнай філасофіі, папулярнай зараз сярод беларускіх маладых інтэлектуалаў, ідэя “дыфэрансу” трактуецца як “сацыяльныя адрозненні”, “свабода шматстайнасці” і дае штуршок для даследаванняў тэорыі перформансу, гомасэксуалізму, гендэрных працэсаў і г. д