Videor ergo sum [1]: дэманы віртуальнай прасторы
Філалагічны погляд на інтэрнэт-зорак і лідэраў
Той, каго жыццё змушвала калі-небудзь аказваць “інтэлектуальныя паслугі” (пісаць рэфераты, дысертацыі і да т. п.), ведае, што часам гэты занудны занятак можа даць карысны эўрыстычны імпульс для ўласных зацікаўленняў, якімі на гэты момант жыве сам “падзёншчык”.
Колькі часу таму, акурат у тыя дні, калі нашы лідэры недзяржаўных арганізацый спрачаліся, каму быць лідэрам грамадзянскай супольнасці, да мяне звярнуўся па дапамогу сваяк маіх знаёмых, менскі студэнт-дыстанцыйнік адной маскоўскай ВНУ. Ён выявіўся надзвычай дапытлівым юнаком, які шукае сябе ў псіхіятрыі, піар-тэхналогіях, тэорыі маўленчых паводінаў публічных асобаў і г. д.
“Дыктатура” безальтэрнатыўнага інтэрнэт-маналогу
Тэма гэтага даследавання была часткаю студэнцкай міжнароднай праграмы, фінансаванай Еўразвязам, і таму сфармуляваная цалкам з інтэрнацыяналізмаў: “Інтэрнэт як каталізатар маніфестацыі дэвіяцыйных сіндромаў у безальтэрнатыўных маналогах пасіянарных публічных асобаў (у рэгіянальным праяўленні)”. У перакладзе на звычайную мову гэта можа перадаць так: падобна на тое, што калі тэмпераментная публічная асоба з высокай самаацэнкай гаворыць (піша), не сустракаючы контраргументаў (у інтэрнэце так і ёсць), яе можа “занесці” так, што разрозненыя сімптомы адхіленняў ад “нормы” праявяцца ў выглядзе выразнага сіндрому анамальнасці маўленчых паводзінаў (містыцызм, манія велічы, параноя і г. д.).
Мой госць меў з сабою некалькі кніжачак з бібліятэкі Ул. Падгола “Народны тэлевізар” як узор “безальтэрнатыўнага маналогу”: дыктатар гаворыць “у адзін бок”, ніхто яго не спыняе, таму яго і “заносіць”. Спецыяліст можа рабіць высновы.
Сутнасць гіпотэзы ў планаванай дыпломнай працы была такая: мова (тэкст) пасіянарнай публічнай асобы з высокай самацэнкай у інтэрнэт-прасторы выяўляецца як своеасаблівае “дыктатарства”: яна вырастае сама з сябе, не патрапляючы ў трыкутнік “тэзіс - контраргумент - новы тэзіс”. Таму яна “самаагаляецца”. Такім чынам, інтэрнэт становіцца як бы каталізатарам развіцця дэвіяцыйных маўленчых паводзінаў. І папяровыя выданьні такіх тэкстаў, зробленыя паводле звычак шоў-бізнэсу вонкава прыстойна, хаця часта і без крытычнай рэдактуры, яшчэ больш умацоўваюць самаацэнку аўтара.
Разам з будучым дыпломнікам мы павандравалі па беларускім сеціве і падабралі яму такія-сякія прыклады “пасіянарнага” маналагічнага маўленчага матэрыялу ў тэкставым выглядзе.
Гэты эпізод майго пенсіянерскага быцця даў імпульс для з’яўлення нататкаў, якія прапаную магчымым чытачам майго ЖЖ.
Пошукі формулы
Я паспрабаваў сфармуляваць свае назіранні, як праз інтэрнэт лепяцца вобразы публічных асобаў, як з нічога з’яўляецца нешта, як пераназыванне паняццяў выдаецца за “мысленне”, як стыль перарастае ў змест і г. д.
Як колішняму інжынеру-патэнтазнаўцу мне даводзілася шмат перакладаць патэнтаў з замежных моваў і дапамагаць яшчэ савецкім “наватарам” складаць формулы вынаходніцтва [2].
І дзеля жарту і ўсур’ёз я паспрабаваў скласці кароткую формулу, якая б адлюстроўвала сутнасць працэсу нараджэння “інтэрнэт-зорак”. Мне падалося прыдатным узяць мадэль антычных максімаў на лаціне тыпу cogito ergo sum (Я мыслю, значыць я існую). Атрымалася тое, што вынесена ў загаловак - videor ergo sum (Я бачны, таму я ёсць). Гэта значыць: Сэнс майго існавання - каб пра мяне гаварылі, каб мяне паказвалі. Як толькі гэтага не будзе - я знікну.
Гэтая формула круцілася ў мяне ў галаве [3] як чыста філалагічная знаходка: пасіўная форма дзеяслова videre (бачыць) у 1-й асобе адзіночнага ліку - videor (я бачаны, мяне бачаць). Я быў эмацыйна шчаслівы, знайшоўшы такую формулу. Раней я нідзе яе не сустракаў. Калі нататкі былі ўжо напісаныя, я вырашыў усё ж такі залезці ў лацінскамоўны гугл і спраўдзіць, ці не ўжываў хто нешта падобнае. О, неба! Такі лацінскі выраз ужо ёсць. І прытым у той сферы, куды я хацеў пералезці з чыста лінгвістычных ды сацыяльных назіранняў, - у псіхапаталогіі! На першай старонцы я даю спасылку на гэтую працу. Мне было радасна, што нехта думае так, як я. Але было і крыўдна, што гэта не я прыдумаў. Такое са мной здараецца не першы раз. І ўсе з гэтымі немцамі. Гадоў 25 назад я быў сабраў вялікім стараннем тэксты і ноты гімнаў амаль усіх краін свету, а потым у Гамбургу знайшоў гэта ў кнігарні у адной кніжцы. Ды яшчэ з гісторыямі стварэння тых гімнаў!
Аналітыкі і жыхары сеціва
У электроннай медыяпрасторы “віртуальныя” аналітыкі ды журналісты пачынаюць ацэньваць паводле законаў шоў-бізнэсу не толькі пісьменнікаў ды артыстаў, але таксама інтэлектуалаў, палітыкаў і так званых актывістаў грамадзянскай супольнасьці. Фармальным крытэрам ацэнкі тут, як у навуцы, пачынае лічыцца колькасць “узгадванняў і спасылак”. (Праўда, ў сапраўднай навуцы скандалы і перформансы не ідуць у залік.)
Уласнікі сайтаў, блогеры ды інш. зацікаўленыя “жыхары” сеціва шукаюць не проста асобаў ды падзеі, але “перспектыўныя” stories&events, каб існаваць самім у гэтай прасторы. Калі яны не знаходзяць у віртуальным гумусе аб’ектаў, якія б выклікалі дастаткова “камэнтаў”, -- хай сабе і сумніўнай пробы -- яны самі нешта адпаведнае прыдумляюць. У нас няма, напрыклад, ні навуковых, ні публічных даследаванняў пра тое, як “расце” беларуская частка Вікіпедыі (маю на ўвазе не толькі беларускамоўныя тэксты). Як навязліва і агрэсіўна фармуюцца ў сеціве некаторыя па сутнасці антыбеларускія міфы і стэрэатыпы! Тут таварышы і гаспада не спяць, а лезуць, штурхаюць, прапаноўваюць, крытыкуюць, самі ці з дапамогай прыдуманых сяброў-аднадумцаў аб’яўляць сябе геніямі, лідэрамі, стваральнікамі школаў, рухаў. Не абыходзіцца і без кур’ёзаў.
мест і ўпакоўка
Як правіла, электронны ці папяровы прадукт новых зорак, узрошчаных у віртуальнай гуманістычнай прасторы (часта з вельмі дэмакратычнымі шыльдамі), ды сфармуляваны яшчэ ў тэрмінах постмадэрнізму, імкнецца амаль да абсалютнага нуля, калі яго прааналізаваць метадам выкрэслівання “пустых знакаў” з прычыны адсутнага “лагічнага прэдыкату”. Часам гэты прадукт можа пакідаць прыемны шлейф аўтарскай мазаічнай эрудыцыі, якая на першае ўспрыманьне выклікае захапленне. На выхадзе ж атрымліваецца, па-постмадэрнісцку кажучы, такі салідны, прыгожа ўпакаваны псеўдаактуальны сімулякр. Вельмі далёкі ад прагматыкі і рэчаіснасці, ён застывае дзесьці на ўзроўні філасофскай “наміналізацыі”, калі “новае” ёсць толькі нейкая “трансфармацыя вербальных адзінак на ўзровень новай метамовы”. Самае смешнае, што шмат хто з нармальных людзей, не разумеючы навуковападобнай тарабаршчыны, сарамліва маўчыць, як у той казцы пра голага караля, і стварае світу слухачоў ці “візіцёраў” у сеціве.
Тут на першы план выходзіць не столькі сам прадмет гаворкі, колькі псіхатып новай зоркі з усімі ейнымі комплексамі і з гучнай самахарактарыстыкай (праартыкуляванай ці “імплікаванай”), ейныя схаваныя ці дэклараваныя намеры ў каардынатах “штодзённасці”, якія на птушынай метамове могуць называцца dasein-філасофіяй (“філасофіяй тут і цяпер”) або, пераходзячы на ўзровень папулісцкіх мадэрновых стэрэатыпаў, нават выратавальным “аватарствам”, -- з алюзіяй на вядомы фільм.
Сублімацыя комплексаў
З маім госцем, студэнтам-дыпломнікам, мы вызначылі некалькі тыпаў “агрэсіўных” інтэрнэт-жыхароў, сярод якіх былі “камандныя” пасіянарыі і героі-адзінцы.
Вось прыклад “адзінца”: умоўны тэматычны тып “Сэксі-Рэмба-інтэлектуал" (смешнаваты і мала шкодны для грамадства). Чалавек ад прыроды надзелены талентам па-мастацку ўспрымаць свет, даволі паспяховы па савецка-беларускіх мерках, PhD, пастажыраваўся за мяжой, валодае прыстойна англійскай мовай, напісаў кніжку, не супраць, каб яго называлі “пісьменнік” і г д., але мае пэўныя комплексы. Слаба ведае жыццё, фізічна слабаваты, хоча мець імідж інтэлектуала і крутога “сэлф-мэйд-мэна”, прагрэсіста, амаль апазіцыянера з нацыянальнай арыентацыяй, таму пачынае (зусім паводле Фройда) сублімаваць у бясконцых блогах публічна свае комплексы. Расказвае, як ціскаў дзеўку за калгаснай канторай, як біўся ў школе, як гуляў у хакей: “У мяне нават шнар на левай скроні ёсць!” На нейкім сайце змясціў нават сваю фатаграфію з аголенымі біцэпсамі. Ён, канешне, тэарэтычна думае, што гэта самаіронія. Маўляў, мне да фені, што я не Рэмба. Але гэта -- так званы комплекс двайной сублімацыі. Цікавая эвалюцыя гэтага тыпажа ў адносінах да нацыянальнай ідэнтычнасці. Напачатку кар’еры мог сабе дазволіць вальяжнае крыўлянне на старонках газеты, фінансаванай багатымі дзядзькамі: “Быў у нас такі засцянковы паэт, які вельмі любіў мужыкоў у лапцях...” Потым адчуў трэнд ці яшчэ што і стаў беларусам-інтэлектуалам. Праўда, без комплексаў прым-ард’яльнасці, такім, як, напрыклад, спн. Чарняўская, што на tut.by-video вядзе ток-шоў пра беларушчыну.
Ёсць актывісты з “нікамі”, якія з’яўляюцца на дзясятках сайтаў. Пра матывацыю такой актыўнасці можна толькі здагадвацца.
Ёсьць іншыя псіхатыпы, з іншымі прыроднымі задаткамі. Тыя, што маюць схільнасць да лідэрства, могуць замбаваць кліентуру даволі паспяхова. Асабліва калі стварылі разгалінаваную каманду, якая працуе на лідэра: гоніць хвалю станоўчых водгукаў, ставіць пытанні, арганізуе перадрук на іншыя сайты, адмоўна выказваецца пра апанентаў лідэра, піша на замежных мовах з-за мяжы і правакуе замежных візіцёраў. Як магічны аргумент для заваёвы прыхільнікаў з’яўляецца статыстыка. Хто ж будзе правяраць, колькі разоў цябе “лайкнулі”, колькі прачыталі, колькі лістанулі? Напрыклад, у гэтыя дні блогер/сайт Ворвік паведамляе, што колькасць “паствы” (visitors) на ім склала з чэрвеня 2010 да лістапада 2012 г. 65 377. Уражвае. Каляровы плакацік з гэтымі лічбамі ды сцяжкамі краін свету, дзе чытаюць сайт/блог (іх, здаецца, каля тузіна), паўтараецца, як рэклама, шмат разоў на тэкставых масівах.
Найвышэйшы пілатаж - пашырэнне вобразу лідэра праз Вікіпедыю. Бо ў нас, гома саветыкус, піетэт перад энцыклапедыяй. Мала хто ўяўляе, што Вікіпедыя - гэта не Брытаніка. Пры гэтым асаблівым шыкам лічыцца мадэрнасць выказванняў, “паліткарэктных” стандартаў і топікаў паводле еўрапейскіх трэндаў: гендэрная праблематыка, сэксуальная арыентацыя, постнацыянальны пафас і г. д.
Ну і што, скажаце вы, што тут дрэнага? Няхай людзі забаўляюцца, пішуць на птушынай мове, называюць рамкі “фрэймамі”, выказванне - “трансляцыяй”, мазьню ў рамцы - “тэкстам”, няхай па-постмадэрнісцку перакрочваюць звыклыя звычаёвыя нормы, не саромяцца ўслых вымаўляць слова “вагіна” ў слэнгавай стылістыцы, але на замежнай мове, бо не валодаюць гэтай мовай і не адчуваюць сораму, няхай на выставе дызайну глыбокадумна канстатуюць прагрэс (“нацыянальная ідэнтычнасць перастае быць трэндам”)... Ніхто ж нікога не прымушае лезці ў інтэрнэт-прастору або спампоўваць на паперу тыя несімпатычныя “тэксты”. Навошта трывожыцца? Маўляў, пішучы пра гэтую з’яву ды называючы імёны, мы самі робім рэкламу таму, што нам не падабаецца. Вазьміце хай сабе той жа “Бульбашъ”...
Агульна кажучы, гэта так. Але калі самаабвешчаная зорка, баючыся “кесоннай хваробы”, застаецца сама ў “вадалазным касцюме абстракцый” і, арганізаваўшы сотні “наведванняў” і “спасылак”, аб’яўляе сябе “мультыплікатарам/ адукатарам/ аватарам/ лідэрам” і валадаром думак тых, што мітусяцца наверсе ды спрачаюцца пра свой лёсавызначальны выбар “тут і цяпер”, то такі віртуальны перформанс ужо і не такі бяскрыўдны. Не бяскрыўдны таму, што значная колькасць членаў сённяшняй маладой генерацыі робіць свае запозненыя адкрыцці выключна праз інтэрнэт, не маючы грунтоўных сістэматычных ведаў пасля нашай школы і навучання ў ВНУ.
Апошнім часам у беларускай віртуальнай прасторы пачалі мільгаць імёны філосафаў, літаратараў ды гісторыкаў-публікатараў, якія ў традыцыйнай ды постмадэрнай манеры пачалі “думаць Беларусь” ды мроіць тут і цяпер мультыкультурную дзяржаву з чыста “грамадзянскай нацыяй”, дзе ўласна беларускім будзе ўсё тое, што яны на свой вельмі вучоны мадэрны капыл “імплікуюць у нацыянальны дыскурс” праз “дыялог у фрэйме дыверсных мэтавых груп” як панацэю, што прывядзе гэтыя групы да кансэнсусу ды сфармуе “шматузроўневую ўстойлівую грамадзянскую супольнасць”.
Працяг
тут ---------------------------
[1] “Я бачны, значыць я існую”. У метапсіхалогіі і псіхіятрыі: формула дыягностыкі захворванняў, звязаных з парушэннямі механізмаў ацэнкі ўласнай ідэнтычнасці. У “інтэрнэталогіі” - мадэль свядомага ці падсвядомага стварэння ўласнага іміджу (часта звязанага з захворваннем), так званая “інсцэніроўка ідэнтычнасці”. Гл., напрыклад, Videor ergo sum (Ich werde gesehen, also bin ich). Dr. rer. med., Dipl.-Psych. Martin Altmeyer
Vortrag, 15. April 2002, im Rahmen der 52. Lindauer Psychotherapiewochen 2002 (www.Lptw.de).
[2] Напрыклад: “Двухтактавы рухавік унутранага згарання тыпу Х з вертыкальным прадувам, вызначаецца тым, што з мэтай дасягнення максімальнай магутнасьці ў галоўцы поршня прадугледжаныя два гарызантальныя пазы, размешчаныя і г. д.”
[3] Навеяная была яна, пэўна, чытаннем успамінаў галоўнага мэнэджэра аддзелу распрацоўкі новых мадэляў канцэрну Volkswagen/Audi Даніэля Гёдэвера “Запіскі паспяховага мэнэджэра”. (Пазней Гёдэвер быў мэнэджэрам фонду Гарбачова “Зялены крыж”). З ім мяне пазнаёміў Яўген Будзінас, калі я быў старшынём камісіі замежных справаў у ВС 12-га склікання. У Будзінаса нараджалася ідэя арганізаваць зборку Аudi у Беларусі. У той кніжцы Гёдэвер папулярна расказваў пра гісторыю свайго поспеху, дзе шмат пісаў пра “інсцэніроўку іміджу тавару і прадаўца”.