Сымон Будны (1530-1593)

Nov 21, 2022 11:18


Чаму XVI стагоддзе можна назваць «залатым векам» для Вялікага Княства Літоўскага? Мо таму, што менавіта ў гэты час ва ўмовах пэўнай культурнай і рэлігійнай талерантнасці тут працавалі выбітныя філосафы, друкары і асветнікі. Ні раней, ні пазней такога росквіту кнігі і думак у ВКЛ не будзе. І пярлінай рэлігійных (а іншага тады не было) асветніцтва і філасофіі ВКЛ таго часу з'яўляецца творчасць Сымона Буднага (каля 1530 - 1593 гг.), пратэстантцкага мысліцеля, настаўніка, друкара і пісьменніка.



Паштовая марка Беларусі з выявай помніка С. Буднаму ў Нясвіжы (1993). Крыніца: wikipedia.org

Праца ў Клецку і «Катэхізіс»

Невядома, дзе Сымон Будны нарадзіўся і вырас. Дакладна вядома, што ў 1544 годзе ён вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, магчыма, працягваў адукацю дзесьці ў Еўропе, а ў 1558 па запрашэнні М. Радзівілла Чорнага прыехаў у Вільню, дзе выкладаў на старабеларускай мове катэхізіс у Віленскім пратэстанцкім зборы.  З 1560 г. ён стаў кальвінісцкім прапаведнікам у Клецку. Разам з Л. Крышкоўскім, М. Кавячынскім і яго братамі заснаваў Нясввіжскую друкарню (шмат грошай на яе пабудову даў магнат Астафій Валовіч), дзе ў 1562 выдаў на старабеларускай мове кнігі “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (першая кніга на старабеларускай мове, выдадзеная на тэрыторыі сучаснай Беларусі, да нас не дайшла) і “Катэхізіс”. .



«Катэхізіс...» насамрэч меў доўгую назву: «Катехисис, то естъ, наука стародавняя христианьская, от Светого Писма, для простыхъ людей языка руского въ пытаниах и отказах събрана». У кнізе былі надрукаваны «Прысвячэнне князям Радзівілам» (напісаная С. Будным у сааўтарстве з М. Кавячынскім і Л. Крышкоўскім), «Прадмова да Чытача» і «Пасляслоўе». Выданне мела чатыры асноўныя раздзелы: «Аб дзесяці запаведзях Божых», «Аб веры», «Пра малітву Госпада», «Аб Святых Тайнах».  фактычна стаў кнігай на старабеларускай мове, выдадзенай непасрэдна на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У «Прадмове...» С. Будны непакоіўся адносінамі да  «...славного языка славянского...» вышэйшых колаў ВКЛ, прапаноўваў выкарыстоўваць «Катэхізіс» для навучання дзяцей.



Марка з мастацкага канверта 2012 г., выйшаўшага да 450-годдзя выхаду ў свет "Катэхізіса С. Буднага"

Філасофскія разважанні таго часу прывялі С. Буднага да адмаўлення дагмата Святой Тройцы -  пацвярджэннем стаў ліст ад 1563 да цюрыхскага тэолага Г. Булінгера, дзе С. Будны з пазіцый фармальнай логікі крытыкаваў догмат Тройцы ў каталіцкай і кальвініцскай інтэрпрэтацыі. Светапоглядныя зрухі знайшлі адлюстраванне ўжо ў польскамоўным выданні «Катэхізіса» (Нясвіж, 1563-64), дзе асветнік змясціў крытыку ідэі траістасці Бога. Так С. Будны стаў адным з ідэолагам антытрынітарыяў - радыкальнай плыні Рэфармацыі.

С. Будны працягваў жыць у Клецку, дзе чытаў кнігі заходнееўрапейскіх аўтараў, аналізаваў творы грэчаскіх і лацінскіх апалагетаў хрысціянства, планаваў выдаць свой польскі пераклад Бібліі, больш дасканалы за Берасцейскую 1563 года, але ўсе планы сапсавала смерць магутнага мецэната - Мікалая Радзівіла Чорнага - у 1565 годзе.

У пошуках прытулку

З Клецка Буднаму прыйшлося з'ехаць, і наступныя гады, аж да 1573 года, ён ездзіць па Беларусі па розных кальвінісцкіх абшчынах, не спыняючы перакладчыкую і выдавецкую працу. У чэрвені 1570 ён надрукаваў у Брэсцкай друкарні на сродкі Астафія Валовіча брашуру на лаціне «Аб асноўных догматах веры». У канцы 1570, прыкладна пасля 5-6 год працы С. Будны надрукаваў у Нясвіжскай друкарні Даніэля з Лэнчыцы пад адной вокладкай польскі пераклад Новага Запавету і апокрыфаў на сродкі нясвіжскага старасты Мацея Кавячынскага.

Каля 1571 Сымон Будны пераехаў у  Заслаўе да менскага кашталяна Яна Глябовіча, дзе скончыў у чэрвені 1572 працу над перакладам  кніг Старога Запавету, якія разам з перапрацаваным Новым Запаветам і «Прадмоваю да Чытача» былі надрукаваны Д. Лэнчыцкім, верагодна, ва Уздзе, куды браты Кавячынскія перавезлі колішнюю Нясвіжскую друкарню.

Жыццё ў Лоску

Плённай парою ў творчасці С. Буднага стаў перыяд з 1573 да 1583 г., калі ён жыў у Лоску (сёння вёска Валожынскага раёна Мінскай вобласці) ў магната, прыхільніка арыянаў, Яна Кішкі. Той прыдбаў у Кавячынскіх друкарню, запрасіўшы да сябе і яе кіраўніка Д. Лэнчыцкага. У Лоску С. Будны неадкладна прыступіў да выпраўлення сапсаванага Кавячынскімі польскага перакладу Новага Запавету. Прыкладна праз год надрукаваў яго ў Лоскай друкарні, напісаўшы «Эпіграму на герб Яна Кішкі» і грунтоўную «Прадмову да Чытача».

Рэлігіна-філасофскія погляды С. Буднага былі былі досыць радыкальныя для свайго часу. Так, Будны  абвясціў сапраўдным толькі Бога “Айца”, а Бога “Духа« ператварыў у атрыбут і творчую сілу Бога “Айца”. Хрыста С. Будны выключыў з надсусветнага пачатку, абверг яго боскае паходжанне і прыйшоў да высновы, што ён быў не Богам, а самаадданым прапаведнікам, высокамаральным чалавекам, за што і быў надзелены боскімі ўшанаваннямі. Такія пагляды, канешне, падвяргаліся крытыцы, і ў жніўні 1576 Сымон Будны надрукаваў у Лоску на польскай мове тэалагічны трактат «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры», дзе абгрунтоўваў свае погляды.

Аднак Будны не адмаўляў феадальны лад, нармальна ставіўся да прыгонніцтва, хаця і не падтрымліваў празмерную жорсткасць у дачыненні да сялян. Гэта і нядзіўна, бо апекунамі ягонай творчай і друкарскай працы ўвесь час былі багатыя магнаты ВКЛ, грошы якіх былі вынікам эксплуатацыі прыгонных сялян.

У выніку, С. Будны апынуўся паміж Сцылай і Харыбдай: супраць яго былі і памяркоўныя кальвіністы, і радыкальныя антытрынітарыі, на пратэстанцкіх сінодах з ім вяліся гарачыя спрэчкі. У выніку апанентам удалося абвінаваціць Буднага ў адмаўленні Боскасці Хрыста, і ў 1583 годзе кальвіністу прыйшлося пакінуць Лоск.

Апошнія гады



Скульптура «Дыспут: Цяпінскі і Будны» ва ўнутраным дворыку БДУ (І. Голубеў, 2000). Крыніца: wikipedia.org

Будны не паехаў далёка ад Валожыншчыны, ён знайшоў прытулак, як мяркуецца, у Іўі, дзе мелася кальвініцкая абшчына і акадэмія. Апошнія гады правёў у дварах выпадковых мецэнатаў. Памёр пісьменнік і перакладчык у Вішневе (Валожынскі раён Мінскай вобласці) 13 студзеня 1593 года.

Памяць

Яшчэ ў 1982 годзе ў Нясвіжы Сымону Буднаму быў усталяваны помнік, менавіта ён быў адлюстраваны на паштовай марке 1993 года - тады ў Беларусі адзначалася 400-годдзе смерці асветніка. Скульптурная кампазіцыя, якая паказвае Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага у працэсе дыспута (яны былі знаёмыя пры жыцці), была пастаўлена ў 2000 годзе ва ўнутраным двары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да 450-годдзя выдання «Катэхізіса» у 2012 г. быў прымеркаваны выхад мастацкага канверта з арыгінальнай маркай, а сам твор быў перавыдадзены ў Мінску ў 2005 годзе.

Сымон Будны, кнігадрукаванне, мікалай радзівіл чорны

Previous post Next post
Up