Кірылічнае кнігадрукаванне ў ВКЛ у XVI ст.

Dec 05, 2022 09:47


У нашым віртуальным музеі мы ўжо пісалі пра такіх тытанаў асветніцтва і філасофскай думкі, як першадрукары і пісьменнікі Францыск Скарына, Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Насамрэч распаўсюджванне кнігадрукавання было сапраўднай інфармацыйнай рэвалюцыяй. Яно дало магчымасць хутка і адносна танна распаўсюджваць не толькі свяшчэнныя тэксты (з гэтым якраз спраўляліся перапісчыкі), але і ўласныя думкі і разважанні. Менавіта гэта і рабілі ў сваіх выданнях царкоўных кніг усе вышэйназваныя асобы. Іх ідэі былі падобныя ў адным важным аспекце: Скарына, Будны і Цяпінскі рупіліся аб захаванні старабеларускай («рускай») мовы сярод шырокага кола жыхароў ВКЛ і аб павышэнні іх адукацыйнага ўзроўню. Ну і аб разуменні асноў хрысціянскай рэлігіі, канешне ))) Але каб дамагчыся гэтых мэтаў, патрэбна было выдаць шмат кніг на старабеларускай (ці на старабеларускай і царкоўнаславянскай) мове. Ці адбылося гэта ў ВКЛ?

Насамрэч пасля дзейнасці друкарні Ф. Скарыны ў Вільні ў кнігавыдавецкай справе ў ВКЛ адбыўся значны перапынак, які быў перарваны толькі з'яўленнем пратэстантскіх друкарань, найперш у Вільні, але таксама падобныя ўстановы дзейнічалі ў Брэсце (1550-80-я гг.), Нясвіжы (1562-1571 гг.), Лоску (1572-92 гг.) і магчыма маёнтку Цяпіна. Аднак толькі тры кнігі (С. Буднага «Катэхізіс” і “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” і “Евангелле” В. Цяпінскага) былі выдадзеныя ў пратэстанцкіх друкарнях на старабеларускай мове кірылічным шрыфтам, а звыш 90 % выданняў былі польскамоўнымі.



Увогуле трэба адзначыць, што рэфармацыйны рух моцна паспрыяў працэсу паланізацыі беларускай шляхты. Гэта адбылося насуперак рэфармацыйнай праграме, якая падтрымліва ідэю выкарыстання ў богаслужэнні родных моў насельніцтва і, адпаведна, павышэння іх выкарыстання па-за сценамі збораў. Да канца XVI ст. мовай кальвіністаў ВКЛ стала польская. На гэта паўплывала шмат фактараў: паходжанне першых прапаведнікаў з Польшчы, выкарыстанне польскай мовы пры каралеўскім двары, шлюбы шляхты ВКЛ з прадстаўніцамі польскай шляхты.

Праваслаўнае кнігадрукаванне ВКЛ

Праваслаўныя друкарні ў ВКЛ сваім з'яўленнем абавязаны мецэнатам з магнатаў у меншай меры і брацтвам - аб'яднанням гараджан-вернікаў. Першая падобная друкарня запрацавала ў 1569 г. у  м. Заблудава (цяпер Падляскае ваяводства ў Польшчы). Яна была ўфундаваная магнатам Рыгорам Храбтовічам для друкароў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якія пераехалі ў Заблудаў з Масквы. Фёдаравым і Мсціслаўцам у 1569 г. было выдадзенае на царкоўнаславянскай мове “Евангелле вучыцельнае",  у 1570 г.  І. Фёдараў выдаў  “Псалтыр з Часаслоўцам”, які выкарыстоўваўся ў тыя часы дзеля навучання грамаце. У заблудаўскіх выданнях шырока ўжываліся новая арнаментыка, буйныя фігурныя ксілаграфіі, з’явіўся тытульны ліст з выходнымі дадзенымі.



Помнік Пятру Мсціслаўцу ў Мсціслаўлі (усталяваны ў 2001 г.). Крыніца: wikipedia. org

П. Мсціславец у 1570 г. перабраўся з Заблудава ў Вільню, дзе наладзіў працу друкарні  ў доме віленскіх купцоў братоў Мамонічаў (і на іх грошы). У сярэдзіне 1570-х гг. у гэтай друкарні выйшлі добра аформленыя выданні “Евангелле напрастольнае” (1575), “Псалтыр” (1576), “Часоўнік” (1574-1576 гг.). У 1577 годзе (прыкладна) Пётр Мсціславец пасварыўся з братамі Мамонічамі, у выніку ён перабраўся ў Астрог на Украіне, забраўшы з сабой шрыфты.

Друкарня Мамонічаў аднавіла сваю дзейнасць у 1583 годзе і працавала да 1620-х гг., выпусціўшы за гэты час больш як 50 кірылічных кніг і 35 польскамоўных выданняў. Тут упершыню пачалося выданне школьных падручнікаў новага тыпу, выпускаліся багаслоўскія і літургічныя выданні, публіцыстычныя творы, выданні правовага зместу -  сярод апошніх варта адзначыць тры выданні “Статута ВКЛ“ 1588 г. на старабеларускай мове.



Крыніца: http://history-belarus.com



У Вільні дзейнічала таксама Брацкая праваслаўная друкарня пры Траецкім (пазней Свята-Духаўскім) манастыры (функцыянавала таксама пэўны час у Еўі пад Вільняй), якая выдала ўсяго 74 кнігі. Найбольш вядомыя з іх -   «Наука ку читаню и розумѣню писма словенскаго…» і «Грамматіка словенска...» Лаўрэнція Зізанія (1596). Першае выданне было фактычна першым букваром на ўсходнеславянскіх землях, а другое - першым сістэматычным падручнікам царкоўнаславянскай мовы для школ.

Бясспрэчна, Вільня была цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання ВКЛ. На тэрыторыі ж сучаснай Беларусі яно сканцэнтравалася ў першай палове XVII ст. на Магілёўшчыне, пра што будзе наш наступны пост.

кнігадрукаванне, Пётр Мсціславец

Previous post Next post
Up