Канстанцін (Васіль) Астрожскі (1524-1608)

Nov 19, 2022 14:30





Татарнікаў, П. Дабраверны князь Канстанцiн Васiль Астрожскi. Крыніца: http://tatarnikov.com/by/graphic.html?image=3

Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ з роду князёў Астрожскіх, сын К.І. Астрожскага, вядомага палкаводца і абаронцы праваслаўя ў Княстве, нарадзіўся каля 1524 года ў Тураве, там правёў дзяцінства і юнацтва. Пасля смерці бацькі ў 1530 годзе выхоўваўся маці - Аляксандрай Сямёнаўнай з роду князёў Слуцкіх. У доме бацькоў князь Канстанцін атрымаў добрую адукацыю і выхаванне ў духу адданасці роднай веры і Айчыне. Спачатку атрымаў імя Васіль, але пазней, магчыма з-за павагі да бацькі, змяніў яго на Канстанцін.

Ужо ў 1543-1544 гг. малады Канстанцін-Васіль удзельнічаў у баях з татарамі, з 1550 года стаў маршалкам Валынскай зямлі, з 1559 года - ваяводам кіеўскім.

Люблінскую ўнію 1569 года, вынікам якой стала далучэнне ўкраінскіх зямель да Польшчы, К.-В. Астрожскі не падтрымліваў, але пасля вымушаны быў пагадзіцца з ёю.

К.-В. Астрожскі быў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам Праваслаўя. Ад бацькі князю Канстанціну перайшоў абавязак патранату, апекі над Праваслаўнай Царквой і яе паствай. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. У сваіх уладаннях Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы.



Князь Астрожскі аказваў пастаянную падтрымку школам, якія сталі ўзнікаць у канцы ХVI ст. пры праваслаўных брацтвах; асабліва цесныя адносіны ў яго склаліся з Львоўскай і Віленскай брацкімі школамі. Вядома, што ён заснаваў школы ў Тураве і Слуцку, Уладзіміры-Валынскім і Львове.

У 1570-х гг. князь Канстанцін і заснаваў у родавым маёнтку Астрог праваслаўныя школу і друкарню, якія праславіліся на ўвесь усходнеславянскі свет.



Паштовы блок, выпушчаны ў Беларусі да 400-годдзя спачыну князя Астрожскага ў 2008 годзе. Крыніца: http://history-belarus.by/

Заснаваная каля 1576 г. Астрожска школа, ці акадэмія, як яе называлі сучаснікі, мела трохступенны характар, злучала ў сабе элементарную (пачатковую) і сярэднюю школы, з пачаткамі вышэйшай. У аснову праграмы навучання была пакладзена заходнееўрапейская сістэма «сямі вызваленых навук», вывучаліся граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Галоўная ўвага надавалася вывучэнню грэчаскай і царкоўнаславянскай моваў, выкладаліся таксама філасофія і багаслоўе. Яе выпускнікамі былі вядомыя праваслаўныя дзеячы М. Сматрыцкі, С. Зізаній і іншыя.

У Астрожскай друкарні ў 1581 годзе друкарамі Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам была выдадзена Біблія на царкоўнаславянскай мове, якую стала прынята называць Астрожскай па месцы выдання. У падрыхтоўцы і рэдагаванні свяшчэннага тэкста  актыўны ўдзел браў сам князь, у выніку атрымалася першае друкаванае выданне поўнага біблейскага зводу ў праваслаўнай традыцыі на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай.



Першыя старонкі Астрожскай Бібліі. Крыніца: http://history-belarus.by/

Астрожская Біблія была афіцыйна прызнана Маскоўскім Патрыярхатам і забяспечвала літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу чатырох стагоддзяў. Першае маскоўскае выданне Бібліі 1663 г. было перадрукам Астрожскай Бібліі, яно было пакладзена ў аснову Елізавецінскага выдання 1751 г.



Памятны крыж у гонар К.-В. Астрожскага, усталяваны ў Брэсце ў 2008 годзе. Крыніца: http://history-belarus.by/

К.-В. Астрожскі выступіў супраць заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1596 годзе, умовы якой падаліся яму непрымальнымі для праваслаўнай царквы. Ён быў адным з лідараў антыўніяцкага царкоўнага сабора, што прайшоў у Бярэсці ў кастрычніку 1596 года. Удзельнікі сабора адмовіліся падтрымаць унію, абвясцілі аб вернасці Канстантынопальскаму патрыярхату. У наступныя гады аж да самай сваёй смерці К.-В. Астрожскі вёў барацьбу за правы Праваслаўнай царквы і нават быў прызначаны аляксандрыйскім патрыярхам Мялеціем Пігасам адным з экзархаў для аднаўлення праваслаўнай іерархіі ў Рэчы Паспалітай.

Канстанцін-Васіль не толькі быў мецэнатам і рупліўцам Праваслаўя, яму даводзілся і шмат ваяваць. Так, у 1570-х гг. зноў ягоныя землі непакоілі татары, у 1579 годзе ён у рамках Лівонскай вайны ўдзельнічаў у асадзе Чарнігава (тады належаў Рускай дзяржаве), а ў 1590-х гг. змагаўся з казакамі К. Касінскага і С. Налівайкі.

У шлюбе з маладзейшай яго на 10 год Зоф'яй Тарнаўскай, дачкой кракаўскага ваяводы Яна Тарнаўскага (ажаніліся прыкладна ў 1553 годзе, калі нявесце было 19 год), меў дзвюх дачок і трох сыноў. На жаль, з апошніх бацьку змог перажыць толькі старэйшы сын Іван (Януш), які прыняў каталіцтва, але праваслаўных на сваіх землях не прыцясняў. На Янушы Астрожскім славуты род спыніўся, бо адзіны сын Януша, Ян-Уладзімір, памёр маленькім.

Сам Канстанцін-Васіль памёр 13 лютага 1608 года, ягонае цела было пахавана ў Астрозе ў замкавай царкве. Роўна праз 400 гадоў каля Петрапаўлаўскага сабора ў Мінску усталявалі памятны крыж з надпісам: «Да 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага (1526-1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 года». Так распачаліся святкаванні юбілею князя, які ў гэтым жа годзе атрымаў у Праваслаўнай царве статус дабравернага. Акрамя крыжоў ў Мінску і Берасці, памятныя знакі ў гонар К.-В. Астрожскага з'явіліся ў 2008 годзе у Тарасава пад Мінскам (былы маёнтак князя) і Тураве (маёнтак і меркаванае месца нараджэння).

Канстанцін Астрожскі, кнігадрукаванне, Канстанцін-Васіль Астрожскі

Previous post Next post
Up