Бона Сфорца (1494-1557)

Aug 30, 2022 17:26


Як і пра яе нявестку, Барбару Радзівіл, пра каралеву польскую і вялікую княгіню літоўскую Бону з рода міланскіх герцагаў Сфорца ходзіць шмат чутак і плётак. Найперш, яе вінавацяць у атручэнні той самай Барбары Радзівіл, а таксама князей Мазавецкіх і іх маці Ганны Радзівіл. Акрамя таго, пішуць, што Бона праводзіла вечарыны з маладымі прыгожымі палюбоўнікамі. Дадаць да гэтага ўсяго хцівасць і крыклівасць, і атрымаецца жахлівая істота, ды яшчэ, як пішуць, з роду Медычы )))



Малада Бона Сфорца д'Арагона

Цяжкае дзяцінства і замужжа як вызваленне

Насамрэч, Бона не мела ніякага дачынення да Медычы ))) Яе дзедам быў Галеацца Марыя Сфорца (1444-1476), міланскі герцаг, які меў прынамсі 6 пазашлюбных дзяцей у дадатак да 4 шлюбных, быў жорсткі, хцівы, тыранічны, і ў выніку яго забілі у адным з міланскіх сабораў ))) Ягоны сын Джан Галеацца Сфорца, бацька Боны, з дзяцінства быў у закладніках у роднага дзядзькі Людовіка, у 1488 годзе ажаніўся з неапальскай прынцэсай Ізабэлай, якая нарадзіла яму чатырох дзяцей. Пры гэтым сямейнае жыццё герцагаў Сфорца было кепскім: у Джана Галеацца былі каханкі-мужчыны, і ён амаль паўтары гады не заходзіў у спальню да жонкі, аж пакуль гэтая справа не атрымала пагалоску. Адзінага сына Францыска забраў сабе на выхаванне Людовік Сфорца. У 1494 годзе нарадзілася Бона, названая так у гонар бабкі, і ў тым жа годзе 25-гадовы герцаг памёр. Цяжарная на момант смерці мужа Ізабэла ўжо ў 1495 годзе нарадзіла апошнюю дачку Б'янку Марыю.



Цяжкім было жыццё малой Боны  - нябеспека і нястача грошай, якія ішлі ад Людовіка Сфорца дапаўняліся смерцю: у 1496 годзе памірае 1,5 гадовая сястра Б'янка Марыя, у 1501 - васьмігадовая Іпаліта, брата яна не бачыць ((( Ізабэла шукае прытулку па Італіі разам з Бонай і знаходзіць яго ў 1502 ў горадзе Бары, які калісьці падараваў ёй Людовік. Там двор Ізабэлы Сфорца стаў сапраўдным прытулкам паэтаў і мастакоў эпохі Рэненсансу, што не магло не паўплываць на выхаванне адзінай ацалелай дачкі - Боны.

У 1510 годзе Бона моцна захварэла, Ізабэла малілася і вельмі перажывала за дачку, але тая здолела выздаравець. Ёй было ўжо 16 год, можна было думаць аб шлюбе, і Ізабэлла пачала шукаць жаніха ў Італіі - але ўсё ўпіралася ў пасаг, дакладней, у нежаданне міланскіх улад забяспечыць ім сваю спадчынніцу. У выніку пры пасрэдніцтве Габсбургаў Бону 6 снежня 1517 года ўдалося выдаць замуж за значна старэйшага за яе ўдовага караля Польшчы Жыгімонта Казіміравіча ))) Ну, не за яго асабіста, а за яго прадстаўніка - Станіслава Остроруга, кашталяна калішскага, які быў прадстаўніком караля на шлюбе ў замку Кастэль Капуана каля Неапаля. Ізабэла запрасіла на шлюбную ўрачыстасць усіх італьянскіх арыстакратаў, каго змагла, і абяцала пасаг у 100 тысяч дукатаў чыстам золатам! Што не зробіш, каб аддаць дачку замуж ))) Да мужа, дарэчы, Бона паехала толькі 3 лютага 1518 года, калі зменьшыліся маразы.

Каралева, што любіла грошы



Сучасная карціна з выявай Боны і Міколы Гусоўскага

Разумная і прыгожая маладая каралева хутка атрымала ўплыў на караля Жыгімонта, які ўзрос пасля 1520 года, калі яна нарадзіла доўгачаканага сына, якога фанабэрыста назвалі Жыгімонтам Аўгустам. Аднак Бона хутка зразумела, што кароль у Польшчы і вялікі князь у Вялікім Княстве Літоўскім не вырашае ўсё адзінаўладна. Больш затое, у яго няшмат грошай! А яшчэ не факт, што яе сын будзе манархам суседніх дзяржаў, паяднаных уніяй - бо яго павінны абраць на соймах шляхта і магнаты. Бона неадкладна вырашыла дабіцца дзвюх мэт: значна пабагацець і забяспечыць сыну дзве кароны.

Шлях да першай з мэт

Ужо пасля нараджэння першай дачкі, названай Ізабэлай у гонар маці Боны, ёй падарылі вялікую пушчу на Гродзеншчыне, а таксама Пінскае і Кобрынскае княствы. Затым яна пачала выкупляць землі ў Вялікім Княстве Літоўскім па закладных, некаторыя проста забірала - калі ва ўласнікаў не было дакументаў на зямлю.

У Юрыя Радзівіла Бона выкупіла Гродзенскае староства. У Гродне яна загадала зрабіць вадаправод, забрукаваць вуліцы, заснавала на свае сродкі касцёл Святога Духа ў 1551 годзе (сёння будынкі на вуліцы Савецкай, 14).

Ёй належала яшчэ і Клецкае староства, Рагачоў, Рэчыца, землі ва Украіне… Вялікія ўладанні павінны былі забяспечыць вялікія прыбыткі, аднак Боне не падабалася сістэма падаткаабкладання сялян - яна была непразрыстая і незразумелая. Таму яшчэ ў 1530-я гг. у Пінскім і Кобрынскім староствах усю зямлю падзялілі на адрэзкі (валокі) аднаго памеру і была перагледжана сістэма павіннасцяў - цяпер яны залежалі ад колькасці і якасці зямлі, узятай у арэнду, адразу распісваліся на пяць гадоў, што давала магчымасць сялянам спакойна працаваць.

У канцы 1540-х гг. Бона стала ствараць фальваркі - маёнткі, куда сяляне прыходзілі працаваць са сваімі прыладамі, а зерне адразу ішло ў Заходнюю Еўропу, якой яно было патрэбна з вельмі вялікай колькасці.

Бона ў 1536-1546 гадах здолела атрымаць нагляд за мытнымі палатамі па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, што прыносіла ёй велізарныя прыбыткі.

Але італьянка дбала не толькі і не столькі пра ВКЛ - грошы яны збольшага прысабечвала, і ў выніку назапасіла вялічэзныя багацці, якія вывезла ў 1556 годзе ў Бары, калі канчаткова сапсавала адносіны з сынам-каралём.

Шлях да другой мэты



Кранах Л.-мл. Жыгімонт Аўгуст (крыніца: ru.wikipedia.org)

У 1527 годзе ў выніку падзення з каня каралева заўчасна нарадзіла другога сына Ольбрахта , які памёр у дзень нараджэння . Пасля гэтай падзеі каралева не магла больш мець дзяцей. Жадаючы забяспечыць пераемнасць дынастыі Ягелонаў на польскім троне, Бона вырашыла прымусіць шляхту і магнатаў каранаваць свайго адзінага сына, малалетняга Жыгімонта Аўгуста. Пачала яна з ВКЛ, і ў выніку працяглых перамоў і размеркавання шматлікіх пасад і прыбытковых бенефіцыяў шляхта Вялікага Княства Літоўскага аддала яму вялікакняжацкі пасад (каля 1527-1528 гг.). Затым, у 1530 г., Жыгімонт II Аўгуст быў каранаваны каралём Польшчы. Гэта выклікала вялікае супраціўленне польскіх паноў і прывяло да прыняцця закона аб тым, што наступная каранацыя адбудзецца толькі пасля смерці Жыгімонта Аўгуста і са згоды ўсёй шляхты. Тым не менш, свайго Бона дабілася - 10-гадовы хлопец быў кіраўніком дзяржавы побач з бацькам.

Дзеці і смерць

Бона нарадзіла Жыгімонту Старому чатырох дачок і дзвух сыноў (адзін не выжыў). Замуж пры гэтым яна аддала толькі старэйшую Ізабэлу - у 20 год, у 1539 годзе, яна выйшла за старога угорскага караля Яна Заполію, нарадзіла яму сына і праз два тыдні стала ўдавой. Чаму Бона не дазволіла заключыць дынастычныя шлюбы іншым дачушкам - мы не ведаем. Бона імкнулася кантраляваць сына Жыгімонта, але праз ягоны шлюб з Барбарай Радзівіл страціла з ім добрыя адносіны, якія ўжо не аднавіліся.

Жыла каралева-італьянка з 1544 года ў Варшаве у мазоўскіх землях. Адтуль у 1556 годзе яна з грашыма з'ехала ў родную Італію, дзе праз год была атручаная старастай горада Бары Джанам Ларэнца Папакодам па замове Габсбургаў - надта не хацелі аддаваць ёй пазыку ў 403 тысячы дукатаў. Пахавалі яе там жа ў Бары (а не Неапалі, як яна хацела), і толькі яе дачка Ганна, стаўшы каралевай Рэчы Паспалітай, замовіла прыгожае надмагілле, якое можна бачыць у касцёле святога Мікалая і сёння.

Замест эпілога

Шчыра кажучы, аналіз наяўных матэрыялаў не паказвае, што Бона труціла хоць кагосьці. Мазавецкія князі жылі далёка ад яе, Ганна Мазавецкая памерла ў 46 год (што няшмат, але і нямала), а яе сыны, які пішуць польскамоўныя крыніцы, шмат пілі ((( Ды і там былі іншыя падазроныя: напрыклад, Катажына Радзеювска, жонка плоцкага ваеводы. Хаця казалі, што яе падгаварыла Бона, ды плёткі былі настолькі моцныя, што Жыгімонт І Стары загадаў правесці следства, у выніку якога быў абвешчаны спецыяльны эдыкт ад 9 лютага 1528 г., дзе гаварылася, што князі мазавецкія пакінулі гэты свет не па справе чалавечай, але па волі Госпада Усемагутнага.

Бона ніколі не бачылася і нават не жыла ў адным горадзе з Барбарай, ды і як высветлілі, прычынай смерці апошняй быў рак жаночых органаў.

Такім чынам, праўдай у плётках пра Бону застаецца толькі гісторыя пра яе хцівасць. Знатная італьянка сапраўды была сквапнай, як яе дзед Сфорца )))



Кавалак канала Бона ў Кобрыне (крыніца: https://ru.wikipedia.org/)

Аднак ацэньваць негатыўна дзейнасць Боны Сфорцы д'Арагона не варта. Бона па прыкладу маці імкнулася падтрымліваць творчых асоб: менавіта па яе фундушу надрукавана была «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, яна адпраўляла ахвотную моладзь вучыцца за мяжу, увогуле прынесла шмат заходніх павеваў у культуру Польшчы і ВКЛ. Па яе загаду быў пабудаваны першы ў Беларусі меліяратыўны канал на Кобрыншчыне, названы ў гонар самой каралевы. Менавіта гэты канал і па сёння застаецца адзіным помнікам няўрымслівай італьянцы на тэрыторыі Беларусі.

Мікола Гусоўскі, Бона Сфорца, Барбара Радзівіл

Previous post Next post
Up