Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка

Aug 28, 2022 09:34


Гаворачы аб Нясвіжскім замку, мы згадалі замоўцу ягонай першай каменнай версіі ў стылі рэнессансу - Мікалая Крыштафа Радзівіла па мянушцы Сіротка (1549-1616).

Сын Мікалая Радзівіла Чорнага , правадыра Рэфармацыі ў ВКЛ, развярнуў гісторыю рода (і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага) у зусім іншы бок ад бацькоўскіх планаў. Чаму так сталася?



Дзяцінства і юнацтва

Мікалай быў першым сынам Мікалая Радзвіла і ягонай жонкай Альжбеты з Шыдлоўскіх, польскай шляхцянкі (усяго ў сям'і было 9 дзяцей, 4 сыны і 5 дачок). Маці нарадзіла Мікалая, калі ёй было толькі 16 год. Мянушку Сіротка спадчыннік радзівілаўскіх багаццяў атрымаў згодна з паданнем ад караля Жыгімонта Аўгуста - той пайшоў на дзіцячы енк у радзівілаўскім палацы ў Вільні і ўбачыў у пакоі аднаго маленькага хлопчыка. Кароль знайшоў у суседніх пакоях няньку і запатрабаў неадкладка «супакоіць сіротку» - так ён назваў маленькага Мікалая ))) мянушка засталася на ўсё жыццё.

Мікалая выхоўвалі ў традыцыях кальвінізму, ён вучыўся ў пратэстанцкіх вучэльнях у Нясвіжы і Страсбургу. Падчас жыцця ў Бельгіі Мікалай шмат ліставаўся з бацькам, і з перапіскі бачна, што ў сям'і Радзівілы ўжо ў 1566 годзе размаўлялі па-польску ((( На гэта ўплывалі і шлюбы з польскімі шляхцянкамі (маці Барбары Радзівіл таксама была з Польшчы), матчына мова аказвала моцны ўплыў на дзяцей.



У ВКЛ Сіротка вярнуўся ўжо 1567 годзе (бацьку ў 1565 годзе пахавалі без яго). Акрамя Страсбурга ён трохі павучыўся ў Цюбінгене, наведаў Швейцарыю і Мілан. Мікалай Радзівіл Сіротка ў свае 18 год быў добра адукаваным юнаком: ведаў латынь і нямецкую мову, быў знаёмы з рымскім грамадзянскім правам.

Вяртанне ў ВКЛ

Дакладна невядома чаму, але адразу па вяртанню ў ВКЛ у 1567 годзе Сіротка адрынуў бацькоўскую веру - кальвінізм - і стаў зацятым католікам. Неўзабаве пасля гэтага перадаў Нясвіжскую друкарню свайго бацькі віленскім езуітам. У 1574 годзе М.К. Радзівіл актывізаваў падтрымку контррэфармацыі на сваіх землях: замяняў пратэстанцкіх прапаведнікаў каталіцкімі святарамі; таксама падтрымліваў праваслаўныя цэрквы, але актыўней будаваў касцёлы.



Аблога Пскова 1581-1582 гг. (крыніца: https://i.stena.ee)

У тым жа 1567 годзе Мікалай Радзівіл Сіротка ўключыўся ў Лівонскую вайну і ўзначаліў уласны атрад у Радашковіцкай аперацыі, у 1568 годзе ўдзельнічаў у аблозе Улы. З тае пары М.К. Радзівіл стаў актыўным удзельнікам вайсковых аперацый Лівонскай вайны: у 1579 годзе ўдзельнічаў у аблозе Полацка, дзе быў паранены і атрымаў пасаду вялікага маршалка ВКЛ, у 1581 годзе быў удзельнікам аблогі Пскова.

У 1567-1581 гг. М.К. Радзівіл быў актыўным удзельнікам палітычнага жыцця ВКЛ і наноўстворанай Рэчы Паспалітай. Дарэчы, стварэнне апошняй ён не падтрымаў, быў супраць уваходжання зямель Украіны і Падляшша ў склад Польшчы. Пасля смерці караля Жыгімонта Аўгуста то падтрымліваў кандыдатуру Генрыха Валуа, то Эрнеста Габсбурга на трон Рэчы Паспалітай, але пасля прыняў Стэфана Баторыя.

Усё гэтае бурлівае палітычнае жыццё ў выніку стаміла Мікалай Крыштофа, і ў 1582 годзе з'ехаў у Італію, адкуль рушыў у паломніцтва на Святую зямлю. Па выніках падарожжа ён напісаў на лацінскай мове кнігу «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю», якая ўпершыню выйшла ў 1601 годзе і стала своеасаблівым бестсэлерам свайго часу )))

Дзейнасць у Нясвіжы

Вярнуўшыся на радзіму ў 1583, М.К. Радзівіл засяродзіўся на падтрымцы каталіцтва і адбудове рэзідэнцыі ў Нясвіжы, дзе ад бацькі яму застаўся драўляны замак, а яшчэ ажаніўся ))) у 1584 годзе ягонай выбранніцай стала дачка валынскага ваяводы Альжбета Эўфімія з Вішнявецкіх, якая на момант шлюбу мела толькі 15 год.

Мы ўжо пісалі пра пабудову па замове М.К. Радзівіла каменнага Нясвіжскага замку , але нельга не адзначыць, што менавіта гэты ўладальнік Нясвіжа запрасіў у Беларусь архітэктараў новага тады стылю барока, які ў хуткім часе стане пануючым у каталіцкім дойлідстве рэгіёну.



Касцёл Божага цела ў Нясвіжы (да 1902 г.) (крыніца: https://globustut.by/)

Менавіта ў Нясвіжы  ў 1584-1593 гг. быў пабудаваны першы касцёл у Беларусі (і другі ў свеце) у стылі барока і асвечаны ў гонар Божага цела. Касцёл захаваўся да нашых дзён, а ягоныя падззямеллі сталі сямейным склепам роду Радзівілаў. І Мікалай Радзівіл Сіротка быў першым, чыё цела ў саркафагу там паставілі.

Дадзены касцёл быў езуіцкім,  і да яго ў 1586-1599 гг. быў прыбудаваны калегіюм, дзе вучыліся сыны Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Акрамя езуітаў, у Нясвіжы дзякуючы фундацыям М.К. Радзівіла і ягонай жонкі Альжбеты з Вішнявецкіх заснавалі свае манастырскія комплексы бенедыктынкі (першыя жаночы каталіцкі кляштар у Беларусі) і бернардынцы.  На жаль, да нашых дзён дайшлі толькі асобныя часткі гэтых барочных пабудоваў.

М.К. Радзівіл парупіўся аб атрыманні Нясвіжам Магдэбургскага права - яно з'явілася ў горада ў 1586 годзе, пасля чаго тут з'явілася ратуша з гандлёвымі радамі (моцна перабудаваная, яна ўзвышаецца над месцам і сёння).

Апошнія гады жыцця

М. К. Радзівіл Сіротка фундаваў касцёлы і шпіталі ў не толькі ў Нясвіжы, але і ў іншых сваіх уладаннях: Дуброве, Чарнаўчыцах, Міры, Свержані, Бялай, у апошняй збудаваў замак, які стаў адной з рэзідэнцый роду. У 1579 годзе ён дамогся надання права на самакіраванне для мястэчка Мір, што недалёка ад Нясвіжа.

Па ініцыятыве М. К. Радзівіла і за яго кошт выдадзена ў 1603 годзе першая дакладная карта Вялікага Княства Літоўскага, адным з аўтараў якой з’яўляўся друкар, мастак і гравёр пры двары князя Радзівіла ў Нясвіжы Тамаш Макоўскі.

Ужо ў XVII ст. М. К. Радзівіл атрымаў ваяводы троцкага і віленскага, фактычна дасягнуўшы найвышэйшага ўплыву ў ВКЛ. Шчыры католік, ён падтрымаў Берасцейскую царкоўную ўнію, але не падтрымаў авантуру Ілжэдзмітрыя - мо, быў занадта разумным для гэтага.

Ягонае жыццё азмрочыла смерць жонкі, якая, нарадзіўшы дзевяць дзяцей (трох дачок і шэсць сыноў) памерла ў 1596 годзе, маючы толькі 25 год, сам М.К. Сіротка перажыў жонку на 20 год і больш не ажаніўся. У 1599 і 1600 гадах адна за адной памерлі дзве малодшыя дачкі, а ў 1607 годзе не стала 16-гадовага сына Крыштафа Мікалая, які памёр у італьянскай Балоньі ад болю ў жываце, як напісана на надмагіллі ў касцёле Божага цела ў Нясвіжы. У 1616 годзе там свой зямны шлях завяршыў і Мікалй Крыштаф Радзівіл, пакінуўшы нашчадкам вялікую спадчыну і добрую памяць.

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка

Previous post Next post
Up