Нясвіжскі замак

Aug 25, 2022 08:24


Так сталася, што самым вядомым палацам Беларусі стала не рэзідэнцыя вялікага князя, а сядзіба магнатаў літоўскага паходжання Радзівілаў, адбудаваная імі ў канцы XVI ст. каля колішняга двара Нясвіж Навагрудскага ваяводства. Па праўдзе кажучы, гэта не замак, а палацава-замкавы комплекс - збудаванне, якое мае рысы і шыкоўнага жылля феадала, і выконвае абарончыя функцыі.




Шлях да Радзівілаў

У пачатку XVI ст. Нясвіж нават не быў горадам - гэта быў умацаваны двор, цэнтр воласці Клецкага княства, зараз гарадзішча Замкавішча недалёка ад вёскі Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна. На гэтым гарадзішчы людзі жылі ледзьве не з часоў жалезнага веку, але вялікае паселішча ў балоцістай мясцовасці яны не заснавалі. Усё змянілася, калі двор Нясвіж патрапіў ва ўласнасць магнатаў Кішак - як пасаг Соф'і Мантыгірдавічавай, дачкі папярэдняга ўласніка Нясвіжа Пятра. Яе дачка, Ганна з Кішак, у 1513 годзе выйшла замуж за Яна Радзівіла (Барадатага), які заўчасна памёр у 1522 годзе, пакінуўшы сыноў Мікалая (будзе насіць мянушку Чорны) і Яна.

Падзел пасагу Соф'і Мантыгірдавічавай-Кішкі працягнуўся аж 1533 года, але ў выніку дачце Ганне і яе сынам дасталіся Нясвіж і Алыка (цяпер на Украіне). Абодва паселішча разам з літоўскім Біржаем сталі вядомымі рэзідэнцыямі роду, даўшымі назвы ягоным адгалінаванням.

Драўляны замак Нясвіжа



Стары драўляны замак у Нясвіжы на гравюры Т. Макоўскага ў пачатку XVII ст. Крыніца: https://be.wikipedia.org/

За 3-4 км ад двара Нясвіж, на ўзгорку на месцы сучаснага Старога парку сярод багн ці то мінулыя ўладальнікі Кішкі, а хутчэй за ўсё няўрымслівы Мікалай Радзівіл Чорны пабудавалі драўляны замак. Прынамсі, ў 1551 годзе замак ужо існаваў. Ягоны выгляд можно трохі ўявіць па фрагменту гравюры Макоўскага, размешчанаму вышэй: мяркуючы па дадзенай выяве, замак меў чатырохвугольную форму з чатырма трох'яруснымі вежамі па кутах і ўязной брамай з паўночна-ўсходняга боку. Каля паўднёва-заходняй сцяны стаяў двухпавярховы княжацкі палац, злева ад яго бачны, хутчэй за ўсё, кальвінскі збор, а тэрыторыя ўнутры замку была засаджана дрэвамі.

Калі і выклікаў пан Твардоўскі дух Барбары Радзівіл у Нясвіжы для караля Жыгімонта, то ён мог рабіць гэта толькі ў дадзеным замку ))) хаця Барбара не мела да яго ніякага дачынення і не наведвала.

Затое каля замка адбудаваўся горад - пры Мікалае Радзівіле Чорным Нясвіж засялілі рамеснікі, і ён пераўтварыўся ў цэнтр рэфармацыйнага руху, тут была заснавана друкарня.

Мураваны замак Мікалая Радзівіла Сіроткі



Уяздная брама Нясвіжскага замку

Сын Мікалая Радзівіла Чорнага, Мікалай Крыштоф па мянушцы Сіротка, валодаў ужо велічэзнымі багаццямі ў Рэчы Паспалітай. Пасля вандраванняў па Італіі ён задумаў пабудаваць каля старога драўлянага замка модны каменны палац з  бастыённымі умацаваннямі па так званай новаітальянскай сістэме - у выніку такое збудаванне стала першым на беларускіх землях.

За 1583-1600 гады быў пабудаваны чатырохвугольны замак памерамі 170 х 120 м, акружаны гліняным валам з бастыёнамі па вуглах, сухім абарончым ровам (паступова запоўніўся вадой, і папасці ў замак можна было толькі па доўгім драўляным мосце цераз возера). Умацаванні замка былі прыдатныя для размяшчэння гармат і абароны ваяроў, а таксама будынкаў у цэнтры пляцоўкі: так, вал Нясвіжскага замка засланяў сабой ад абстрэлу ўвесь першы паверх будынкаў.



Фрагмент гравюры Т. Макоўскага з выявай Нясвіжа і Нясвіжскага замка пачатку XVII ст. Крыніца: https://be.wikipedia.org/

Як бачым, першапачаткова тэрыторыю замка забудоўвалі асобна размешчанымі будынкамі. На гравюры бачныя ўязная брама, прылеглыя да яе драўляныя пабудовы, арсенал (які ў рэальнасці пабудавалі значна меншым), трохпавярховы каменны будынак, побач з якім знаходзілася наглядальная вежа і княжацкі палац.

Традыцыйна лічыцца, што пабудову замку даручылі Яну Марыі Бернардоні, італьянцу-езуіту, што прымаў удзел у будаўніцтве славутай каталіцкай царквы Іль-Джэзу ў Рыме. Але дакладна вядома, толькі тое, што Бернардоні прыняў удзел у праектаванні ўнутранага аздаблення палаца - у ягоным альбоме знайшлі праекты камінаў для палаца.

Замак для тытулу

Пасля Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі замкам валодалі ягоныя сыны: Ян Юрый, Альбрэхт і Аляксандр Людвік. Два першых Нясвіжам карысталіся выключна як тытулам сваіх уладанняў - «князь на Алыцы і Нясвіжы» - і як крыніцай даходаў, а самі жылі у Варшаве і Вільні ці рэзідэнцыі Чарнаўчыцы пад Брэстам. Толькі Аляксандр Людвік Радзівіл заняўся дабудовай Нясвіжскага замку.

Па ягонаму загаду ў 40-х гг. XVII ст. да ўязной брамы Нясвіжскага замка былі прыбудаваныя каменныя гаспадарчыя памяшканні, дзе месцілася, напрыклад, замкавая турма,  палац быў злучаны аднапавярховай аркаднай галерэяй з суседнім трохпавярховым будынкам. Другая, сіметрычная першай галерэя, вяла да пабудаванай у гэты ж час другой васьміграннай вежы, якая размяшчалася паміж палацам і арсеналам. Гэтая вежа выкарыстоўвалася як парахавы склад і да нашага часу не захавалася, бо была разбурана падчас швецкага пагрому замка ў 1706 годзе.

Але ні Аляксандр Людвік, ні ягоныя нашчадкі ў XVII ст. у Нясвіжы стала не жылі. Тым больш, у 1654 годзе пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам, на Беларусі стала небяспечна.

У 1654-1660 гг. ад баявых дзеянняў, прычым не столькі рускіх войскаў, сколькі атрадаў родзіча Багуслава Радзівіла, пацярпелі фартыфікацыі Нясвіжскага замка. Міхаіл Казімір Радзівіл, чарговы ўладальнік рэзідэнцыі, атрымаў на аднаўленне фартэцыі грошы ад сойма Рэчы Паспалітай, і ў 1660-1670-я гг. ішлі працы па паляпшэнню яе абарончых якасцей. Фартыфікацыйныя збудаванні замка былі значна ўзмоцнены, бастыёны прыпадняты на 1,5 м і падоўжаны на 7 м, быў дадаткова ўмацаваны ўваход у замак. Але гэта не дапамагло падчас Паўночнай вайны, калі ў 1706 годзе шведскія войскі захапілі Нясвіжскі замак, і на працягу двух тыдняў знішчалі ягоныя ўмацаванні, падарвалі арсенал і замкавую браму.



Выгляд Нясвіжскага замку пры Міхале Казіміры Рыбаньке (макет з музею ў Нясвіжскім палацава-замкавым комплексе). Крыніца: https://be.wikipedia.org

Нясвіжскі замак быў адноўлены ў 20-я гг. XVIII ст., была істотна зменена сістэма фартыфікацыі. Аднаўленне замку ў стылі барокка звязваецца з імём Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, які саступіў малодшаму брату рэзідэнцыю Бялу каля Варшавы, а сам вымушаны быў прыстасаваць да жыцця стары фамільны замак у Нясвіжы.

Пасля перабудовы замку пры Міхале Казіміры Рыбаньке Нясвіжскі палац атрымаў амаль тое аблічча, якое захавалася да нашых дзён і даволі моцна адрозніваўся ад першапачатковага замка Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.

Апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай звязаны з валоданнем Нясвіжам неспакойным Каралем Радзівілам, «Пане Каханку», які ў 1780 годзе ўзяўся за адраджэнне рэзідэнцыі пасля гаспадарання там рускіх войскаў, і зрабіў яе вельмі шыкоўнай, але знешне вялікіх змен у выглядзе палаца не адбылося.

У такім стане ён увайшоў у склад Расійскай імперыі, дзе спазнаў цяжкія часы, знікненне нясвіжскага галіны роду, разбурэнні, адбудовы  і пераўтварэнні. Але гэта зусім іншая гісторыя.

мікалай радзівіл чорны, Нясвіжкі замак

Previous post Next post
Up