Барбара Радзівіл

Aug 17, 2022 15:55





Барбара на партрэце Лукаса Кранаха-малодшага. Крыніца: Вікіпедыя



Самай вядомай вялікай княгіняй літоўскай з'яўляецца, вядома, Барбара з роду Радзівілаў. У памяці нашчадкаў яна засталася найперш як аб'ект моцнага кахання вякіга князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста і ... прывід замка ў Нясвіжы, у якім ні яна, ні яе муж ніколі не былі пры жыцці (каменны палацавы комплекс Мікалай Радзівіл Сіротка пабудаваў у 1583 годзе, калі героі нашага апавядання даўно былі ў лепшым свеце).

Яе жыццё выглядае поўным загадак і таямніц. Але добры аналіз паказвае, што каханне ў ім было, але прывідам Нясвіжа Барбара, канешне, не з'яўляецца.

Ад нараджэння да шлюбу з Жыгімонтам Аўгустам

Барбара нарадзілася 6 снежня 1520, 1522 ці 1523 года ў сям'і Юрыя Радзівіла і Барбары Калянкі, польскай шляхцянкі, нашчадка трэцяй жонкі караля Ягайлы Эльжбеты Пілецкай. Хутчэй за ўсё, радасная падзея адбылася ў Вільні, дзе Радзівілы мелі палацы. Барбара была малодшай з трох дзяцей і яе вельмі любіла маці, прыгажуня Барбара, на якую дачка была вельмі падобная.



18 мая 1537 годзе ў Геранёнах (мажліва, у гатычным касцёле святога Мікалая) яна выйшла замуж за Станіслава Гаштольда, сына канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда. Шлюб быў цалкам дынастычны. Барбару спачатку думалі аддаць замуж за Іллю Астрожскага, але той закахаўся ў пазашлюбную дачку Жыгімонта І Беату Касцелецкую,  а за Гаштольда павінна была выйсці старэйшая сястра Барбары, Ганна. Аднак плёткі аб наяўнасці ў яе дзвух пазашлюбных дзяцей прымусілі Гаштольдаў адмовіцца ад такой нявесты. Пра Барбару такіх плётак не хадзіла, і таму на замену адной сястры на іншую Гаштольды згадзіліся.

Шлюб маладой Барбары з нашмат старэйшым за яе Станіславам Гаштольдам (ён нарадзіўся ў 1507 годзе) быў кароткі і бяздзетны. 18 снежня 1542 года Барбара стала ўдавой. Геранёны адыйшлі ва ўладанне дзяржавы, і вось тут пачынаецца гісторыя блізкага знаёмства Барбары з вялікім князем літоўскім Жыгімонтам.

Пасля смерці мужа Барбара вярнулася жыць у палац да аўдавелай у 1541 годзе маці ў Вільні, і пасля сканчэння траўру стала выязджаць да прыгожага і вясёлага віленскага двара Жыгімонта Аўгуста і ягонай першай жонкі Эльжбеты Габсбург. Там яе пабачыў Жыгімонт і ці то пачаў раман з Барбарай да смерці жонкі ў 1543 годзе, ці то прыстойна глядзеў на яе ў танцах, а заляцацца пачаў толькі пасля сканчэння траўру па Эльжбеце ў 1545 годзе.

Чым захапіла вытанчанага і спешчанага вялікага князя Барбара Радзівіл? Ну, па-першае, яна была маладой і прыгожай жанчынай, у дадатак да гэтага прыемнай у размове і добра выхаванай: яна ведала італьянскую мову, вельмі модную тады ў магнацкім асяроддзі, і нават трохі лацінскую, і ўвогуле была ледзьве не самай прывабнай жанчынай з асяроддзя магнатаў ВКЛ таго часу.



Руіны палаца ў Вільні, дзе жыла Барбара Радзівіл (малюнак Н. Орды). Крыніца: pawet.net

Барбара жыла ў палацы Радзівілаў, што быў недалёка ад каралеўскага замка, там збіралася самая модная моладзь Вільні, было весела і прыемна, і Жыгімонт Аўгуст так часта наведваў яе, што загадаў пабудаваць мост праз Вілію, каб скараціць шлях да палаца Радзівілаў.

Чуткі аб рамане Барбары і Жыгімонта дайшлі да братоў Радзівілаў: Мікалая Рыжага, роднага брата і апекуна Барбары, і Мікалая Чорнага, дваюраднага брата. Яны папрасілі караля больш не прыязджаць да сястры, каб не няславіць яе. Жыгімонт абяцаў, але вельмі сумаваў па Барбары, і калі яна таемна запрасіла яго прыйсці ў яе пакоі, ён згадзіўся. Але там яго чакаў непрыемны сюрпрыз: раптоўна ў пакой зайшлі браты Радзвілы і спыталі, чаму вялікі князь парушыў сваё абяцанне. Жыгімонт у гэтай сітуацыі зрабіў тое, што павінен быў зрабіць сапраўдны рыцар - згадзіўся на шлюб з Барбарай, Радзівілы ж вырашылі не адкладаць справу, ведаючы нетрываласць слова маладога вялікага князя. У той жа вечар ксёндз у дамовай каплічцы Радзівілаў павянчаў пару ў прысутнасці сведкаў: маці Барбары, абодзвух братоў Радзівілаў і сяброў караля: Станіслава Кезгайлы, стольніка літоўскага, і Станіслава Давойны, старасты мярэцкага.

Шлях да польскай кароны і ... смерці

Шлюб з вялікім князем, які адбыўся ў верасні 1547 года, трымалі ў таямніцы, і Барбара працягвала жыць з маці. Пасля першых двух месяцаў шлюбу Жыгімонту Аўгусту трэба было ехаць на сейм у Петркуў, а маладая яго жонка, каб схававацца ад надакучлівай цікаўнасці, вымушана была з'ехаць у Дубінкі, замак Радзівілаў, недалёка ад Вільні. Там, сярод лясоў, гледзячы на вялікае возера, Барбара вельмі хвалявалася: ці не забудзе яе муж, ці не націсне на яго маці з бацькам і паны польскія, каб ён раскідаў шлюб з ёю? Барбара хварэла (магчыма, з-за страты цяжарнасці), пісала лісты да мужа, ледзьве не загінула пры абрушэнні падлогі ў адной з вежаў замка. Жыгімонт, захварэўшы, перастаў пісаць ёй, і бедная жанчына праводзіла дні і ночы ў капліцы Дубінскаўскага замка, малілася, каб супакоіцца. Жыгімонт тымчасам шукаў у Польшчы саюзнікаў, што падтрымаюць яго ў змаганні за права жыць з любай жанчынай. Пасля заканчэння сейма ён прыехаў у Вільню, дзе сутыкнуўся з такім супраціўленнем магнатаў Осціковічаў і Глябовічаў, што нават сам не паехаў у Дубінкі да жонкі, а паслаў ганца з лістом, просячы пачакаць.



Сучасны малюнак закаханай пары. Крыніца: onliner.by

Барбара прыехала ў Вільню ў красавіку 1548 года і спынілася ў палацы маці. Толькі пасля аб'яўлення панам ВКЛ весткі аб смерці бацькі, 17 красавіка 1548 года, Жыгімонт ІІ Аўгуст як поўнавартасны кіраўнік дзяржавы ўрачыста прадставіў Барбару як сваю жонку панам радным, папрасіўшы прывітаць яе належным чынам, а пасля публічна прывёў яе ў пакоі каралеўскага замка і прызначаў ёй свой двор. Але праз дзевяць дзён кароль з'ехаў у Кракаў, пакінуўшы Барбару зноў.

Ёй было цяжка. Магнаткі ВКЛ лічылі Барбару недастойнай такога высокага статусу і не хацелі весці сябе з ёй як з вялікай княгіняй. Барбара вельмі крыўдзілася на недастаткова нізкія паклоны і кпіны за спіной мужу ў лістах. Жыгімонт тым часам пахаваў бацьку і перасварыўся з маткай, каралевай Бонай так, што яна разам з незамужнімі дачкамі з'ехала з Кракава ў Варшаву, каб не бачыць нялюбай няветкі. Барбару ж Жыгімонт у верасні 1548 года паклікаў у Кракаў.

Барбару са сваім дваром на тэрыторыі Польшчы ўрачыста сустракалі польскія магнаты і магнаткі, нават апошняя спадчынніца мазавецкіх князёў Ганна з дачкой Зоф'яй. Жыгімонт сустрэў жонку ў Радаме, адтуль ён у хуткім часе з'ехаў на сейм у Петркув. Там паны пачалі прасіць караля разыйсціся з Барбарай, але той адказваў, што гэта немагчыма. Менавіта там пачуў Жыгімонт, што лепш турэцкі султан сядзеў бы ў Кракаве, чым Барбара Радзівіл, а гнезненск арцыбіскуп Дзержгоўскі прапанаваў падзяліць грэх развода на жыхароў усёй Польшчы. Кароль трымаўся стойка, і паны пайшлі іншым шляхам - яны папрасілі Жыгімонта не каранаваць Барбару. Той задумаўся і запытаўся ў швагра, але Мікалай Радзівіл Руды, што быў разам з сястрой у Радаме, напісаў, што гэта кепска паўплывае на лёс нашчадкаў, і Жыгімонт пакінуў гэтае пытанне пакуль нявырашаным.

Пасля сканчэння сейма сужэнцы нарэшце зноў сустрэліся, і 13 лютага 1549 года Кракаў пышна вітаў маладога караля і ягоную жонку. Аднак  шчаслівага жыцця ў Барбары не атрымлівалася. Супраць яе мовілі розныя жахі жонкі польскіх магнатаў: так, жонка Яна Тарноўскага, кашталяна кракаўскага, казала, каб дачушак сваіх шляхта да двара не дасылала, бо норавы надта распусныя. Барбара зачынялася ў сваіх пакоях на некалькі дзён - яе ўжо непакоіла хвароба, што ў хуткім часе стане прычынай смерці. У канцы ліпеня ў кракаўскім замку адбыўся пажар, які моцна перапужаў Барбару, каб супакоіцца, яна з'ехала да Непаломіц, каралеўскай загараднай рэзідэнцыі.

Барбара вельмі хацела зацяжарыць, але нічога не атрымлівалася. Больш затое, у лютым 1550 года ў баку каралеўскай жонкі знайшлі нейкі пухір, які неўзабаве пачаў расці. У пачатку красавіка 1550 года ў Вільні памерла яе маці, навіна аб гэтым вельмі засмуціла Барбару. Жыгімонт бачыў, як чэзне на ягоных вачах любая жонка, так і не стаўшая каралевай Польшчы. Ён пісаў швагру ў Вільні і прасіў даслаць знахарку, каб вылечыла Барбару. Некая жанчына і сапраўды прыязджала, і Барбары стала нават трохі лепш на некаторы час. Але Жыгімонт зразумеў, што каранацыю жонкі адкладаць надоўга нельга і прызначыў яе на час з'езду васальных князёў у пачатку снежня 1550 года.

9 снежня 1550 года ў вавельскім кафедральным саборы той самы біскуп Дзержгоўскі каранаваў Барбару Радзівіл. На наступны дзень каралева Барбара з вакон палаца Йорлана Спытка ў Кракаве назірала, як яе муж прымае даніну ў васальных князёў. Гэта была адзіная ўрачыстасць, у якой яна паўдзельнічала як каралева Польшчы.



Жыгімонт Аўгуст каля цела Барбары. Крыніца: onliner.by

Хвароба развівалася, і на віншаванні з каранацый Барбара адказвала: «Хутка да іншай кароны пакліча мяне пан Бог...». Ужо ў першых днях сакавіка ў Барбары развілася ліхаманка,  і ўсе разумелі: гэта канец. Каралева Бона паспяшалася напісаць нявестцы прыязны ліст - каб у хуткім часе памірыцца з аўдавелым сынам. Барбара нічога не адказала свякроўцы, і ў красавіку на спецыяльным вазку хворая каралева хацела паехаць у рэзідэнцыю ў Непломіцы, на свежае паветра, але ўжо была не ў стане.

Як добрая каталічка яна прыняла апошні раз Святыя дары і папрасіла мужа, што быў побач, пахаваць яе ў Вільні і ажаніцца другі раз, каб пакінуць нашчадкаў трону.

У выданні 1861 года пра Барбару Радзівіл нічога не гаворыцца ні пра пах, ні пра асабісты ўдзел у доглядзе за жонкай Жыгімонта Аўгуста. Але аўтарка Р. Скальска прыгожа апісала, як перад смерцю Барбара апошні раз абняла мужа за шыю і памалілася за яго. 8 мая 1551 года Барбары Радзівіл не стала. Ці атруціла яе Бона Сфорца? Яны не бачыліся пры жыцці, не жылі разам, таму адказ на гэтае пытанне «не». Верагоднымі прычынамі смерці называюць ці рак жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы, ці праблемы пасля ўжывання тагачасных сродкаў павышэння плоднасці, а можа, і тое, і тое.

Барбара стала прывідам?

Кароль Жыгімонт вельмі смуткаваў па памерлай жонцы, і нягледзячы на просьбы братоў Радзівілаў, пахаваў яе цела ў касцёле святога Станіслава ў Вільні. Цэлы месяц чорныя коні цягнулі гроб з целам каралевы з Кракава ў Вільню, сам кароль ехаў разам з картэжам, пешшу праходзячы кожны горад і вёску, якія яны перасякалі.

Цягам часу да гэтай гісторыі дадалася легенда пра чараўніка Твардоўскага, які нібыта выклікаў дух Барбары па просьбе караля ў Нясвіжскім замку. Але Жыгімонт, пабачыўшы каханую, не стрымаўся і кінуўся да яе, з-за чаго прывід Барбары не вярнуўся на той свет і застаўся бадзяцца па Нясвіжскім палацы як Чорная дама.

Насамрэч,  Твардоўскі ўвогуле быў фальклорным персанажам і не існаваў у рэальнасці. У крыніцах ХІХ стагоддзя, дзе апісана гэтая легенда, Нясвіж увогуле не згадваецца. Можна пагадзіцца з Андрем Блінцом, старэйшым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», што хутчэй за ўсё, легенда пра Чорную панну Нясвіжа -  гэта вынік міфатворчасці ХХ стагоддзя. Аднак гісторыя пра няшчасную каралеву, што сталася прывідам і чакае каханага ў Нясвіжы, так усім спадабалася, што сталася асновай для раманаў, п'ес, мастацкіх фільмаў і шматлікіх артыкулаў у Інтэрнеце.

Бона Сфорца, Барбара Радзівіл

Previous post Next post
Up