Аўтар тэксту Вольга Сітнік. Ідэя ілюстрацый Ганна Сітнік. Дзякуй за натхненне маім дзецям, мужу і матулі. Дзякуй за веру маім брату і сястры. Дзякуй за падтрымку маім сябрам.
Гэта Пака, а гэта Мака. Яны нарадзіліся ў адным горадзе, у адзін дзень і нават у адну хвіліну. А ўсё таму, што яны двайняткі. Цяпер яны заўсёды разам.
Добра, калі ты не адзін.
Раніцай у нядзелю з кухні смачна пахне блінцамі. Пака ласуецца з маслам, а Мака са згушчонкай. Мама яшчэ спіць, а дзеці ўжо пад'елі.
Добра, калі тата дома.
Ля крамы прадаюць паветраныя шарыкі. Усе рознакаляровыя, усе прыгожыя. Макін любімы колер чырвоны. Пакін любімы колер сіні.
Добра, калі ёсць выбар.
Прыехалі на пляцоўку. Пака рыецца ў пясочку. Мака гушкаецца на арэлях. Весела гуляць на свежым паветры.
Добра, калі надвор’е сонечнае.
Мака стамілася несці ляльку. Пака прапануе падвезці яе на бегавеліку. Ляльцы падабаецца ехаць. Мака хутчэй ідзе з пустымі рукамі.
Добра, калі брат дужы.
Пака думае, што на рамонак дзьмухаюць. Мама тлумачыць, што дзьмухаюць на дзьмухавец, а на рамонку гадаюць, любіць, ці не любіць. Пака сказаў, што любіць, а Мака сказала, што не любіць.
Добра, калі няма сумневаў.
Пака разбіў каленку. Мака шкадуе яго і нясе пластыр са смоўжыкам. Каленка ўжо амаль не баліць. Пака ўжо амаль не плача.
Добра, калі сястра побач.
У доме госці. Пака і хлопчыкі катаюць машынкі. Мака і дзяўчынкі гуляюць у краму. Смех і жарты з кожнага пакоя.
Добра, калі ёсць сябры.
Нідзе няма Макі. Нідзе няма Пакі. Толькі з шафы чуваць “ку-ку”. Толькі з-за канапы тырчыць нага. Мама гукае і ходзіць па пакоі. Усе знайшліся!
Добра, калі матуля ведае, дзе яе дзеці.
Тата на працы. Мама мые посуд. Сумна адным. Прыйшла са школы Гануська і пачала гульню. Пака рыцар, Мака дракон, а Гануська прынцэса ў вежы.
Добра, калі старэйшая сястра чараўніца.
Тата купіў цукеркі. Узялі па адной тата, мама, Пака, Мака і Гануська. Усім хапіла, усім смачна.
Добра, калі сям’я вялікая.
Па двары ходзіць котка. Пака нясе сподачак. Мака лье малако. Кошка палову з’есць сама, а палову аддасць кацяняткам.
Добра, калі цябе даглядаюць.
Прыехала ў госці бабуля. У яе парасон, бо на вуліцы дождж. Можна напекчы аладак і чытаць кніжкі, а на двор не ісці.
Добра, калі ёсць дом.
Уначы ў доме цішыня. Спяць бацькі і дзеці. Пака і Мака ўсміхаюцца ў сне.
Добра, калі цябе любяць.