Перамены

Feb 09, 2014 21:07

Рамонт у кватэры пакаціўся па інэрцыі і ў віртуальную прастору - ён перанёс жаданьне ўсё перарабіць, каб стала лепш, і ў благасфэру.

Па-першае, я зьмяніла дызайн свайго блога, каб яго было зручна праглядаць ня толькі ў фрэндстужцы. Спадзяюся, цяпер мае тэксты і фоты будуць відаць праз любы браўзэр неабрэзанымі і незаслоненымі ніякай трасцай.

Па-другое, мяне моцна ўразіла часовае блакаваньне ЖЧ у мінулыя выходныя. Я ўжо паказвала, што на некаторыя сайты я і раней не магла зайсьці, а тут здарылася так, што я не змагла зайсьці ў ЖЧ, і прычына была ўказаная дакладна: "Доступ ограничен по решению суда или по другим основаниям...". Але зранку выявілася, што кіраўніцтва ЖЧ апэратыўна выдаліла блогі тых карыстальнікаў, празь якіх сайт быў заблакаваны. Дзякуючы гэтаму ЖЧ зноў запрацаваў.


Уяўляеце: нейкі чалавек пісаў гадамі, укладаў душу, час, нэрвы - і быў пэўны, што "напісанае застанецца". А цяпер - дулю табе! - ягоны блог цалкам зьнішчаны. Нездарма ЖЧ выкупілі расейцы - цяпер яны будуць выдаляць блогі ўсіх, каго захочуць. Прышыць камусьці абвінавачаньні ў экстрэмізме - гэта ім як плюнуць. А калі і "нашсукінсын" папросіць іх "выпилить" блогі тых, каго захочуць нашыя шаўкі, то можна не сумнявацца - выпілуюць.
Гэх, не падабаецца мне такі паварот падзеяў!
А раптам сустрэла спасылку на гэты пост, дык адразу вырашыла зарэгістравацца на сайце Dreamwidth, каб, калі што якое, раптам ня зьнік бясьсьледна мой - хай сабе сякі-такі, але ўсё ж мой - бложык. Няхай мае допісы захоўваюцца яшчэ дзе-небудзь, тым больш што імпартаваць іх, разам са сьпісам сяброў, на Dreamwidth вельмі лёгка - некалькімі клікамі мышкі. Безумоўна, я люблю ЖЧ (тут склалася прыемнае асяродзьдзе) і не зьбіраюся адсюль сыходзіць (прынамсі пакуль). Але раптам ЖЧ зноў заблакуюць? І тады пачнецца "чысьцілішча". Ня ведаю, як я адрэагую на гэта, але нешта мне падказвае, што хай будзе копія.
ЗЫ. Калі што, дык там мой нік у трохі усечаным варыянце - galinaed. Весялейшы нік :) Будзьма знаёмыя!

ЖЖызьнь

Previous post Next post
Up